Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз забараніў закупкі мэблі зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Беларуская мэбля
Ілюстрацыйнае фота. Беларуская мэбля

Згодна з новым пакетам санкцыяў, прынятым у чэрвені, Эўразьвяз больш ня будзе закупляць мэблю ў Беларусі, заўважыла некамэрцыйная арганізацыя Earthsight, якая праводзіць расьсьледаваньні для выяўленьня экалягічных і сацыяльных злачынстваў.

Паводле Earthsight, пад санкцыі ЭЗ падпала фактычна ўся мэбля, акрамя мэдычнай.

Як падлічылі ў Earthsight, толькі за год (з красавіка 2023 па красавік 2024 году) ЭЗ закупіў беларускай драўлянай мэблі на суму больш як 112 мільёнаў эўра, а з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну — агулам на суму больш за чвэрць мільярда эўра. У апошнія месяцы асноўнымі пунктамі ўвозу гэтай прадукцыі былі Нямеччына і Польшча, за імі ідуць Літва і Румынія, адзначае Earthsight.

Згодна з рэзалюцыяй ЭЗ, для кантрактаў, заключаных да 1 ліпеня 2024 году, забарона ня будзе прымяняцца да 2 кастрычніка 2024 году.

Як адзначае Earthsight, беларуская мэбля, якую набываў ЭЗ, сярод іншага, вядомая сваёй сувязьзю з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі: акрамя прадпрыемстваў, яе таксама вырабляюць у беларускіх турмах, у тым ліку палітвязьні, з прымяненьнем катаваньняў, а дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы закупляюць прадукцыю з гэтых турмаў.

Раней сёлета Earthsight далучылася да беларускіх праваабарончых групаў і вядучых дзеячоў апазыцыі, запатрабаваўшы ад міжнароднага лідэра сэртыфікацыі ў сфэры лясной гаспадаркі FSC, чые знакі якасьці стаяць на мэблі, вырабленай у турмах Беларусі з прымяненьнем катаваньняў, расьсьледаваць абставіны выдачы сэртыфікатаў.

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар знайшоў 8 такіх калёній, якія прадавалі мэблю і іншую прадукцыю, што выраблялі зьняволеныя, у тым ліку асуджаныя па палітычных артыкулах. Сэртыфікаты ў іх адклікалі ў 2021-м.

На сайце дзяржаўнага прадпрыемства «№ 5» (папраўчая калёнія ў Івацэвічах) дагэтуль пазначана, што яны пастаўляюць мэблю ў краіны ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG