Актывіста з Наваполацку завочна асудзілі на вялікі тэрмін і штраф

Андрэй Зуеў

Віцебскі абласны суд прысудзіў 7 гадоў зьняволеньня актывісту з Наваполацку Андрэю Зуеву. Таксама ён пакараны штрафам у 8000 рублёў.

Судзілі Андрэя Зуева завочна. Мужчыну прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў «стварэньні экстрэмісцкай арганізацыі» і «распальваньні сацыяльнай варажнечы».

«Ніяк ня стаўлюся да гэтага прысуду, не лічу яго законным, бо сапраўдных судзьдзяў у Беларусі няма, а гэтыя, якіх прызначылі, прысмакталіся да народу і п’юць зь яго апошнюю кроў», — пракамэнтаваў прысуд Андрэй Зуеў.

Пра вырак ён дазнаўся ад знаёмых і абскарджваць яго не зьбіраецца.

Андрэю Зуеву 45 гадоў, у Наваполацку ён працаваў на СП «Марк Фармэль», быў дзеячом «Народнай Грамады» Мікалая Статкевіча, у 2020 годзе адбываў адміністрацыйны арышт, пасьля чаго зьехаў зь Беларусі разам зь сям’ёй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаліся суды над вядомым вандроўнікам-раварыстам і фігурантам «тэрарыстычнага сьпісу»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Маскве завочна арыштаваў двух беларускіх добраахвотнікаў. Што вядома