Падчас канфэрэнцыі дэмакратычныя сілы падпісалі пратакол, паводле якога Сьвятлана Ціханоўская застаецца нацыянальнай лідэркай да правядзеньня сумленных выбараў у Беларусі ці пакуль сама не захоча скласьці зь сябе абавязкі. Дакумэнт падпісалі тры структуры — Офіс Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада.
Падчас канфэрэнцыі палітыкі і актывісты абмяркоўвалі стрэтэгію дзеяньняў на 2025 год, пытаньне вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў, праблемы добраахвотнікаў ва Ўкраіне, эканоміку, сацыяльныя пытаньні, пытаньні нацыянальнага адраджэньня.
З словаў дабраахвотніка Андрэя Кушнярова, каля 1300 беларусаў дэмабілізаваліся з вайны ва Ўкраіне пачынаючы з 2014 году. Прыкладна 340 чалавек служылі ў розных падразьдзелах Узброеных сілаў Украіны на пачатак 2024-га.
Новы фонд
На другі дзень канфэрэнцыі прэзэнтавалі новы Міжнародны фонд гуманітарнай дапамогі, данатарамі якога будуць выступаць дзяржавы. Цяпер у фондзе ёсьць складкі ад Нарвэгіі і Швэцыі, чакаюцца паступленьні яшчэ ад трох краін. Праз гэты фонд будуць дапамагаць былым зьняволеным, якія знаходзяцца ў Беларусі, і сем’ям цяперашніх вязьняў. А таксама пацярпелым ад рэпрэсіяў, не прызнаных палітвязьнямі.
Кіруюць фондам арганізацыі-ўдзельніцы, зьвязаныя з сфэрай гуманітарнай дапамогі. Гэта Служба хуткай гуманітарнай дапамогі, у якую ўваходзяць арганізацыі «Краіна для жыцьця», Dissidentby, BySol і ByHelp, а таксама яшчэ чатыры арганізацыі, пра якія стане вядома пазьней.
Пашпартны цэнтар
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла пра стварэньне Беларускага пашпартнага цэнтру і прадставіла яго дырэктара. За тэхнічны бок выпуску пашпарту Новай Беларусі цяпер адказвае літовец Марус Гудзялайціс. Ён будзе займацца практычнымі пытаньнямі стварэньня пашпарту, макет якога прадэманстравалі ў 2023 годзе.
Узнагароды для актывістаў, блогераў і праваабаронцаў
Аб’яднаны пераходны кабінэт узнагародзіў 13 чалавек мэдалём Няскораных імя Ларысы Геніюш. Гэта:
- Леанід Судаленка, праваабаронца;
- Аляксандар Кабанаў, блогер;
- Сяргей Пятрухін, блогер;
- Алеся Буневіч, грамадзкай актывістка;
- Натальля Хершэ, грамадзка-палітычная актывістка;
- Валерыя Чарнаморцава, дасьледніца, экскурсаводка;
- Алана Гебрэмарыям, актывістка «Моладзевага блёку»;
- Зьміцер Фурманаў, сябра ініцыятыўнай групы вылучэньня ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.
Імёны яшчэ 5 узнагароджаных не называюць з прычынаў бясьпекі. Мэдаль Няскораных прысуджаецца за «значныя заслугі перад беларускім народам у барацьбе за правы чалавека і дэмакратычныя свабоды».
«Дамагацца вызваленьня палітвязьняў любымі сродкамі»
Абодва дні канфэрэнцыі пытаньне вызваленьняў палітвязьняў было адным з самых спрэчных. Экс-сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў прапанаваў «часткова» прызнаць легітымнасьць Лукашэнкі ў абмен на вызваленьне палітвязьняў. Яму запярэчыў намесьнік Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце Павал Латушка.
Сябра Каардынацыйнай рады і былая палітзьняволеная Алана Гебрэмарыям падчас дыскусіі пра палітвязьняў назвала «расчаравальнымі» выказваньні пра тое, што «з дыктатурай ня можа быць перамоваў».
«Нават з тэрарыстамі вядуць перамовы, каб вызваліць людзей з палону», — адзначыла актывістка.
Адказваючы на пытаньне Свабоды пра адзіную стратэгію вызваленьня палітвязьняў, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова сказала, што гэта трэба рабіць любымі сродкамі.
«Вось ужо 4 гады як дэмакратычным сілам трэба прымаць адзіны падыход. Нельга больш хавацца за словамі, што гэта прыярытэт. Наша задача не сварыцца, а зразумець, дзе мы можам аб’ядноўваць намаганьні і дамагацца вызваленьня палітвязьняў любымі магчымымі сродкамі. Калі мы сталі на рэйкі санкцыйнага ціску і палітычнай ізаляцыі і едзем на іх чатыры гады, але гэта не ўплывае на сытуацыю, мы мусім пераглядаць падыходы.
Нам трэба абмяркоўваць нашы правалы і узмацняць працу. Магчыма, гэта гуманітарныя перамовы, магчыма, нейкая іншая гнуткая праца зь міжнароднымі партнэрамі. Бо мы бачым краіны, якія ініцыююць гуманітарныя абмены, і гэта адбываеца без уліку інтарэсаў і правоў палітзьняволеных Беларусі. Мы мусім зрабіць гэта галоўным акцэнтам ува ўсіх камунікацыях на самым высокім узроўні», — сказала Гарбунова.
Сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава прапанавала разглядаць гэты орган як пляцоўку выпрацаваньня агульную стратэгіі ў пытаньні палітвязьняў.
«Пакуль няма рашэньняў аб выбарах»
У 2025 годзе ў Беларусі будуць праходзіць чарговыя прэзыдэнцкія выбары. У агульным інструмэнце каардынацыі дэмакратычных сілаў на 2025 год «Плятформа-2025», якую прынялі на канфэрэнцыі, плянуецца непрызнаньне гэтых выбараў. Адказваючы на пытаньне Свабоды пра вынікі канфэрэнцыі, экс-намесьнік Сьвятланы Ціханоўскай, а цяпер кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі адзначыў, што пакуль у дэмакратычных сілаў няма стратэгіі наконт выбараў.
«Ёсьць падставы для крытычных назіраньняў наконт таго, куды рухаюцца дэмакратычныя сілы. Якія будуць мэты, задачы і дзеяньні ў кантэксьце 2025 году, бо я пакуль не пабачыў канкрэтных рашэньняў і падыходаў да гэтай электаральнай кампаніі, важнай для Лукашэнкі і для захаваньня ўлады. Ёсьць пытаньне, ці гатовыя дэмакратычны рух і структуры да гэтага», — адзначыў Валер Кавалеўскі.
Таксама ён зьвярнуў увагу на тое, што пратакол дзеяньняў дэмакратычных сілаў падпісалі тры структуры: Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйная Рада і Аб’яднаны пераходны кабінэт. Гэта не пратакол усяго дэмакратычнага руху.
«Ад 2020 году грамадзянская супольнасьць была тым месцам, зь якога пачыналіся пратэсты, дзе людзі паказвалі сваю актыўнасьць. Каштоўнасьць грамадзянскай супольнасьці застаецца вельмі высокай і гэта трэба ўмацоўваць і цаніць», — адзначыў Кавалеўскі.
Адна з прапановаў для будучых выбараў, якую агучыў Павал Латушка, — гэта галасаваць супраць усіх.
«Складаней сябе матываваць»
Паводле сузаснавальніка фонду BySol Андрэя Стрыжака, падобныя канфэрэнцыі — магчымасьць «зьверыць гадзіньнікі» з іншымі актывістамі.
«З кожным годам ўсё складаней сябе матываваць на ўдзел у такіх падзеях. Час ідзе, і ёсьць адчуваньне, што нічога не зьмяняецца да лепшага. Але раз за разам я ўпэўніваюся, што такія пляцоўкі — магчымасьць пабачыць людзей зь іншых краін, пабачыць, што яны робяць. Тут вельмі добра зьвяраюцца гадзіньнікі», — мяркуе Андрэй Стрыжак.
Выступаючы з завяршальным словам, Сьвятлана Ціханоўская пералічыла вынікі трэцяй канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў. Яна згадала прынятыя падчас яе дакумэнты.
«Мы прэзэнтавалі новых прадстаўнікоў складу АПК. Бліжэйшым часам яны мусяць прайсьці працэдуру ўзгадненьня ў Каардынацыйнай радзе. Мы прынялі пратакол узаемадзеньня унутры дэмакратычных сілаў. Зафіксавалі ролі і абавязкі. Мы прынялі „Плятформу-2025“, гэта агульная рамка нашай працы. Чакаю, што кожны для сябе возьме частку працы. Мы акрэсьлілі прыярытэты — ня даць рэжыму „перагарнуць старонку“ і замарозіць сытуацыю. Лукашэнкавы выбары ня будуць ні законныя, ні справядлівыя, мы выпрацуем стратэгію, што рабіць у дзень выбараў і пасьля яго», — падвяла вынікі Сьвятлана Ціханоўская.
У першы дзень канфэрэнцыі адбыліся новыя прызначэньні ў Аб’яднаны пераходны кабінэт. Прадстаўніком у абароне і нацыянальнай бясьпецы Ціханоўская прапанавала прызначыць экс-намесьніка камандзіра палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука, прадстаўніком у міжнароднай супрацы — Уладзімера Астапенку, прадстаўніцай у справах моладзі й студэнцтва — Маргарыту Ворыхаву. Намесьнікам кіраўніка АПК у пытаньнях транзыту ўлады Ціханоўская прапанавала прызначыць Арцёма Брухана.
Асноўныя задачы плятформы 2025:
- Дэлегітымізацыя Лукашэнкі
- Непрызнаньне выбараў 2025 году
- Адкрытасьць сьвету для беларусаў
- Аб’яднаньне для супольнай дзейнасьці, аб’яднаньне намаганьняў для вызваленьня палітвязьняў
- Прасоўваньне інтарэсаў беларусаў у кожным пункце сьвету
Кожная ініцыятыва можа далучыцца да плятформы, калі падзяляе яе палажэньні.