«ПіК Свабоды». З чым дэмакратычныя сілы прыйшлі да канфэрэнцыі «Новая Беларусь»? Тлумачыць палітоляг

Андрэй Казакевіч, каляж

Што абяцалі на леташняй канфэрэнцыі «Новай Беларусі» і што было выканана? Чаму зрабіць атрымалася ня ўсё, што плянавалася? Чаго варта чакаць ад сёлетняй канфэрэнцыі «Новая Беларусь»?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

  • Асноўнае, што дэмакратычным сілам удалося выканаць, — гэта захаваць сваю суб’ектнасьць. Яны працягваюць падтрымліваць камунікацыі з урадамі заходніх дзяржаваў, маюць пэўны ўплыў на фармаваньне заходняй палітыкі адносна Беларусі.
  • Кантакты дэмсілаў з урадам Армэніі сьведчаць пра тое, што некаторыя дзяржавы могуць выкарыстоўваць кантакты зь беларускай апазыцыяй для ціску на афіцыйны Менск.
  • Яшчэ адзін блёк — адстойваньне інтарэсаў беларускай дыяспары. З гэтым былі праблемы, асабліва з пачаткам вайны. Ня ўсе праблемы ў гэтым кірунку ўдалося вырашыць. Я б назваў вынікі сярэднімі.
  • Не ўдалося паўплываць на сытуацыю ўнутры краіны, нават знайсьці рычагі для такога ўплыву. Не былі пасьпяховымі захады дзеля вызваленьня палітзьняволеных. На мінулай канфэрэнцыі быў гучна прэзэнтаваны праект «Пашпарт Новай Беларусі». Посьпеху ён ня меў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым хваліцца, калі многія праекты нічым не завяршыліся», — Паўлюк Быкоўскі пра галоўныя тэмы канфэрэнцыі «Новая Беларусь»
  • Дэмсілы цяжка вінаваціць у тым, што праект «Пашпарт Новай Беларусі» не атрымаўся. Абгрунтаваныя папрокі хіба ў тым, што яны занадта шырока яго рэклямавалі, давалі грамадзтву зашмат надзеяў.
  • На леташняй канфэрэнцыі дэкляравалася, што стасункі зь беларускімі вайсковымі адзінкамі ва Ўкраіне будуць больш шчыльнымі. Справа падтрымкі добраахвотніцкіх злучэньняў — вельмі дарагая. Выдаткі на вайну пад сілу толькі сувэрэннаму ўраду. Падтрымка беларускіх парамілітарных злучэньняў, скажам, у Польшчы мне ад пачатку падавалася спрэчнай ініцыятывай. Дэмсілам варта заставацца ў палітычным, а не ў сілавым полі.
  • Не было бачна вялікай актыўнасьці ў тым кірунку, якім займаўся Валер Сахашчык у Абʼяднаным пераходным кабінэце. На мой погляд, сам сілавы функцыянал не зусім адпавядаў клясычнай палітычнай дзейнасьці. Каб ён быў рэальны, патрэбны рэальны кантроль над пэўнай тэрыторыяй. У беларускіх дэмакратычных сілаў гэтага няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сахашчык заявіў пра выхад з Аб'яднанага пераходнага кабінэта
  • Прыярытэты дэмакратычных сілаў за два гады (і нават за год) мяняліся істотна. У 2022 годзе здавалася, што вайна можа хутка скончыцца перамогай Украіны. І гэта здольна прывесьці да сурʼёзнага палітычнага крызісу ў Расеі і ў Беларусі. Беларускія вайсковыя фармаваньні ў такім выпадку маглі стаць чыньнікам унутрыпалітычных зьменаў. Цяпер прыйшло разуменьне, што гэта працяглы канфлікт.
  • Зьмяніўся акцэнт на больш практычныя мэты і дзеяньні дзеля зрынаньня рэжыму і перамогі Ўкраіны. На першы плян выходзяць такія пытаньні, як падтрымка палітвязьняў, у тым ліку і былых, праграмы ў сфэры эўрапейскай адукацыі для беларусаў, супрацьдзеяньне дэзынфармацыі. 25–30% беларускага насельніцтва карыстаюцца дэмакратычнымі мэдыя. Больш увагі стала аддавацца праблемам дыяспары, бо ўплываць на сытуацыю ўнутры Беларусі ўсё цяжэй.
  • Такая стратэгія малых справаў мне падаецца лягічнай. Відавочна, што і ў 2023 годзе варта было канцэнтравацца хутчэй на гэтым, чым на глябальных пытаньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Грандыёзны абмен вязьнямі. Але чаму без беларусаў
  • Дэмсілы былі супраць вызваленьня палітвязьняў у абмен на аслабленьне санкцыяў. Дык гэтага і не адбываецца. Не адбылося гэтага і ў стасунках паміж Расеяй і Захадам. Вязьняў расейскіх турмаў абмянялі не на скасаваньне санкцыяў адносна Расеі. У выпадку зь беларускімі палітвязьнямі незразумела, на каго іх можна памяняць, каго перадаць Лукашэнку за вызваленьне палітвязьняў.
  • Урады ЗША і краінаў ЭЗ думалі найперш пра тое, каб вызваліць з-за кратаў сваіх грамадзянаў, а не беларускіх палітвязьняў. Хоць тэарэтычна, дый практычна, іх маглі паспрабаваць уключыць у абмен.
  • Я думаю, што Лукашэнка не зацікаўлены ў абмене палітвязьняў на зьняволеных на Захадзе беларускіх шпіёнаў, нават калі б такія і былі. Для яго палітвязьні — «фонд», які можна абмяняць на аслабленьне санкцыяў, што можа прынесьці эканамічны эфэкт.
  • Я ня бачу ў дэмсілаў рэсурснай базы для рэалізацыі вялікіх праектаў. Посьпехам сёлетняй канфэрэнцыі будзе канцэнтрацыя на канкрэтных выканальных кірунках дзейнасьці. І выканаць за год неабходна тое, што паабяцаюць на канфэрэнцыі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.