Сталі вядомыя імёны жанчын, якія выйшлі на волю датэрмінова
Гэта:
- Дар’я Лосік, жонка журналіста Свабоды Ігара Лосіка, якога пасадзілі на 15 гадоў. Дар’я правяла за кратамі больш за 1 год і 8 месяцаў за камэнтар «экстрэмісцкаму» мэдыя пра ейнага зьняволенага мужа. Ёй заставалася менш за месяц да канца тэрміну. Падчас зьняволеньня Лосікаў іхную малую дачку Паўлінку гадавалі бацькі Дар’і.
- Паліна Палавінка, жонка журналіста Белтэлерадыёкампаніі Дзьмітрыя Лукшы, асуджанага на 4 гады. Паліну асудзілі за ўдзел у пратэстах. Яна правяла за кратамі 2 гады і 1 месяц. Ёй заставалася менш за месяц да канца тэрміну.
- Тамара Астрэйка, якую затрымалі за ўдзел у пратэстах. Яна правяла за кратамі больш за 1 год і 7 месяцаў.
- Кацярына Мадзянкова, якую асудзілі за ўдзел у пратэстах. Яна правяла за кратамі больш за 7 месяцаў. У яе ёсьць малая дачка.
Усе палітзьняволеныя вышлі з калёніі № 4 у Гомлі 3 ліпеня. Першапачаткова ў гэтым сьпісе фігуравала імя Сьвятланы Лупач, дачкі журналіста Зьмітра Лупача. Аднак пазьней высьветлілася, што Сьвятлана выйшла на волю 2 ліпеня, бо ў яе скончыўся тэрмін зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З гомельскай калёніі вызваліліся 5 жанчын-палітзьняволеных, у тым ліку Дар’я Лосік, — праваабаронцыПачаўся набор абітурыентаў з аўтызмам у IT
Абітурыентаў з дыягназам «аўтыстычны разлад» запрашаюць у Менскі каледж лічбавых тэхналёгій на кірунак «распрацоўка і суправаджэньне праграмнага забесьпячэньня інфармацыйных сыстэм». Сёлета на курс плянуюць набраць 18 чалавек з такім дыягназам. Паступаць могуць абітурыенты пасьля 9-й і 11-й клясаў. У каледжы ўжо вучацца падлеткі з парушэньнем слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату, паведаміў дзяржаўны тэлеканал СТВ, заўважыў reform.by.
У Кіеўскі ўнівэрсытэт вернуць беларускую мову
У Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі вернуць вывучэньне беларускай мовы. Яе можна будзе вучыць на катэдры славянскай філялёгіі, паведаміў рэктар унівэрсытэту Ўладзімер Бугроў, напісала ўкраінскае выданьне «Укрінформ».
«Беларуская мова — гэта ня толькі мова самаабвешчанага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, гэта мова беларускага народу, ваяроў беларускіх фармаваньняў, якія ў складзе Ўзброеных сіл Украіны змагаюцца за свабоду і незалежнасьць і для Ўкраіны, і для сваёй радзімы», — падкрэсьліў Бугроў.
Зьявіўся падкаст, дзе тэму змогуць выбраць слухачы
Адзін зь іх запусьцілі беларускія журналісты Аляксандар Івулін і Мікіта Мелказёраў. Ён называецца «Нешта будзе». Атрымаць да яго доступ можна за 10 эўра ў месяц. Тэму для іхных размоваў змогуць выбіраць слухачы. Падкаст будзе выходзіць два разы на месяц. Першы выпуск, пра футбол, ужо выйшаў.
«Мы не працавалі разам з часоў „Трыбуны“, вось вырашылі паспрабаваць яшчэ раз. Тым больш Мікіта енчыў пра падобны фармат апошнія чатыры гады — і ўсё ніяк ня мог пачаць», — пішуць вядоўцы ў анонсе да першага выпуску.
У сеціве зьявіўся альбом беларускага гурту Fratrez
«Ora» — гэта дэбютны і адзіны альбом праекту, які балянсаваў на стыку сакральнай, містычнай і старажытнай мэдытатыўнай музыкі. Пра перавыданьне складанкі зь дзесяці кампазыцый паведаміў у сетках музыка Сяргей Доўгушаў.
Гэты альбом запісалі 13 гадоў таму ў Музэі-майстэрні Заіра Азгура ў Менску з гукарэжысэрам Віктарам Кісьценем.
«Музычная гісторыя, у аснове якой ляжыць спалучэньне драматычнага, рокавага і сузіральнага. Ora — момант унутранага дзеяньня, імгненьне адхіленьня ад разбуральных карцін рэчаіснасьці. Пяць «ор» — пяць станаў, — распавядаў тады пра альбом Ultra-music.com лідэр гурту Сяргей Доўгушаў.
Праект Fratrez стварылі ў 2008 годзе ў Менску Сяргей Доўгушаў (вакал, тэксты), Наста Папова (скрыпка), Андрэй Еўдакімаў (гітара) і Вольга Палякова (флейта). З 2011 году да яго складу далучыліся Ілона Лесь (віялянчэль) і Аляксандар Ясінскі (баян).
Паслухаць альбомможна тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Добрыя навіны тыдня. Выратаваныя бусьлянкі, раздача марозіва, запуск плятформы для творцаўДобрыя навіны тыдня. Беларусы запатэнтавалі дзьве палоскі на кедах і выпусьцілі калыханку Добрыя навіны тыдня. Вызвалілі частку палітвязьняў, выратавалі чалавека з-пад цягнікаРаспродаж кніг у піжамах і бусьлянка ў незвычайным месцы. Добрыя навіны тыдня