Узброеныя сілы Ўкраіны паведамляюць пра зьбіцьцё 24 дронаў з 29 — над дзевяцьцю абласьцямі, у тым ліку — над Кіеўскай. Ахвяраў і пацярпелых, паводле папярэдніх зьвестак уладаў атакаваных рэгіёнаў, няма.
У выніку начных удараў у Віньніцкай вобласьці пашкоджаны аб’ект інфраструктуры, у Днепрапятроўскай — прыватны дом і вадаправод. У Мікалаеўскай вобласьці на тэрыторыі прыватнага дома загарэліся дзьве гаспадарчыя пабудовы і трава — пажар апэратыўна патушылі.
У Расеі ў ноч на 3 жніўня праз атакі дронаў загарэліся нафтабазы пад Растовам і Белгарадам, два дроны патрапілі ў жылы дом у Арле. Пра гэта паведамляюць мясцовыя ўлады і жыхары. Ва ўдарах яны абвінавачваюць Украіну.
У Арлоўскай вобласьці «зьнішчаныя тры дроны, два дроны трапілі ў жылы дом», напісаў губэрнатар рэгіёну Андрэй Клычкоў. Паводле яго, пацярпелых няма.
Растоўскую вобласьць уначы атакавалі 55 украінскіх дронаў, заявіў губэрнатар рэгіёну Васіль Голубеў. Паводле яго, у выніку ўдараў пашкоджаныя «шэраг складзкіх абʼектаў у Каменскім і Марозаўскім раёнах». У Марозаўскім раёне знаходзіцца ваенны аэрадром, які і атакавалі дроны, пішуць мясцовыя жыхары. Таксама дрон пашкодзіў супэрмаркет. Паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелых няма.
У Каменскім раёне гараць рэзэрвуары з палівам, паведамляе тэлеграм-канал «ASTRA».
Патрапіла пад удар бесьпілётнікаў і нафтабаза ў Белгарадзкай вобласьці. Паводле інфармацыі губэрнатара рэгіёну Вячаслава Гладкова, у выніку загарэўся адзін рэзэрвуар. Пажар ужо патушаны. Пацярпелых няма.
Як сьцьвярджае Мінабароны Расеі, за ноч над Растоўскай вобласьцю зьбілі 36 дронаў, над Арлоўскай — 17, над Белгарадзкай — 9, над Курскай — 8. Яшчэ два дроны зьнішчылі над Разанскай вобласьцю і па адным — над Варонескай вобласьцю, Краснадарскім краем і Азоўскім морам.
- Паводле зьвестак ААН, за два гады вайны ва Ўкраіне былі забітыя больш за дзесяць тысяч чалавек, параненыя амаль дваццаць тысяч. Таксама ААН задакумэнтавала выкраданьні, катаваньні, жорсткае абыходжаньне і адвольныя затрыманьні мірных жыхароў з боку расейскіх вайскоўцаў.
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна зазнаюць абстрэлы і атакі бесьпілётнікаў. Мінабароны Расеі дае справаздачу аб «спыненьні» ўкраінскіх нападаў і паведамляе пра зьбітыя ракеты і дроны над тэрыторыяй Расеі. Падчас атак фіксуюць разбурэньні і ахвяры. У большасьці выпадкаў Кіеў гэтыя паведамленьні не камэнтуе.