Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Штомесяц сядзяць у ШЫЗА». Навіны ад анархістаў Аліневіча і Емяльянава, якіх трымаюць у самых строгіх турмах


Ігар Аліневіч. Архіўнае фота
Ігар Аліневіч. Архіўнае фота

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1482 чалавекі. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Анархіста Ігара Аліневіча другі год трымаюць у турме №8 у Жодзіне. Зьвесткі пра яго зь вязьніцы даходзяць, але іх вельмі мала, бо кантактаваньне зь ім усяляк абмяжоўваюць, мяркуе дасьведчаная крыніца.

«Трымаюць яго не ў адзіночнай камэры, але ўсё роўна сытуацыя з сувязьзю складаная. Кожны месяц сядзіць у ШЫЗА. Званкоў і перадач, у тым ліку мэдычных, пазбаўлены. Лісты да яго даходзяць, але толькі ад сваякоў. І то зь пераменным посьпехам», — паведаміла крыніца, зьвязаная з сваякамі Ігара Аліневіча.

У канцы верасьня Ігару Аліневічу споўнілася 40 гадоў. Пакуль сваякі ня ведаюць, ці атрымаў ён ад іх віншаваньне з круглай датай. Мінулы дзень народзінаў Ігар Аліневіч сустрэў у ШЫЗА.

«Але з тых лістоў, што даходзяць, вядома, што ён не зламаўся, бадзёры, як заўсёды», — кажа крыніца.

Актывіста анархісцкага руху Ігара Аліневіча затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі 29 кастрычніка 2020 году ў складзе групы аднадумцаў «Чёрное знамя», якая, паводле суду, учыніла на тэрыторыі Беларусі шэраг падпалаў будынкаў і аўтамабіляў сілавікоў. Вядома, што на судзе анархісты не адмаўляліся ад сваіх дзеяньняў, называючы іх «супрацівам рэжыму». Працэс над Ігарам Аліневічам, а таксама Сяргеем Раманавым, Дзьмітрыем Дубоўскім і Дзьмітрыем Разановічам праходзіў у закрытым рэжыме. На судзе падсудныя заявілі пра катаваньні пасьля арышту. У сьнежні 2021 году Ігара Аліневіча асудзілі за тэрарызм і незаконныя дзеяньні са зброяй на 20 гадоў пазбаўленьня волі ў турме строгага рэжыму.

Мікіта Емяльянаў сядзіць у адзіночцы

Актывіста анархісцкага руху Мікіту Емяльянава трымаюць за кратамі ўжо чатыры гады, зь іх тры апошнія ён на турэмным рэжыме. Адзін час сядзеў у магілёўскай турме, з гэтага году — у турме № 1 у Горадні.

«У камэры ён адзін. На здароўе ня скардзіцца. Перапіска толькі зь сям’ёй. Настрой нармальны. Трапляў у ШЫЗА. Карыстаецца турэмнай бібліятэкай, але яму дагэтуль не перадалі кнігі, якія заказаў празь Белкнігу. Чатыры месяцы тыя кнігі ляжаць непадалёк ад турмы, у краме, але да яго іх не давозяць», — расказала маці Мікіты Емяльянава Настасься.

Паводле крыніцы, у Мікіты Емяльянава зноў узьнікла праблема з наведваньнем сьвятара.

«Адміністрацыя ўстановы проста ня хоча пускаць туды сьвятара каталіцкай канфэсіі».

З 2019 году Мікіта Емяльянаў адбываў прысуд у 4 гады зьняволеньня за тое, што кінуў слоік з чарнілам у будынак Менгарсуду і спрабаваў падпаліць дзьверы СІЗА на вуліцы Валадарскага. На пачатку 2022 году Мікіту Емяльянаву дадалі да тэрміну яшчэ 2 гады паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу — за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».

«Неўзабаве будзе 20 кастрычніка — чатыры гады, як Мікіта ў палоне. Цяпер нікога з палітычных у турмах няма, хто б ужо 4 гады адседзеў. Яшчэ засталося больш за два гады, але, папраўдзе, гэтая дата ніякага сэнсу ня мае. Бо калі абрынецца рэжым, то Мікіта выйдзе неўзабаве. А калі рэжам будзе трымацца, то гэтая карусэль з 411-м артыкулам можа быць бясконцай», — мяркуе маці Мікіты Емяльянава.

Напярэдадні 14 кастрычніка ад палітвязьня прыйшла віншавальная паштоўка з Днём маці.

Праваабаронцы Беларусі прызналі анархістаў Ігара Аліневіча і Мікіту Емяльянава палітвязьнямі, спаслаўшыся на закрытасьць судоў і выракі, відавочна непрапарцыйныя правапарушэньню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG