Затрыманьне за супрацоўніцтва з «Чорнай кнігай Беларусі»
За паведамленьні ў бот «Чорнай кнігі Беларусі» затрымалі мужчыну, паведамляе «Вясна» з спасылкай на тэлеграм-канал сілавікоў. Сьцьвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у пасьлявыбарных акцыях пратэсту, быў падпісаны на «экстрэмісцкія рэсурсы», а таксама дасылаў інфармацыю ініцыятыве «Чорная кніга Беларусі».
На тэлефоне ў затрыманага знайшлі відэа з акцый пратэсту — сілавікі пагражаюць затрыманьнямі тым, каго знойдуць на іх.
Паводле інфармацыі «Мэдыязоны», затрыманага завуць Аляксандар Рымашэўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 жніўня: экс-палітвязьня будуць судзіць паводле 5 артыкулаў, супраць добраахвотніка Кулажэнкі распачалі спэцвядзеньнеУ «Сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 12 чалавек — цяпер у ім 4273 прозьвішчы
2 жніўня МУС зрабіла пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Сярод іншых, у сьпіс дадалі палітзьняволеную Кацярыну Новікаву, фінансавага кансультанта Ўладзімера Нікіціна, грамадзяніна Расеі Аляксея Кулікова, паведамляе «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 ліпеня: затрымалі адміністратарку чату «Беларусы ў ЗША» і былога супрацоўніка БЧЗатрымалі адміністратарку тэлеграм-канала «Нёманская Мінск»
Жанчыну, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», абвінавачваюць у «арганізацыі пратэстаў», бо яна «ладзіла дваровыя сустрэчы з суседзямі», а таксама нібыта пакідала абразьлівыя камэнтары пра «ціхароў», якія дзяжурылі ў двары.
Затрыманьні ў Берасьці
Двух жыхарак Берасьця затрымалі за ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту. Адна зь дзяўчат на відэазапісе сілавікоў кажа, што прыйшла на пратэсты разам зь сястрой, якая цяпер асуджаная за распаўсюд наркотыкаў. Вядома, што адна з затрыманых — студэнтка Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, паведамляе «Вясна».
У Берасьці працягваюць судзіць пэнсіянэрку за данаты палітвязьням
У Берасьцейскім абласным судзе працягваецца судовы працэс над палітзьняволенай Натальляй Малец паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае судзьдзя Руслан Сянько. Пра гэта таксама інфармуе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Натальлю ўжо асудзілі ў сьнежні 2022 году за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) на 1,5 года «хатняй хіміі».
У верасьні 2023 году жанчыну зноў затрымалі і зьмясьцілі пад варту. Сілавікоў зацікавіла «падазроная актыўнасьць жанчыны ў ажыцьцяўленьні грашовых пераводаў». Верагодна, затрыманьне зьвязана з удзелам Натальлі ў закрытай суполцы ў Facebook «Письма Солидарности Беларусь 2020», якую ў сьнежні прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».