Навіны палітвязьняў: анархіста Аліневіча перавялі зь лякарні ў турму

Ігар Аліневіч, архіўнае фота

Па стане на 6 жніўня ў Беларусі 1388 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных паводле палітычных матываў можа быць большай.

Палітзьняволенага анархіста Ігара Аліневіча, асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня, зь лякарні вярнулі ў турму ў Жодзіне, паведаміў 6 жніўня тэлеграм-канал анархістаў «Право на восстание».

Пра тое, што Аліневіч трапіў у шпіталь у Калядзічах, стала вядома 2 ліпеня. Якія праблемы са здароўем выявілі ў палітвязьня і чаму яго зьмясьцілі ў шпіталь, дасюль не вядома.

Напрыканцы траўня паведамлялі, што Аліневіча зьмясьцілі ў ШЫЗА. Раней яму неаднаразова прызначалі такое пакараньне. На знак пратэсту Аліневіч трымаў галадоўку.

  • Ігар Аліневіч — актывіст анархічнага руху. Яго затрымалі ў кастрычніку 2020 году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы.
  • 22 сьнежня 2021 году Менскі абласны суд прызначыў анархістам Ігару Аліневічу і Сяргею Раманаву — па 20 гадоў калёніі, Дзьмітрыю Разановічу — 19 гадоў калёніі, Дзьмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў калёніі. Суд зь першага паседжаньня праходзіў у закрытым рэжыме.
  • Іх абвінавацілі паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэксу «Тэрарызм», а таксама паводле артыкула 295 «Незаконнае абарачэньне зброі». Палітвязьням паставілі ў віну падпал чатырох аўтамабіляў каля будынку пракуратуры ў Салігорску і мясцовага аддзяленьня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў.
  • Праз час пасьля прысуду Аліневіча этапавалі з мазырскай калёніі ў жодзінскую турму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» выйшла на ўкраінскай мове
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Штомесяц сядзяць у ШЫЗА». Навіны ад анархістаў Аліневіча і Емяльянава, якіх трымаюць у самых строгіх турмах