Расейскія карыстальнікі сэрвісу YouTube з 1 жніўня масава скардзяцца на праблемы з доступам: відэа прайграюцца вельмі павольна ці не прайграюцца зусім. За суткі — 14 тысяч скаргаў на падобныя праблемы.
Карпарацыя Google, якой належыць відэагостынг YouTube, абвергла сваю датычнасьць да гэтых праблем. Расейскія чыноўнікі скідаюць адказнасьць на знос сэрвэраў Google, якія кампанія перастала абслугоўваць пасьля пачатку вайны. Да 2022 году ў Расеі працавала 700 такіх сэрвэраў, да канца 2023 году іх засталося 450, пішуць расейскія незалежныя СМІ.
Пры гэтым пра магчымыя збоі ў YouTube расейскія чыноўнікі і апэратары пачалі паведамляць яшчэ ў ліпені. Разьбіраемся, ці можа гэта распаўсюдзіцца на Беларусь і чым можа нашкодзіць.
Як «тармозяць» YouTube і ці магчыма гэта ў Беларусі
Экспэрт Human Constanta на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, пра тэхнічныя абставіны запавольваньня відэагостынгу. Ён лічыць малаверагоднай афіцыйную вэрсію расейскіх уладаў пра выхад са строю сэрвэраў Google.
«У афіцыйную вэрсію ніхто ня верыць. Другая вэрсія, што гэта адбываецца праз адмысловае абсталяваньне (сыстэма супрацьдзеяньня пагрозам). Гэтая сыстэма дазваляе рабіць лякальны інтэрнэт, нават калі Расея адключыць сябе ад глябальнага інтэрнэту. Гэта зьнешні фільтар, празь які можна кантраляваць трафік. Паводле адной з вэрсій, гэта кантралюецца незалежна ад правайдэраў», — кажа суразмоўца.
Гэтае абсталяваньне заснаванае на тэхналёгіі DPI, яно аналізуе зашыфраваны трафік, разумее тып гэтага трафіку, і калі гэта відэа з google-сэрвісаў, то яго можна абмежаваць.
«Наўмысна губляюцца пакеты, пры нібыта дасяжных сэрвэрах не стае хуткасьці», — зважае экспэрт.
Яшчэ адна вэрсія — што запавольваньне робіцца праз правайдэраў сувязі паасобку, але з такой жа тэхналёгіяй.
У Беларусі пакуль невядома пра праблемы з доступам да відэагостынгу YouTube. Паводле экспэрта, запаволенасьць беларусы могуць адчуць праз асаблівасьці трафіку.
«Тэарэтычна гэта можа адбівацца на Беларусі. Такое было, калі сайт блякавалі ў Расеі, а ў Беларусі ён таксама не адкрываўся, хоць такой забароны няма. Аднак у Беларусі ёсьць свае сэрвэры, і гэта залежыць ад маршрутызацыі», — кажа суразмоўца.
Тэхнічна падобную тэхналёгію могуць прымяніць і ў Беларусі ці зрабіць яшчэ горш. Для гэтага ёсьць і абсталяваньне, і кантроль зьнешніх шлюзаў.
«У Расеі пра блякаваньне і неабходнасьць змагацца з YouTube кажуць даўно. У іх ёсьць нібыта альтэрнатывы: RuTube і VK Видео. Аднак паводле якасьці і колькасьці кантэнту яны ня могуць замяніць сусьветны відэагостынг. У Беларусі нават не спрабавалі стварыць падобную сыстэму. Калі ў Беларусі заблякаваць YouTube, застануцца толькі расейскія сэрвісы. Калі альтэрнатывы няма, няясна, з чым застануцца беларускія карыстальнікі і прапагандысты», — мяркуе экспэрт.
На ягоную думку, адключэньне ці запавольваньне відэагостынгу ў Беларусі — не тэхнічнае, а палітычнае пытаньне. Тэхнічна гэта магчыма. Штомесячная аўдыторыя YouTube — 2,5 мільярда карыстальнікаў штомесяц, расейскага RuTube — толькі каля 40 мільёнаў.
«У Беларусі ёсьць прамое падключэньне»
Паводле мэдыяаналітыка Міхаіла Дарашэвіча, калі доступ запаволяць толькі ў Расеі, то на доступ у Беларусі гэта ня моцна паўплывае.
«У Беларусі ёсьць амаль прамое падключэньне да пунктаў абмену трафікам у Нямеччыне, у Амстэрдаме. То бок ёсьць шанец, што на Беларусі гэта не адаб’ецца», — мяркуе Міхаіл Дарашэвіч.
Таксама ён зьвяртае ўвагу, што ў Расеі існуюць свае аналягі YouTube і ў гэта ўліваюцца вялікія грошы. У Беларусі ж толькі анансавалі лякальны праект «Видео.бел», куды плянуюць заліваць толькі кантэнт дзяржаўных СМІ.
Пра стварэньне такога сэрвісу некалькі дзён таму заявіла гендырэктарка дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА Ірына Акуловіч.
«Беларускія дзяржаўныя мэдыя яшчэ і заліваюць вялікую колькасьць свайго кантэнту на YouTube. У чэрвені 5 самых буйных каналаў беларускай прапаганды залілі больш за 1400 відэа. Можна прыняць хуткае рашэньне і рабіць рэзкія рухі, але навошта тады было траціць высілкі на заліваньне гэтага кантэнту? Яўна стратэгія іншая», — дадае Міхаіл Дарашэвіч.
У Беларусі ўжо былі праблемы з доступам да YouTube падчас апошняга навагодняга выступу Сьвятланы Ціханоўскай. Тады сэрвіс не заблякавалі цалкам, а запаволілі шляхам так званага «шэйпінгу» — звужэньня паласы пропуску дадзеных. Гэта выклікае праблемы з доступам не ўва ўсіх абанэнтаў, а ў некаторых праца сэрвісу толькі запавольваецца.
«Гэта нежаданьне нейкага загадзя анансаванага кантэнту. Гэта не запавольваньне праз выкарыстаньне адмысловага абсталяваньня, а звужэньне паласы пропуску. Тут уратуе проста VPN ці іншыя тэхналёгіі абыходу блякаваньня. Аднак гэта абмежаваньне доступу да канкрэтнага відэа», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.
Аднак ён дадае, што як расейскія, так і беларускія ўлады могуць паступіць нечакана і абмежаваць доступ да сэрвісу пад узьдзеяньнем нейкіх падзей.
«Беларускія ўлады могуць таксама затармазіць YouTube»
У Беларусі ёсьць тэхнічныя рашэньні для запавольваньня і блякаваньня YouTube, мяркуе галоўны рэдактар парталу Reform.news і суаўтар YouTube-канала «Саша, что ты несешь?!» Фёдар Паўлючэнка. І гэта можа адбыцца, бо пры адключэньні сэрвісу ў Расеі ён стане менш карысны для беларускай прапаганды.
«Беларуская прапаганда выкарыстоўвалася як рэтрансьлятар расейскай для распаўсюджваньня ў YouTube, бо расейскую там заблякавалі раней. Яны масава акучвалі расейскую аўдыторыю. Цяпер, калі расейскія ўлады прынялі рашэньне абмежаваць сэрвіс, такі інструмэнт ня вельмі цікавы. Цяпер для беларускай прапаганды няма сэнсу змагацца за YouTube, бо яны там прайгралі, а зараз яшчэ і можа быць адрэзаны пласт расейскай аўдыторыі», — мяркуе Фёдар Паўлючэнка.
Паводле дасьледаваньня парталу factcheck.by, праведзенага ў чэрвені, выходзіць, што на многіх каналах беларускай прапаганды бальшыня падпісчыкаў з Расеі. Напрыклад, БелТА — 58,1%, АТН: Новости Беларуси и мира — 53,7%, СБ ТВ — 63,4%.
Паўлючэнка прыводзіць прыклад з «посьпехам» беларускай прапаганды ў YouTube.
«Нядзельны выпуск выніковай праграмы на АНТ. Галоўнай праграмы. Яна зьбірае за некалькі гадзін пасьля публікацыі 200–300 праглядаў. Такога ня можа быць, калі ў цябе больш за мільён падпісчыкаў. Гэта значыць, што ўсё накручана, і калі канчаюцца грошы на рэкляму і набыцьцё ботаў, гэтыя паказчыкі бачныя», — дадае Паўлючэнка.
9–12 жніўня 2020 году ў Беларусі спрабавалі цалкам блякаваць інтэрнэт. Не працавалі мэсэнджары, сайты і сацыяльныя сеткі. Паводле дадзеных няўрадавай арганізацыі NetBlocks, гэтае блякаваньне доўжылася 61 гадзіну, што магло каштаваць 141 мільёна даляраў. Пры гэтым інтэрнэт, хоць часткова і зь перабоямі, быў дасяжны праз VPN і ананімайзэры.