Лілія Яноўская ў траўні скарыла чарговы, восьмы 8-тысячнік — Макалю. Паразмаўлялі зь ёю пра любоў да гор, іх небясьпеку і бел-чырвона-белы сьцяг на вяршынях.
Ліліі Яноўскай 64 гады, яна даўно жыве ў Канадзе. Сёлета ў траўні пасьпяхова паднялася на пік Макалю ў Гімалаях — пятую паводле вышыні гару ў сьвеце (8485 мэтраў). На Макалю дзякуючы ёй трапіў і бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта адзін з самых цяжкіх для ўзыходжаньня «васьмітысячнікаў» (горныя вяршыні, вышыня якіх над узроўнем мора перавышае 8000 мэтраў — РС). На сёньняшні дзень беларуска скарыла ўжо 8 з 14 такіх вяршыняў: Чо-Ую, Манасьлю, Эвэрэст, К2, Ґашэрбрум II, Дгаўлаґіры, Льгоцэ, Макалю. Застаюцца шэсьць, на дзьве зь іх Лілія ўжо мае пляны на наступны год.
Штодзённыя трэніроўкі
Лілія Яноўская нарадзілася ў Івянцы. Жартуе, што гэта адбылося «праездам». Яе маці гасьцявала ў сястры ў Хатаве ў Стаўпецкім раёне, і ў радзільню яе завезьлі ў Івянец. Жыла і вучылася Лілія ў Менску. Удзельнічала ў турыстычным руху. Узгадвае са сьмехам, што ў Беларусі вандравала больш па балотах. Але заўсёды цікавілася альпінізмам.
«Мы ў маладосьці з найлепшай сяброўкай Тацянай, калі пісалі адна адной віншаваньні на дзень нараджэньня, то зычылі скарыць вяршыні. І што горы чакаюць нас. Альпінізм, горы — гэта тое, чым я жыву, тое, што я люблю», — тлумачыць суразмоўца.
Лілія кажа, што яе моцна ўзрушылі падзеі 2020 году ў Беларусі. Пасьля жніўня 2020-га яна стала браць на ўзыходжаньні бел-чырвона-белы сьцяг.
«У Беларусі ў 2020 годзе быў моцны жаночы рух, яны выходзілі з кветкамі, у прыгожым бел-чырвона-белым адзеньні. Мяне гэта зачапіла, я пачала браць беларускі сьцяг, каб мне як жанчыне падтрымаць усіх жанчын Беларусі. Тое, што ўсё скончылася крывава і бязьлітасна, — гэта было жорсткім ударам», — прызнаецца альпіністка.
Яна думае, што пакуль ня зьменіцца сытуацыя ў Расеі, нічога ня зьменіцца і ў Беларусі.
У Канаду Лілія разам зь сям’ёй эмігравала яшчэ ў 90-я. Кажа, што спачатку хацелі ў Аўстралію, але на гэта не хапіла грошай. Канаду яна лічыць другім домам, краінай, якая дала ёй магчымасьць раскрыцца, хадзіць у горы, займацца тым, што яна любіць. Калі дзеці вырасьлі і Ліліі было 50 гадоў, яна вырашыла, што хоча прабегчы маратон і трапіць на гару Кіліманджара (самая высокая вяршыня Афрыкі, 5985 мэтраў. — РС). У выніку беларуска замест аднаго прабегла тры маратоны, скарыла Кіліманджара і не змагла спыніцца.
Лілія расказвае, што ўзыходжаньне на Кіліманджара не дало ёй зразумець, што такое горы, альпінізм. Кажа, што такой вышыні аказалася для гэтага недастаткова. Таму яна пачала займацца скалалазаньнем — на скаладроме і рэальных скалах, і айсклаймбінгам — лазаньнем па лёдзе. Потым зразумела, што ўсё гэта можна знайсьці ў гарах, асабліва на васьмітысячніках.
Зь дзясятак узыходжаньняў Лілія зьдзейсьніла з малодшай дачкой Дашай, якая сёлета пад канец ліпеня нарадзіла сваю дачку Маю. Для Лілія гэта ўжо пятая ўнучка.
Лілія прызнаецца, што цяпер ужо, у прынцыпе, можа ня надта рыхтавацца да ўзыходжаньняў. Яна займаецца спортам і трэніруецца пастаянна, штодзень, на працягу апошніх 20 гадоў.
«Я гатовая ў кожны момант. Дапусьцім, каб мне сёньня сказалі: „Заўтра выходзім на Эвэрэст“, я б сабрала рэчы і паехала. Калі я вяртаюся з экспэдыцыі, то адзін дзень сыходзіць на побытавыя справы, а празь дзень я зноў трэніруюся», — расказвае Лілія.
«На Эвэрэсьце ледзь не загінула — скончыўся кісларод»
Альпіністка кажа, што ўсе яе паходы на васьмітысячнікі былі складаныя, зь цяжкасьцямі і праблемамі. Нічога не праходзіла гладка і лёгка. На Макалю было вельмі холадна. Базавы лягер (лягер, зь якога фактычна пачынаецца ўзыходжаньне на вяршыню. — РС) там на вышыні 5600 мэтраў, і на працягу двух тыдняў тэмпэратура ў ім не падымалася вышэй за мінус 15 ні ўдзень, ні ўначы. Лілія ўзгадвае, што быў вялікі вецер, намёт пастаянна гайдала. Усе вадкасьці ў намёце за ноч замярзалі.
«Пасьля двух тыдняў такога трохі пацяплела і паваліў сьнег. Умовы пагоршыліся, нам давялося чакаць, пакуль зьявіцца акно спрыяльнага надворʼя», — узгадвае Лілія.
Альпіністка расказвае, што маршрут таго ўзыходжаньня быў пракладзены загадзя, прыкладна за месяц. Таму вяроўкі (па іх альпіністы праходзяць самыя небясьпечныя ўчасткі. — РС) апынуліся глыбока ў сьнезе, іх трэба было выкопваць. У выніку група Ліліі з базавага лягеру паднялася да першага, а потым да другога і трэцяга. Чацьвёрты прыйшлося прапусьціць, на вяршыню падымаліся з трэцяга. З другога на трэці лягер узыходжаньне заняло 9 гадзін.
«Мы прыйшлі ў трэці лягер а 17 гадзіне, быў сьнег, намёты не стаялі. Паўтары гадзіны пайшло на тое, каб паставіць намёт, мы ўсе былі мокрыя. Напэўна, каля гадзіны саграваліся ў спальным мяшку, і ўжо а 19 гадзіне выйшлі на вяршыню. Не было сну, адпачынку, ежы — нічога. Таму што там можна толькі хіба хутка гарбату сагрэць, пакет з супам, і ўсё. Часу не было. Узыходжаньне заняло 24 гадзіны. Мы выйшлі а 19-й, і а 19-й наступнага дня вярнуліся», — узгадвае альпіністка.
Па словах Ліліі, прыкладна а пятай гадзіне раніцы вяроўка раптам скончылася. Мапы не было, і стала незразумела, куды ісьці далей. Тэрыторыя навокал стала вельмі небясьпечнай, поўнай расколін. Альпіністы мусілі паўтары гадзіны вырашаць, ці ісьці далей. Было незразумела, што рабіць. У групе не было людзей, якія хадзілі на вяршыню Макалю раней. Аднак у выніку адзін з шэрпаў (удзельнік узыходжаньня зь ліку мясцовых жыхароў, які дапамагае пракладаць маршрут і несьці рыштунак. — РС) знайшоў вяроўку на адлегласьці больш за паўкілямэтра, і група Ліліі змагла працягнуць узыходжаньне.
Разам зь беларускай у той дзень вяршыню Макалю скаралі альпіністы з Аўстрыі, Гішпаніі, Андоры, Пакістану, Польшчы і Нямеччыны. Усяго дзесяць альпіністаў і дзесяць шэрпаў. Адзін з шэрпаў загінуў, спускаючыся зь вяршыні ў трэці лягер.
Лілія ходзіць у горы ня толькі з прафэсійнымі альпіністамі і шэрпамі, але і з дачкой Дар’яй. Зь ёю беларуска ўздымалася на вяршыні гор у Мэксыцы, Пэру, Эквадоры, Аргентыне. Разам яны былі і на Эвэрэсьце.
«Калі ўжо спускаліся з Эвэрэсту, шэрп ірвануў наперад. Вырашыў, што пра мяне турбавацца ня трэба, і пайшоў сабе ў чацьвёрты лягер. А ў мяне скончыўся кісларод. Я зразумела што ў мяне ногі не ідуць, галава ня надта працуе. Гэта добра, што недзе хвілін праз дваццаць прыйшла Даша са сваім шэрпам. Ён праверыў — сапраўды скончыўся кісларод. Замяніў мне балён, я пасядзела, галава запрацавала, і ногі таксама, і я здолела спусьціцца», — расказвае альпіністка.
Лілія падкрэсьлівае, што большасьць праблем у гарах здараюцца падчас спуску.
«Падняцца на вяршыню — гэта толькі 50%, нават 40% высілкаў. А ўсё астатняе — бясьпечна спусьціцца назад. Гэта вельмі цяжка, таму што і сіл няма, і здаецца, што спуск адбудзецца хутка. Але адбываецца ён вельмі доўга і небясьпечна», — кажа Лілія.
«У мяне няма страху»
Лілія кажа, што ня мае страху, і са сьмехам дадае, што, напэўна, гэта так праяўляюцца нейкія сурʼёзныя псыхалягічныя праблемы. Па яе словах, у гарах вельмі шмат небясьпечных месцаў, якія патрабуюць ад чалавека максымальнай канцэнтрацыі. Адзін няправільны крок можа прывесьці да падзеньня ў расколіну. Кожны крок павінен быць абсалютна пэўны.
«Розумам разумею ўсю сурʼёзнасьць сытуацыі, але страху няма. Проста асьцярожна раблю крок за крокам», — кажа Лілія пра свой досьвед.
Кожны раз, калі яна рыхтуецца да ўзыходжаньня, то глядзіць на гару і просіць быць добрай да яе, не патрабаваць больш за тое, што яна можа даць.
«Горы, напэўна, адказваюць на мае просьбы. У гарах думаю пра сям’ю, дзяцей, унукаў. На K2 было такое, што сядзела і думала, што не змагу спусьціцца. Вось там была на мяжы сьмерці. Хоць узыходжаньне было простае, хуткае і нармальнае, але спуск прайшоў вельмі цяжка. Тады, памятаю, сядзела і думала пра малодшую ўнучку Вілію. Пра будучую дачку Дашы, якіх мне трэба ўбачыць. Вось убачыла», — кажа Лілія.
Яна дадае, што аналізуе памылкі, якія прыводзяць да такіх няпростых сытуацый, і на наступных узыходжаньнях іх улічвае.
«Горы кідаюць выклік маім фізычным, мэнтальным і эмацыйным здольнасьцям.
Калі сядзіш дома, то можа здавацца: „Ну што там такога?“. Але ў гарах, як пачынаеш ісьці, то бачыш, што i карніз можа абваліцца, або зробіш няправільны крок — і перад табой прорва паўтары тысячы мэтраў. І што ногі не ідуць, і амаль немагчыма дыхаць ад недахопу кіслароду. І заплечнік заўсёды занадта цяжкі», — тлумачыць суразмоўца.
Лілія прызнаецца, што вельмі ўдзячная шэрпу Мінгму Дорчы, зь якім яна зьдзейсьніла чатыры ўзыходжаньні. Мінгма стаў для яе блізкім сябрам, якому можна давяраць.
«Бо шэрпы таксама ж людзі, яны могуць кінуць, яны стамляюцца, ім нецікава. Яны ня могуць ісьці так марудна, як вы. Мінгма — ён заўсёды побач. Гэта выключны, цудоўны сябра, такога цяжка знайсьці», — кажа альпіністка.
Ці марыць Лілія ў гарах пра «цывілізацыю»? Яна адказвае, што, натуральна, хацелася б мець блізка цёплую прыбіральню, ці прыняць гарачую ванну, ці паспаць у сваім ложку. Такія мары прыходзяць ужо пасьля першага тыдня ў гарах.
Найлепшы адпачынак пасьля гор для яе — проста вярнуцца дахаты, да штодзённасьці, да трэніровак. У гарах марнуецца шмат сілаў, губляецца вага. Напрыклад, да паходу ў пакістанскія горы Лілія мела 50 кіляграмаў, па вяртаньні — 42. Пасьля кожнага паходу трэба аднаўляць арганізм, вяртацца да нармальнай формы.
Беларуска выказала меркаваньне, што ў горадзе чалавек робіцца «не такі», замыкаецца. Некалькі дзён у гарах зьмяняюць. Чалавек адкрываецца, у тым ліку — на другога чалавека.
«Для мяне асабіста горы паказалі, што я здольная зрабіць нашмат больш, чым мне здавалася раней... Цяпер у мяне дастаткова досьведу, каб гэта ведаць. Але калі ўпершыню перасякаеш зону сьмерці (вышыня пасьля 8000 мэтраў, на якой канцэнтрацыя кіслароду ў паветры становіцца крытычна нізкая для арганізму чалавека, знаходзіцца там працяглы час крытычна небясьпечна. — РС), страх перад невядомым можа быць жудасны. Я падымалася разам зь вядомым нарвэскім спартоўцам, атлетам, які праходзіць па 100–150 кілямэтраў на лыжах. Ён расплакаўся перад штурмам вяршыні, патэлефанаваў дачцэ і абяцаў ёй „новую машыну, што заўгодна“, калі вернецца», — узгадвае Лілія.
Яна дадае, што пакуль мае сілы, хоча «зрабіць» усе 14 васьмітысячнікаў. Навесну Лілія плянуе выправіцца на Анапурну ў Нэпале, а ўлетку — на Нанґа Парбат у Пакістане.
«Хацела б працягваць», — кажа Лілія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска падняла на Эвэрэст бел-чырвона-белы сьцяг, сьцягі Ўкраіны і Канады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падыму бел-чырвона-белы сьцяг», — 61-гадовая Лілія Яноўская можа стаць першай беларускай на Эвэрэсьце