Як паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя, продажы ліпеня 2024 году перавысілі продажы ліпеня мінулага году больш чым у 2,5 раза. А сумарныя продажы 25 071 новых аўтамабіляў за 7 месяцаў сёлета ўжо практычна дасягнулі выніковых лічбаў за ўвесь 2023 год.
У апошнія месяцы пачалі дзейнічаць строгія абмежаваньні на ўвоз аўтамабіляў у Беларусь з аб’ёмам рухавіка больш за 1,5 літра, гібрыды і электрамабілі. Гэтая забарона істотна ўскладніла імпарт транспартных сродкаў фізычнымі асобамі, у тым ліку ўжываных аўтаў.
Разумеючы сытуацыю, афіцыйныя дылеры БАА імкнуцца насыціць рынак новымі даступнымі аўтамабілямі, што ўжо відаць з вынікаў продажаў апошняга месяца. Гэтая тэндэнцыя будзе ўзмацняцца і, пры ўмове захаваньня цяперашніх умоваў для вытворчасьці й імпарту, штомесячныя продажы новых аўтамабіляў у Беларусі могуць дасягнуць 9000 адзінак, адзначаюць у БАА.
За 7 месяцаў амаль у 10 разоў павялічылася колькасьць прададзеных электрамабіляў, агулам гэта 1261 адзінак. Прычынай росту попыту на іх, на думку адмыслоўцаў БАА, ёсьць рост колькасьці прапановаў продажу электрамабіляў з павялічаным запасам ходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскую кампанію аштрафавалі на 13,6 мільёна эўра за экспарт аўтамабіляў у Беларусь у абыход санкцыяў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона беларускіх машын у Літве, сакратары ў «дармаедзкіх камісіях». Што зьменіцца для беларусаў з 1 жніўня