Лукашэнка пракамэнтаваў вялікі абмен паміж Расеяй і Захадам: «Байдэн да гэтага ня меў ніякага дачыненьня»

Аляксандар Лукашэнка ў Мазырскім раёне, які пацярпеў ад ураганаў, 2 жніўня 2024 г. Фота president.gov.by

Аляксандар Лукашэнка ў часе размовы з жыхарамі вёскі Прудок Мазырскага раёну, якая моцна пацярпела ад прыроднай стыхіі, заявіў, што «прэзыдэнт ЗША ня меў ніякага дачыненьня да арганізацыі абмену паміж Расеяй і краінамі Захаду».

Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў тым, што ён выкарыстоўвае «вялікі абмен» для падвышэньня свайго аўтарытэту.

Як паведаміла дзяржаўнае выданьне sb.by, Аляксандар Лукашэнка ў часе размовы з жыхарамі вёскі Прудок Мазырскага раёну, якая моцна пацярпела ад прыроднай стыхіі, заявіў, што «прэзыдэнт ЗША ня меў ніякага дачыненьня да арганізацыі абмену паміж Расеяй і краінамі Захаду, хоць цяпер намагаецца „набіваць“ на гэтым сабе аўтарытэт».

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што арганізацыяй абмену займаліся «выключна на лініі спэцслужбаў, не залучаліся нават дыпляматы».

Пазьней дзяржаўнае агенцтва БелТА апублікавала дакладнае выказваньне Лукашэнкі.

«Вы бачылі: хлопцаў павыцягвалі. Нас папрасілі — мы падлучыліся да гэтага, дапамаглі чым маглі. Людзей вызвалілі, якіх на Захадзе пажыцьцёва зьняволілі. Праўда, на гэтым нехта тыпу прэзыдэнта ЗША аўтарытэт свой набівае, хоць ён да гэтага не меў ніякага дачыненьня. Спэцслужбы вялі гэтыя перамовы, нават дыпляматаў не залучалі. Мы дамовіліся, што ціха будзем рабіць — пачалі гарлаць на ўвесь сьвет. Гэта робіцца ціха, гэта ж жыцьці людзей», – заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка згадаў пра перададзенага Расеі для абмену грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера. «А калі б, ня дай Божа, загінулі людзі? Гэта добра, што абышлося. Людзьмі мы не гандлюем. Аддалі немца, каб дапамагчы людзям забраць гэтых небарак. Што ў гэтым дрэннага? І немец гэты жывы, і гэтага хлопца выратавалі», – заявіў ён.

Сярод перададзеных Расеі – Вадзім Красікаў, які адбываў пажыцьцёвае пакараньне ў Нямеччыне за забойства чачэнскага палявога камандзіра Зэлімхана Хангашвілі. Пракурор ФРН і незалежныя журналісты высьветлілі, што ён працаваў на расейскія спэцслужбы. Масква гэта зьняпраўджвала, але Ўладзімір Пуцін у адным з сваіх інтэрвію называў яго «патрыётам Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Нямеччыны назваў сустрэчу зь вязьнямі зь Беларусі і Расеі кранальнаю. Курмашава, Гершковіч і Ўілан ужо ў ЗША

Што папярэднічала

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у часе звароту да амэрыканскай нацыі 1 жніўня заявіў, што арганізацыяй абмену з Расеяй займаліся спэцыяльныя службы. Ён назваў гэты абмен «вялікай дыпляматычнай перамогай» і паведаміў, што размаўляў з краінамі-хаўрусьнікамі аб дапамозе ў абмене грамадзян ЗША.

«Агулам мы дамовіліся аб вызваленьні 16 чалавек з Расеі, у тым ліку пяці грамадзянаў Нямеччыны і сямі грамадзянаў Расеі, якія былі палітычнымі зьняволенымі ў сваёй краіне. Некаторых з гэтых жанчын і мужчын несправядліва трымаюць пад вартай на працягу многіх гадоў. Усе яны перажылі неймаверныя мукі і няпэўнасьць. Сёньня іхныя пакуты скончыліся. Я ўдзячны нашым хаўрусьнікам, якія падтрымлівалі нас на працягу цяжкіх і складаных перамоваў для дасягненьня гэтага выніку, уключаючы Нямеччыну, Польшчу, Славенію, Нарвэгію і Турэччыну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захад і Расея абмяняліся вязьнямі. Сярод іх — журналістка Радыё Свабода Алсу Курмашава

1 жніўня Расея перадала ЗША і Нямеччыне 16 палітычных увязьненых, у тым ліку расейскіх грамадзян, і вярнула на сваю тэрыторыю 10 расейцаў, якіх у ЗША і эўрапейскіх краінах асудзілі за забойства, шпіёнства, кантрабанду і кібэрзлачынствы.

Беларускія палітычныях вязьняў у сьпісе абмену не было.

У Офісе Ціханоўскай паведамілі, што перамовы аб абмене, відавочна, вяліся з Масквой, і Беларусь у іх ня ўдзельнічала.

У Радзе БНР з жалем канстатавалі, што «лідэры ЗША і Эўропы ў гэтай сытуацыі праігнаравалі пакуты беларускага народа, які апынуўся ў цяперашнім становішчы не ў апошнюю чаргу таму, што ўрады найбуйнейшых дзяржаваў Захаду доўгі час былі і застаюцца згодныя бачыць Беларусь у выключнай зоне інтарэсаў Масквы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР і Офіс Ціханоўскай выказаліся пра абмен вязьнямі між Захадам і Расеяй