Лідэр ісламісцкай групоўкі «Хезбала», прызнанай тэрарыстычнай у ЗША, Хасан Насрала заявіў, што нядаўнія дзеяньні Ізраілю не застануцца без «рашучага і эфэктыўнага» адказу. Заява зробленая на фоне асьцярогаў аб пачатку поўнамаштабнай вайны ў рэгіёне.
На працягу некалькіх месяцаў Ізраіль і групоўка «Хезбала», якая базуецца ў Лібане, рэгулярна абменьваліся ўдарамі ў раёне мяжы, у выніку якіх загінула шмат людзей. 27 ліпеня з тэрыторыі Лібану ракетамі абстралялі падкантрольныя Ізраілю Галянскія вышыні. У выніку гэтага абстрэлу загінулі 12 чалавек, у тым ліку дзеці.
Напружаньне толькі ўзмацнілася пасьля таго, як у выніку ізраільскага ўдару па прыгарадзе Бэйруту быў забіты высокапастаўлены камандзір «Хезбалы» Фуад Шукр, а ў Тэгеране ў выніку ўдару загінуў палітычны лідэр ХАМАС Ісмаіл Ханія (палестынская групоўка ХАМАС прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе).
Іран зьяўляецца галоўным саюзьнікам «Хезбалы», а сама лібанская групоўка — ключавым чальцом так званай «восі супраціву» Ірану — разрозьненай сеткі ваенізаваных груповак, якія дапамагаюць ёй супрацьстаяць Ізраілю і ЗША.
Тэгеран «лічыць сябе абавязаным адказаць, і супернік чакае ў стане найвялікшага страху», заявіў Хасан Насрала ў тэлезвароце 6 жніўня. Ён дадаў, што «Хезбала» адкажа «ў адзіночку ці ў кантэксьце адзінага адказу ўсіх груповак у рэгіёне, якія падтрымлівае Іран».
Ізраіль ня браў на сябе адказнасьць за сьмерць Шукра і Ханіі.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 5 жніўня назваў тое, што адбываецца, «крытычным момантам» для рэгіёну і заявіў, што Вашынгтон «актыўна займаецца дыпляматыяй, практычна кругласуткава», каб дапамагчы разрадзіць напружанасьць. Гэтая заява была зробленая на фоне асьцярогаў, што Іран рыхтуе ўдар у адказ па Ізраілі ў сувязі з забойствам Ханіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Лібану заявіў, што хоча перадухіліць атаку «Хезбалы» на Ізраіль ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў аб’екты «Хезбалы» ў Лібане ў адказ на ўдар па футбольным полі, які забіў 12 маладзёнаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае забойства лідэра ХАМАС для перамоваў аб спыненьні вайны ў Газе