Затрымалі адміністратарку чату «Беларусы ў ЗША»
Пра затрыманьне адміністратаркі чату «Беларусы ў ЗША» 30 ліпеня паведамілі праваабаронцы.
У тэлеграм-канале сілавікоў сьцьвярджаецца, што ў чаце разьмяшчалі спасылкі на зборы для беларусаў, а сама затрыманая нібыта абражала прадстаўнікоў улады і сілавікоў.
У сацыяльных сетках затрыманая жанчына падпісаная як Olga Vredinka. Вядома, што яна стала пражывае ў Нью-Ёрку.
Дзе цяпер затрыманая, у якім яна статусе і паводле якіх артыкулаў яе абвінавачваюць, невядома.
Затрымалі былога супрацоўніка Беларускай чыгункі
У тэлеграм-канале сілавікоў сьцьвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту, быў падпісаны на «экстрэмісцкія рэсурсы», а таксама дасылаў інфармацыю пра былых калегаў у чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі».
Дзе цяпер затрыманы і ў якім ён статусе, невядома.
Пасьля размовы з правакатарам у чат-рулетцы затрымалі беларуса
Падчас размовы з правакатарам, які прадставіўся супрацоўнікам украінскай СБУ, мужчына сказаў, што ўдзельнічаў у пасьлявыбарных акцыях пратэсту, мае фатаздымак зь Сяргеем Ціханоўскім і чытае незалежныя СМІ, паведамляе «Вясна».
На «пакаяльным відэа» ў тэлеграм-канале сілавікоў мужчына таксама «прызнаецца» ў тым, што нэгатыўна выказваўся «на адрас Расеі і дзейнай улады ў Беларусі».
У Гомлі за распаўсюд «экстрэмізму» судзілі шматдзетнага бацьку
29 ліпеня ў Навабеліцкім судзе Гомля праходзіў суд над прадпрымальнікам і шматдзетным бацькам Марыянам Голубам, піша «Гомельская Вясна». Справу разглядаў судзьдзя Генадзь Калацэй. Марыяна абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Акалічнасьці справы невядомыя.
Марыян — бацька шасьцёх дзяцей, вывучаў псыхалёгію ў каталіцкім унівэрсытэце ў Польшчы. Працаваў у грамадзкай арганізацыі «Добрая сям’я», апошнім часам ягоная дзейнасьць была зьвязаная з IT-сфэрай.
Форум