Нямецкая авіякампанія прыпыніла палёты ў Іран, Ізраіль, Ірак і Лібан на фоне росту напружанасьці на Блізкім Усходзе.
«Грунтуючыся на бягучым аналізе бясьпекі, Lufthansa Group зноў карэктуе свае паслугі на Блізкім Усходзе», — гаворыцца ў заяве авіякампаніі 7 жніўня.
«Усе рэйсы ў Амман, Бэйрут, Эрбіль, Тэгеран і Тэль-Авіў і адтуль прыпыненыя да 13 жніўня ўключна».
Lufthansa дадала, што білеты на гэтыя рэйсы можна здаць або памяняць задарма.
Напружанасць у рэгіёне абвастрылася на фоне вайны Ізраілю ў Газе і забойства на мінулым тыдні ў Тэгеране Ісмаіла Ханіі, аднаго зь лідэраў палестынскага руху ХАМАС, які разглядаецца Злучанымі Штатамі і Эўрапейскім Зьвязам як тэрарыстычная арганізацыя. З тэрыторыі Лібану «Хезбала» апошнімі днямі вядзе актыўны абстрэл ізраільскай тэрыторыі.
Кіраўніцтва Ізраілю раней заяўляла, што не выключае таго, што вайна пачнецца. У сваю чаргу, урад Лібану адзначаў, што спрабуе не дапусьціць атакі «Хезбалы» на паўднёвага суседа. «Хезбала» — шыіцкая радыкальная ісламісцкая групоўка, якую падтрымлівае і фінансуе Іран.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хезбала» абстраляла поўнач Ізраілю з «Кацюшаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Лібану заявіў, што хоча перадухіліць атаку «Хезбалы» на Ізраіль