Віктар Шэйман, які прынамсі з 1994 году застаецца адным з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі, заявіў, што заходнія краіны пачалі больш актыўна фінансаваць «апазыцыю» Беларусі з 2001 году.
«Выбары прайшлі ў нас: 1994 год, наступныя былі ў 2001 годзе, і вось, пачынаючы з 2001 году, калі яны актыўна пачалі фінансаваць апазыцыю, надаваць адпаведную дапамогу — пачалі ствараць адпаведныя няўрадавыя арганізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, рыхтаваць актывістаў апазыцыі і ў Варшаве, і ў Вільні, і ў Брусэлі», — заявіў Віктар Шэйман у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1».
Паводле яго, ужо тады стала заўважна, як «пачынаюць паварочваць».
«Іх надзвычай не задавальняла, у першую чаргу, наша стаўленьне да Расеі», — падкрэсьліў ён.
У сувязі з гэтым Віктар Шэйман згадаў свой візыт у ЗША ў красавіку 1995 году, калі яго прынялі міністар абароны, дырэктар ФБР і намесьнік дзяржаўнага сакратара.
«На ўсіх гэтых сустрэчах яўна пэдалявалі, і ў той пэрыяд іх не цікавілі ні свабода слова, ні дэмакратыя, іх цікавіла першае — нашыя дачыненьні з Расеяй, як яны будуць складацца, нашае стаўленьне да ядзернай зброі — мы яе выводзім ці не выводзім, калі выводзім, то чаму ў Расею. Далей — зноў жа наша палітыка ў будучыні, якая яна будзе: калектыўная дамова з Расеяй і іншымі дзяржавамі. Гэта яўна выпіналася, была зацікаўленасьць», — сьцьвярджае ён.
Паводле яго, адміністрацыі ЗША таксама не падабаліся намеры Беларусі пакінуць расейскія базы на сваёй тэрыторыі.
«Гэта быў 1995 год. З таго часу пачаліся нейкія рэчы ў стварэньні прэсінгу датычна Рэспублікі Беларусі, потым гэта вылілася ў адпаведныя санкцыі, потым, у тым ліку, у такія непрыемныя рэчы, якія спрабавалі рэалізаваць у эканоміцы, каб недзе нашыя эканамічныя інтарэсы падарваць», — заявіў Віктар Шэйман.
Чым вядомы Віктар Шэйман
Віктар Шэйман быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі з 1990 да 1994 году, працаваў сакратаром парлямэнцкай камісіі нацыянальнай бясьпекі, абароны і барацьбы з злачыннасьцю.
З 1994-га — найбліжэйшы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сваёй перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах апошні прызначыў Віктара Шэймана дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі.
Пасьля звальненьня Юрыя Захаранкі, з кастрычніка да сьнежня 1995 году, Віктар Шэйман выконваў абвязкі міністра ўнутраных справаў.
Але ў сьнежні 1995 году зноў вярнуўся на пасаду дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі, дзе працаваў да лістапада 2000 году.
Зь лістапада 2000-га да лістапада 2004-га працаваў генэральным пракурорам. На гэтай пасадзе ён зьмяніў Алега Бажэлку, які спрабаваў расьсьледаваць справу зьніклых апазыцыйных палітыкаў і журналістаў.
У лістападзе 2004 году ён ачоліў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Гэта адбылося ўжо пасьля шэрагу скандалаў, зьвязаных з «эскадронамі сьмерці» і расстрэльным пісталетам. На гэтай пасадзе ён стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы вылучэньня Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2006 году, а пасьля іх зноў вярнуўся на пасаду дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі.
На пасадзе дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі ён ачольваў беларускую частку супольнай з Вэнэсуэлай (краіну тады ачольваў Уга Чавэс. — РС) супольнай камісіі высокага ўзроўню для супрацы.
У ліпені 2008 году Лукашэнка звольніў Шэймана з Савету бясьпекі праз выбух у Менску ў часе сьвяткаваньня Дня незалежнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня першая трагедыя на Дзень Рэспублікі. Як адбыўся выбух у 2008 годзеПазьней стала вядома, што Шэйман застаўся працаваць памочнікам Лукашэнкі «для асаблівых даручэньняў».
У студзені 2013 году Лукашэнка прызначыў яго кіраўніком Кіраўніцтва справамі. На гэтай пасадзе ён апекаваўся беларускімі праектамі ў Афрыцы.
Віктар Шэйман фігуруе ў некалькіх журналісцкіх расьсьледаваньнях стварэньня бізнэс-імпэрыі, заснаванай на кантрабандзе і шэрых схемах, якая працавала ў інтарэсах сям’і Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла расьсьледаваньне пра шэры бізнэс і раскошнае жыцьцё паплечнікаў Шэймана