Праз паступовае закрыцьцё межаў і абмежаваньне паездак у суседнія краіны Эўразьвязу на аўтамабілях зь беларускімі нумарамі амаль адзіным варыянтам трапіць у Вільню ці Варшаву застаюцца аўтобусныя перавозкі. Гэта адбіваецца на цэнах і наяўнасьці квіткоў.
Некаторыя перавозчыкі пакуль стараюцца не павышаць цэны. Да прыкладу, VisitTour даволі даўно трымае стабільныя цэны — квіткі зь Менску ў Варшаву каштуюць 130 рублёў. Самыя дарагія квіткі зь Менску да Варшавы прапануе кампанія Ecolines — за 200 рублёў. З Варшавы да Менску — ад 258 да 297 польскіх злотых (у сярэднім прыкладна 60-70 эўра).
Звычайна вышэйшыя цэны ў выходныя і калі купляць квіткі ня загадзя, а на найбліжэйшыя дні. Розьніца можа быць істотнай.
Менск — Вільня: рэкордная цана 94 эўра на аўтобусе
Што да цэнаў зь Менску ў літоўскую сталіцу і назад, тут таксама самыя дарагія квіткі на Ecolines. На афіцыйным сайце пазначана, што цэны на аўтобус Менск — Вільня пачынаюцца ад 140 рублёў. Але на ўсе рэйсы да канца ліпеня квіткі каштуюць 200 рублёў. У продажы пакуль квіткі ёсьць толькі на самы раньні рэйс, на астатнія ўсё распрададзена.
Зь Вільні цэны на квіткі ў кампаніі на Еurolines вагаюцца ад 48 да 55 эўра. Але на многія маршруты праз інтэрнэт квіткі не прадаюць.
Кампанія «Атлас» (Аtlasbus) прадае квіткі да Вільні па 140-160 рублёў.
Калі шукаць квіткі праз сайт /www.intercars-tickets цэны на білеты па маршруце Менск — Вільня вагаюцца ад 45 да 94 эўра (есьць квіткі па 60, 74, 84 эўра).
Мянчук Андрэй у размове са Свабодай расказаў, што купіў для сям’і на адпачынак танныя квіткі на лоўкост у Гішпанію зь Вільні і давялося тэрмінова шукаць, як дабрацца да віленскага аэрапорту.
«На машыне зь беларускімі нумарамі ехаць у Літву — не варыянт у сьвятле апошніх падзей. Удалося знайсьці квіткі на аўтобус па 74 эўра на чалавека. Квіток на самалёт зь Вільні да Барсэлёны абышоўся ў 30 эўра на чалавека, а зь Менску да Вільні — у 74 эўра. А нас чацьвёра. Дык да Вільні адлегласьць усяго 180 кілямэтраў! Яшчэ невядома, колькі на мяжы прастаім. А некалі абураліся, што цягнік Менск — Вільня каштаваў 16 эўра, маўляў, дорага», — кажа Андрэй.
«Камфорт так сабе, але што зробіш?»
Дар’я вымушаная езьдзіць зь Менску ў Варшаву і назад прыкладна раз на месяц. Ейны муж працуе ў польскай сталіцы. На яе думку, самы камфартабэльны перавозчык — Ecolines.
«Праўда, ён і самы дарагі, але нармальная адлегласьць паміж крэсламі, ногі можна выцягнуць, кава, прыбіральня. З астатнімі — як карта ляжа. Менш за ўсё мне шанцавала зь „Візыт-турам“. Двойчы езьдзіла, аўтобусы былі новыя, кітайскія. Але такія нязручныя! Калені ўпіраюцца ў сьпінку папярэдняга крэсла У мяне рост 162 і даволі мініятурная камплекцыя. Калі чалавек вялікі, не ўяўляю, як яму ехаць. Калі перад табой пасажыр адкідвае крэсла, вельмі нязручна, складваецца ўражаньне, што крэслы разьлічаныя на дробных кітайцаў альбо дзяцей. Даросламу ехаць — як у катавальні», — дзеліцца ўражаньнямі паездкі на кітайскіх аўтобусах Дар’я.
Яна кажа, што аднойчы кіроўцы са спачуваньнямі і прабачэньнямі папярэджвалі, што прыбіральня ў аўтобусе разьлічаная на 20 наведваньняў і сьлёзна прасілі карыстацца ёй толькі ў скрайніх выпадках, а лепш выходзіць для гэтага на прыпынках. Дар’я ўспамінае пастаянныя праблемы з абагрэвам і кандыцыянэрамі.
«Кандыцыянэры не рэгулююцца — альбо сьпякота, альбо холад. Трэцяга не дадзена. Адзін раз я думала, што ў мяне „згараць“ ногі — падлога была, як распаленая печ. Я падышла да кіроўцы, папрасіла паменшыць падагрэў. Ён кажа, што калі паменшыць, вы зьмерзьніце. Камфорт так сабе, але што зробіш?» — кажа Дар’я.
Спадарыня Галіна 25 ліпеня вярталася ў Менск з польскага Катавіцэ, дзе жыве яе дачка. Да апошняга дня яны разам адсочвалі сытуацыю на польска-беларускай мяжы. 25 ліпеня чарга аўтобусаў дасягала 60. Вырашыла вяртацца ў Менск празь Вільню. Купіла квіток з Варшавы да Вільні на аўтобус Ecolines на 22:30. А 7-й раніцы ён павінен прыбыць у Вільню, квіток зь Вільні ў Менск быў «з запасам часу», на 9:30.
«Зразумела, кошт такога майго вяртаньня ў Менск павялічваецца ў два разы. Але колькі нэрваў перагарае! З Варшавы аўтобус адправіўся са спазьненьнем на 2,5 гадзіны. Ён ехаў з Прагі і ў Варшаве чакалі нейкіх пасажыраў, якія затрымліваліся ў дарозе. Натуральна, я моцна нэрвавалася, ці пасьпею ў Вільні перасесьці на свой аўтобус у Менск. За што людзям такія пакуты?» — эмацыйна кажа жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча заявіла, што можа спыніць беларускія грузаперавозкі праз сваю мяжу, калі Менск ня выкананае трох умоваўЗа грошы ўсё ж можна перасесьці ў бліжэйшы да мяжы аўтобус?
Часам чарга на перасячэньне мяжы зь Беларусі ў Польшчу і ў зваротным кірунку дасягае 60 аўтобусаў і людзі вымушаны чакаць па 10-20 гадзін.
У апошнія дні, мяркуючы па тэлеграм-каналах «Автобус Брест — Тересполь», «Граница BY-LT» ды іншых, многім удаецца з канца чаргі перасесьці ў аўтобусы, якія прасунуліся бліжэй да мяжы. Нягледзячы на папярэджаньні і забароны. Цана пытаньня розная. Хтосьці піша пра 50 беларускіх рублёў, хтосьці — пра 40 эўра. Ёсьць таксама паведамленьні і пра 100 эўра — усё залежыць ад «сьціпласьці» кіроўцы.
Што да паездкі ў Літву, дарога зь Менску ў Вільню цяпер займае прыкладна ад 6 да 10 гадзін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс Ціханоўскай правёў перамовы з прадстаўнікамі Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі наконт аўтамабільнях абмежаваньняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Літвы патлумачылі, ці можа аўтамабіль зь беларускімі нумарамі ўехаць у Літву зь іншай краіны ЭЗ