У праекце «Сьведкі Лукашэнкі» палітык Анатоль Лябедзька адказаў на пытаньне, чаму на першых прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе ён далучыўся да каманды Аляксандра Лукашэнкі.
Публікуем урывак з інтэрвію Лябедзькі:
— Як вы апынуліся ў 1994 годзе ў камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі? Пазьней вы назвалі гэта сваёй галоўнай палітычнай памылкай. Але якія былі падставы зрабіць гэтую памылку?
— Я б выдзеліў два чыньнікі. Па-першае, у 1994 годзе хто быў галоўнай праблемай? Не Аляксандар Лукашэнка: ён быў у Дэмакратычным клюбе і па большасьці пытаньняў галасаваў, як БНФ.
Галоўнай праблемай быў Кебіч і ягоны погляд ня толькі на сёньняшняе, але і на будучыню Беларусі. Ягоны стыль кіраваньня — узяць валізку, загрузіць туды «Белавескую» і ехаць у Маскву ў Дзяржплян, каб вырашаць там усе пытаньні — быў абсалютна непрымальны для Беларусі.
У мяне было разуменьне, што Кебіч — гэта тромб, тупік, мы не разьвіваемся. І трэба зрабіць усё магчымае, каб не дапусьціць старую намэнклятуру на чале з Кебічам.
Другі чыньнік — традыцыйная хвароба дэмакратаў: амбіцыі і адсутнасьць магчымасьці дамовіцца. У прэзыдэнцкую кампанію пайшлі трыма калёнамі — Шушкевіч, Пазьняк, Карпенка. І была сацыялёгія — 30–35 працэнтаў за дэмакратаў. Гэта азначала, што гэтыя працэнты можна толькі падзяліць паміж рознымі дэмакратамі.
— То бок калі б ад дэмакратаў быў адзіны кандыдат, вы пайшлі б да яго ў каманду, хто б гэта ні быў — нягледзячы на свае асабістыя непаразуменьні?
— Канечне, я ў гэтым не сумняюся. І непаразуменьняў асабліва не было, мы былі ў адным палітычным лягеры і змагаліся за адны і тыя ж палітычныя каштоўнасьці.
Цалкам інтэрвію з Анатолем Лябедзькам у праекце «Сьведкі Лукашэнкі» глядзіце тут:
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Чалавек сьвядома казаў: Лукашэнка ўсталюе дыктатуру, затое будзе парадак», — Дзьмітры Шчыгельскі ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі»«Пакайцеся і ня лезьце ў лідэры», — Натальля Радзіна ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі» пра Паўла Латушку і Аляксандра Азарава«Я лічу, што Сямёна Домаша атруцілі», — Аляксандар Мілінкевіч ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі»«Першыя прэзыдэнцкія выбары маглі скончыцца іначай. Шушкевіч зьбіраў поўныя залі», — Аляксандар Мілінкевіч у праекце «Сьведкі Лукашэнкі»«Хутка стаў слухаць толькі тых, хто казаў „які вы разумны і бліскучы“», — Лябедзька ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі»