Рада Эўрапейскага Зьвязу з 5 жніўня ўвяла абмежаваньні супраць 28 грамадзян Беларусі «за іх ролю ўва ўнутраных рэпрэсіях і парушэньнях правоў чалавека».
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, абмежавальныя захады ўвялі супраць двух намесьнікаў начальнікаў Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных справаў (ГУБАЗіК).
«Сёньняшні сьпіс уключае розных прадстаўнікоў судовай сыстэмы, а менавіта пракурораў і шматлікіх судзьдзяў, якія выносілі палітычна матываваныя рашэньні, у тым ліку датычна да грамадзян, якія выступалі супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе ці проста выказвалі ўласную думку супраць рэжыму Лукашэнкі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Апроч таго, у санкцыйныя сьпісы ўключылі кіраўнікоў папраўчых установаў (турмаў і сьледчых ізалятараў).
«Нарэшце, у сьпіс уключана таксама група доўгатэрміновых прыхільнікаў Лукашэнкі, якія атрымоўвалі выгады ад рэжыму. Сярод іх генэральны дырэктар найбуйнейшага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва — Беларускага тэлеграфнага агенцтва (БелТА) Ірына Акуловіч, вядоўца праекту „Сенат“ на тэлеканале СТВ і старшыня Маладзёжнага савету пры Нацыянальным сходзе Мікіта Рачылоўскі; ранейшы кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі і доўгатэрміновы дырэктар БелТА Дзьмітры Жук», — адзначаецца ў паведамленьні.
Гэтыя «прапагандысты сьвядома падаюць беларускаму грамадзтву ілжывую інфармацыю пра рэпрэсіі, якія праводзяць дзяржаўныя структуры, распаўсюджваюць дэзынфармацыю як ад беларускіх, так і ад расейскіх уладаў, і распальваюць варожасьць у дачыненьні да дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хоча знайсьці «шляхі супрацы з Эўразьвязам»
Агулам абмежавальныя меры ЭЗ у дачыненні Беларусі закранаюць цяпер 261 фізычную асобу і 37 юрыдычных асобаў. Асобы, якіх уключылі ў санкцыйны сьпіс 5 жніўня, трапляюць пад замарожваньне актываў і забарону на атрыманьне сродкаў ад грамадзянаў і кампаніяў у ЭЗ. Фізычным асобам забараняюць паездкі на тэрыторыю ЭЗ і транзытам праз эўрапейскія краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз забараніў закупкі мэблі зь Беларусі