Ужгарадзкі гарадзкі-раённы суд Закарпацкай вобласьці абавязаў абласное Сьледчае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі пачаць дасудовае расьсьледаваньне для праверкі фактаў, выкладзеных у заяве грамадзкай арганізацыі «НОН-СТОП» аб незаконным гандлі цыгарэтамі і алькаголем бізнэсоўца Артура Гранца, які мае беларускі пашпарт.
Як высьветлілі актывісты грамадзкай арганізацыі, Артур Гранц за час поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны стаў «адзіным лідэрам продажу цыгарэт праз сыстэмы Duty Free». Арганізацыя назвала яго «каралём кантрабанды».
Згодна з інфармацыяй арганізацыі, Артур Гранц — бэнэфіцыяр украінскага ТАА «Д’юті Фрі Трейдінг», якое займаецца безакцызным продажам цыгарэт праз сыстэму Duty Free. У апублікаваным матэрыяле актывістаў згадваецца, у прыватнасьці, пункт пропуску «Парубнае — Сірэт» на мяжы з Румыніяй. Толькі ў 2022 годзе там рэалізавалі 4 252 700 пачак цыгарэт — па 25 пачак на кожнага грамадзяніна, які перасякаў мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ў часе вайны надалей зьяўляюцца кампаніі з капіталам і заснавальнікамі зь БеларусіЯк адзначаецца ў расьсьледаваньні актывістаў, кампанія Артура Гранца афармляла продаж цыгарэт на грамадзян, якія перасякалі мяжу, а насамрэч прадавала тытунь кантрабандыстам, якія далей рэалізоўвалі тавар у краінах Эўразьвязу.
Паводле зьвестак арганізацыі «НОН-СТОП», Артур Гранц валодаў крамамі бязмытнага гандлю ў кіеўскіх аэрапортах «Барыспаль» і «Жуляны», а таксама ў іншых аэрапортах Украіны.
«Толькі за лістапад-сьнежань 2020 году крамы бязмытнага гандлю ў аэрапорце «Кіеў» («Жуляны») «прадалі пасажырам, фармальна, паводле дакумэнтаў, 530 584 блёкі цыгарэт — па 23 блёкі на кожнага чалавека. Насамрэч людзі нават ня ведалі, што яны „набылі“ скрыні цыгарэт. У той жа час гэтыя тытунёвыя вырабы развозіліся ў нелегальныя гандлёвыя пункты на тэрыторыі Ўкраіны, дзе іх рэалізавалі за гатоўку», — адзначаецца ў расьсьледаваньні грамадзкай арганізацыі.
Аналягічную схему выкарыстоўвалі і пры рэалізацыі алькагольных напояў — акцызны падатак ня сплачваўся, бо фармальна прадукцыя нібыта вывозілася за мяжу.
Паводле інфармацыі актывістаў, Артур Гранц валодае больш як 35 крамамі бязмытнага гандлю ў Беларусі і «мае партнэрства з Кіраўніцтвам спраў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, на падставе чаго можна меркаваць, што бізнэсовец зьяўляецца партнэрам Лукашэнкі».
Актывісты сьцьвярджаюць, што Артур Гранц мае беларускае грамадзянства, а два ягоныя сыны — Давід і Арман — жывуць у Падмаскоўі і маюць ва ўласнасьці некалькі гандлёвых кампаній, такіх як ТАА «Авангард» і ТАА «Міка Холдынг». Таксама побач зь імі пражывае і займаецца бізнэсам у сфэры гандлю іхны брат Марэн Гранц, які зьяўляецца ўласьнікам ТАА «Маг-Інтер».
Артур Гранц — канцавы бэнэфіцыяр 12 украінскіх кампаній, некаторыя зь якіх зарэгістраваныя на Кіпры, як мяркуюць актывісты, «для пазьбяганьня падаткаў і вываду грошай, атрыманых ад рэалізацыі злачынных схем».
У 2020 годзе праз адну з такіх кампаній Артур Гранц стаў уласьнікам украінскага часопісу «Forbes».
На падставе сваіх матэрыялаў арганізацыя зьвярнулася ў некалькі ўкраінскіх судоў з патрабаваньнем правесьці праверку «незаконнага афармленьня» продажу тытунёвых вырабаў і алькагольных напояў на асобаў, якія перасякалі мяжу ў кірунку эўрапейскіх краін.
Артур Гранц нарадзіў ва Ўкраіне. Пасьля распаду СССР ягоныя бацькі пераехалі ў Беларусь, дзе ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
Ва Ўкраіне ён пражываў на падставе дазволу на жыхарства, але ў 2021 годзе выехаў з Украіны ў Гішпанію, дзе ў яго ёсьць нерухомасьць.
Паводле ўкраінскіх СМІ, Артур Гранц мае рэпутацыю пасьпяховага і ўстойлівага бізнэсоўца. Ён не камэнтаваў публічна такія абвінавачаньні.