Журналістка Алсу Курмашава адзначыла, што ўзімку і ўвесну ніякіх зрухаў па яе справе не было.
«І раптам мае судовыя працэсы сталі прысьпешваць, і гэта было прыкметай таго, што нешта можа адбывацца. Але я заўсёды верыла, што абмен адбудзецца, я заўсёды ведала, што над гэтым працуюць крок за крокам, маленькімі, асьцярожнымі крокамі, гэта была мая адзіная надзея. У адваротным выпадку — турэмнае зьняволеньне на шэсьць з паловай гадоў. Для журналіста — гэта абсурдны прысуд».
Сустрэча ў аэрапорце зь сям’ёй, паводле Алсу Курмашавай, была самым шчасьлівым момантам:
«Я ўяўляла ў марах, як гэта будзе. Вядома, гэта перасягнула ўсе мае чаканьні, але гэта быў самы шчасьлівы момант. Да апошняга я не магла паверыць, што гэта адбываецца, бо ўсё магло пайсьці ня так, таму што ўвесь працэс трымалі ў сакрэце. І вось гэта здарылася. І з таго часу мы ня можам перастаць абдымаць адно аднаго».
Курмашава адзначыла, што ўвесь гэты час яна марыла пра першую шклянку вады, першы чысты душ у гатэлі, першы сон у прыстойным ложку; пасьля вяртаньня ёй таксама ўдалося пагуляць самой — без назіраньня і без нагляду.
«Але я не злуюся. Я нікога не ненавіджу. Я адчуваю нейкае шкадаваньне. Я адчуваю спачуваньне, што людзі павінны былі рабіць тую працу, якую яны рабілі. Гэтыя судзьдзі, сьледчыя, афіцэры, наглядчыкі. Але ў мяне сапраўды няма злосьці», — дадала яна.
Муж журналісткі Павел Буторын падкрэсьліў, што на працягу многіх месяцаў Алсу Курмашова была пазбаўленая элемэнтарнай чалавечай годнасьці.
«Цяпер гэты кашмар скончыўся. І хутка скончыцца для іншых журналістаў Радыё Свабода, якія знаходзяцца ў несправядлівым зьняволеньні ў Беларусі і ў Расеі, у акупаваным Крыме. Ніводная сям’я не павінна праходзіць праз такое, і асабліва сем’і журналістаў. Журналістыка — гэта не злачынства. Алсу — не злачынца. Я неверагодна шчасьлівы, што яна вярнулася», — адзначыў ён.
Алсу Курмашава таксама падзякавала ўсім яе абаронцам, уключаючы ўрад ЗША, Камітэт па абароне журналістаў, калегаў з Радыё Свабода і ўсе групы па абароне свабоды прэсы.
Курмашава, якая мае падвойнае грамадзянства Расеі і ЗША, правяла ў зьняволеньні ў Расеі 288 дзён. 19 ліпеня Вярхоўны суд Татарстану прызнаў яе вінаватай у нібыта распаўсюджваньні «ваенных фэйкаў». Яе вызвалілі ў межах вялікага абмену паміж краінамі Захаду і Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 288 дзён несвабоды. Вызваленая ў выніку абмену журналістка Радыё Свабода Алсу Курмашава вяртаецца дадому ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Нямеччыны назваў сустрэчу зь вязьнямі зь Беларусі і Расеі кранальнаю. Курмашава, Гершковіч і Ўілан ужо ў ЗША