Ва Ўкраіне правялі рэканструкцыю дзьвюх памежных застаў у Валынскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю.
«Цяпер заставы адпавядаюць сучасным стандартам», — паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
У прыватнасьці, аднавілі адміністрацыйныя і гаспадарчыя будынкі, боксы для аўтамабільнай тэхнікі, а таксама памяшканьні для адпачынку і пражываньня пэрсаналу.
На фота, апублікаваных Дзяржаўнай памежнай службай Украіны, можна пабачыць таксама апорныя пункты памежнікаў, інжынэрныя абарончыя збудаваньні на мяжы зь Беларусьсю — як на сухапутнай мяжы, так і цераз раку.
Фартыфікацыі складаюцца таксама з так званых «зубоў цмока», супрацьтанкавых равоў, а таксама сьцяны на ўкраінскім беразе ракі. У памежжы на ўкраінскай тэрыторыі стаяць папераджальныя таблічкі «Увага, міны».
Апошнія некалькі дзён некалькі сілавых структур Беларусі, у тым ліку Міністэрства абароны, Дзяржаўны памежны камітэты і Сілы спэцыяльных апэрацый, выступілі з заявамі аб тым, што Ўкраіна павялічыла сваю вайсковую прысутнасьць і разьмясьціла амэрыканскае і нямецкае вайсковае ўзбраеньне ў памежжы зь Беларусьсю, а таксама «у шэрагу мінна-выбуховых загародах» падрыхтавала праходы для ДРГ (дывэрсійна-выведных груп).
Апроч таго, у Памежным камітэце Беларусі пабачылі, што ў паласе адказнасьці Жытомірскага памежнага атрада знаходзяцца падразьдзелы «Расейскага добраахвотніцкага корпусу», якія рабілі выхады на мяжу, а таксама праводзілі выведку пры дапамозе бесьпілётнікаў. У Гомельскай вобласьці беларускія памежнікі нібыта знайшлі схованку «з кампанэнтамі для вырабу самаробных выбуховых прылад».
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка, камэнтуючы на просьбу Свабоды сытуацыю, заявіў, што Ўкраіна не пагражае Беларусі, а наадварот, вымушаная абараняцца, бо «Беларусь працягвае падтрымліваць тэрарыстаў і ў свой час адкрыла мяжу для расейскіх акупантаў».
«Як заўсёды, у стылі Беларусі гаварыць то пра зброю і сродкі тэрору з Украіны, то пра правакацыі, на якія будуць жорстка рэагаваць, і г.д. Нягледзячы на ўсё гэта, пакуль Беларусь застаецца ў арбіце ўплыву краіны-тэрарысткі, Украіна будзе нарошчваць сваю абароназдольнасьць, каб даць адпор усім, хто ідзе да нас зь Беларусі з вайной», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
Форум