Расея афіцыйна перадала Армэніі пад ахову памежны пункт пропуску ў аэрапорце «Звартноц» у Ерэване.
Як паведаміла выданьне NEWS.am, адпаведны пратакол 31 ліпеня падпісалі камандуючы Памежнымі войскамі Армэніі Эдгар Унанян і начальніка памежнага ўпраўленьня Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Раман Галубіцкі.
Паводле выданьня, у пратаколе сярод іншага армянскі бок выказаў падзяку Расеі «за працяглую супольную службу ў забесьпячэньні памежнага кантролю ў паветраным пункце пропуску „Звартноц“» і канстатаваў, што «прэтэнзій да расейскага боку ня мае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія спыняе працу расейскіх памежнікаў у Ерэванскім аэрапорцеСёлета ў сакавіку Армэнія афіцыйна паведаміла Расеі аб спыненьні працы яе памежнікаў у аэрапорце Ерэвану.
Сакратар Рады бясьпекі Армэніі Армэн Грыгар’ян заявіў журналістам, што пазыцыя краіны заключаецца ў тым, што абслугоўваньнем аэрапорту павінны цалкам займацца памежныя войскі Армэніі. Тады Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі, пераконваў, што якіх-небудзь рашэньняў аб вывадзе расейскіх памежнікаў з аэрапорту «Звартноц» не было.
У лютым улады Армэніі абвясьцілі пра замарожваньне сяброўства ў АДКБ. Неўзабаве пасьля гэтага старшыня парлямэнту краіны Ален Сіманьян заклікаў вывесьці супрацоўнікаў памежнай службы ФСБ Расеі зь ерэванскага аэрапорту «Звартноц». У МЗС Расеі заяву Сіманьяна назвалі прыкладам «недружалюбных паводзін».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйны Ерэван выказаў Беларусі пратэст праз «умяшаньне ва ўнутраныя справы» Армэніі