Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыехаў з інспэкцыяй у рэгіён, які мяжуе зь Беларусьсю, каб праверыць якасьць умацаваньняў на ўкраінскай мяжы.
«Валынь. Будаўніцтва фартыфікацый і нарада па бясьпецы нашых паўночных рэгіёнаў. Асноўная ўвага — абароне нашай дзяржаўнай мяжы ў абласьцях, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю. Працягваем узмацняць украінскую мяжу», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале.
Украіна мяжуе зь Беларусьсю ў Валынскай, Жытомірскай, Ровенскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях.
У Ровенскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі паведамілі, што памежнікі рэгіёну кантралююць сытуацыю на мяжы сродкамі візуальнага і радыёлякацыйнага назіраньня.
«Асобна мяжа кантралюецца сродкамі кругласутачнага назіраньня, асобна — элемэнтамі выяўленьня рухомых наземных аб’ектаў, якія маюць магчымасьць вызначаць каардынаты цэлі, напрамак і хуткасьць руху. Функцыянуе сучасная і надзейная сыстэма паветранага маніторынгу, якую забясьпечваюць камэры аддаленага відэаназіраньня, якія дазваляюць ажыцьцяўляць дыстанцыйны кантроль за ўсім участкам мяжы», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У той жа час абласныя ўлады адзначылі, што мяжа зь Беларусьсю «працягвае заставацца небясьпечнай, таму працягваюцца ўмацаваньні». Агульная працягласьць мяжы зь Беларусьсю ў Ровенскай вобласьці складае 229 кілямэтраў, 90 зь іх — непраходныя балоты.
Агульная працягласьць мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю — 1084,2 кілямэтра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вырашылі пабудаваць яшчэ адну заставу на мяжы з Украінай. У колькі абыдзецца будоўля- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.