У Курскай вобласьці трэці дзень ідуць баі. Улады рэгіёну заявілі пра 7 зьбітых ракет і 6 дронаў

Пашкоджаны дом у горадзе Суджа ў Курскай вобласьці Расеі, фота апублікаванае выканаўцам абавязкаў кіраўніка рэгіёну Аляксеем Сьмірновым

У Курскай вобласьці трэці дзень працягваюцца баі. Раніцай 8 жніўня выканаўца абавязкаў кіраўніка рэгіёну Аляксей Сьмірноў заявіў, што сродкі СПА зьбілі над вобласьцю 7 ракет і 6 бесьпілётнікаў. На працягу ночы ў Курскай вобласьці рэжым ракетнай небясьпекі абвяшчалі некалькі разоў.

Мінабароны Расеі пры гэтым сьцьвярджае, што ўначы і раніцай 8 жніўня сыстэмы СПА зьнішчылі над Курскай вобласьцю шэсьць дронаў і пяць ракет. Яшчэ 14 бесьпілётнікаў, паводле ведамства, зьбілі над Белгарадзкай вобласьцю.

Паводле чарговай зводкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны, украінскія войскі маглі рушыць наперад на 10 кілямэтраў углыб тэрыторыі Курскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: украінскія войскі прасунуліся на 10 кілямэтраў углыб Курскай вобласьці Расеі

Паводле інфармацыі блізкага да расейскага Мінабароны тэлеграм-канала «Рыбарь», украінскія вайскоўцы занялі заходнюю палову горада Суджы, і цяпер лінія баявога судотыку праходзіць па раёне дамбы ў нізіне, дзе працякае невялікая рэчка Суджа. Адзначаецца, што з расейскага боку гэты ўчастак абараняюць у асноўным «атрады мясцовага апалчэньня». Праваенны тэлеграм-канал сьцьвярджае, што цяпер «колькасьць украінскіх фармаваньняў, запасы вайсковай тэхнікі на напрамку і ваенны патэнцыял ня вычарпаныя».

Расейскі тэлеграм-канал «Два майора», крытычна настроены да Мінабароны Расеі, зазначае, што «становішча складанае», а ўкраінскія войскі задзейнічаюць «больш буйныя сілы, чым ацэньвалася раней». Напярэдадні канал сьцьвярджаў, што ў Курскую вобласьць увайшла брыгада УСУ, гэта значыць ня менш за тысячу чалавек.

Паводле зьвестак канала «Два майора», УСУ падышлі да пасёлку Коранева, дзе іх «з боем спынілі». Пра тое, што на подступах да Коранева ідуць баі, таксама паведамляюць «Рыбарь» і іншыя праваенныя тэлеграм-каналы.

Раніцай 8 жніўня Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што расейскія вайскоўцы працягваюць баявыя дзеяньні супраць украінскай арміі ў Курскай вобласьці. Падразьдзяленьні групоўкі войскаў «Поўнач» разам з ФСБ «працягваюць зьнішчаць узброеныя фармаваньні УСУ ў Суджанскім і Коранеўскім раёнах Курскай вобласьці, якія непасрэдна прымыкаюць да расейска-ўкраінскай мяжы», гаворыцца ў паведамленьні. Расейскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што на працягу содняў прасоўваньня УСУ не дапусьцілі.

Белы дом заявіў пра намер зьвязвацца з украінскімі вайскоўцамі, каб спытаць іх пра мэты атак на Курскую вобласьць, паведаміла прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан-П’ер і дадала, што Вашынгтон зьбіраецца працягваць падтрымліваць Кіеў. Раней прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер адзначыў, што Ўкраіна мае права самастойна вызначаць, якія апэрацыі праводзіць і і якія мэты перасьледаваць.

  • У Курскай вобласьці з раніцы 6 жніўня ідуць баі. Як паведаміў на наступны дзень кіраўнік расейскага Генштабу Валерый Герасімаў, рэгіён атакавалі ўкраінскія сілы колькасьцю да тысячы чалавек.
  • 7 жніўня Герасімаў далажыў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну, што прасоўваньне ўкраінскіх сіл у рэгіёне спыненае. Аднак праваенныя Z-каналы сьцьвярджаюць адваротнае.
  • У Курскай вобласьці абвешчаны рэжым надзвычайнай сытуацыі, праводзіцца эвакуацыя мясцовых жыхароў. Паводле апошніх зьвестак Міністэрства аховы здароўя Расеі на 7 жніўня, падчас атак пацярпеў 31 чалавек. Курскія ўлады паведамлялі пра пяць загінулых.
  • Украінскі бок афіцыйна не камэнтаваў падзеі ў Курскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курскай вобласьці другі дзень ідуць баі, увялі рэжым надзвычайнай сытуацыі. Пуцін правёў тэрміновую нараду