24 ліпеня беларускі рубель умацаваўся адносна іншых валют. Даляр каштуе 3,146 рубля, эўра — 3,41, расейскі рубель 3,58 рубля за 100 рублёў. Адбылося максымальнае тыднёвае ўмацаваньне беларускага рубля да валютнага кошыка зь ліпеня мінулага году.
Па выніках тыдня ў адносінах да беларускага рубля патаньнелі ўсе замежныя валюты, а больш за ўсё — расейскі рубель. Даляр таньнее адносна беларускага рубля другі тыдзень запар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль існуе адмоўнае сальда тавараў і паслуг, існуе і пагроза дэвальвацыі, — эканамістка Лузгіна«Валюты хапае»
Унутраныя прычыны ўмацаваньня беларускага рубля — паляпшэньне сытуацыі з замежным гандлем і дастатак валюты на рынку, мяркуе старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.
«Сытуацыя з замежным гандлем крыху палепшала, дастаткова прапаноў на ўнутраным рынку даляра і расейскага рубля. Другі момант — людзі працягваюць прадаваць валюту больш, чым купляць. Гэтая тэндэнцыя захаваецца наступныя месяцы. Нацбанк на днях павысіў нормы рэзэрваваньня па ўкладах у замежнай валюце. Як вынік — камэрцыйным банкам стала яшчэ менш выгадна захоўваць дэпазыты ў замежнай валюце», — даводзіць экспэртка.
Па яе словах, гэта прывядзе да таго, што могуць яшчэ больш зьменшыцца і так нізкія стаўкі для дэпазытаў у замежнай валюце. Ад гэтага такія дэпазыты стануць яшчэ менш прывабнымі для людзей.
«Людзі працягнуць здымаць уклады ў замежнай валюце, і гэты працэс можа паскорыцца», — дадае экспэртка.
Сярод вонкавых фактараў, якія ўплываюць на ўмацаваньне беларускага рубля, экспэртка называе ўстойлівую пазыцыю расейскага рубля да даляра. Да канца месяца экспэртка прагназуе ўмацаваньне расейскага рубля, што зьвязана з падатковымі выплатамі ў гэтай краіне. Гэта будзе падмацоўваць і курс беларускага рубля, мяркуе Анастасія Лузгіна.
Чаго чакаць у пэрспэктыве
Да канца году, паводле Анастасіі Лузгіной, будзе павольнае ваганьне курсу рубля да замежных валют як у адзін, так і ў другі бок. Аднак курс рубля будзе павольна зьніжацца.
«Да канца году мы будзем назіраць павольнае зьніжэньне беларускага рубля. Гэта зьвязана з прагнозам што да расейскага рубля, ніякіх перадумоваў для рэзкага падзеньня расейскага рубля зараз няма», — кажа экспэртка.
Анастасія Лузгіна адзначае, што праз такія тэндэнцыі на дэпазытах у далярах цяпер цяжка зарабіць. Да таго ж яна адзначае зьмяншэньне ролі даляра ў беларускай эканоміцы. Пры гэтым даляр ня будзе моцна абясцэньвацца. Аднак ён перастае быць панацэяй для захаваньня грошай.
«У Беларусі адбываецца перафарматаваньне рынку, зьніжэньне важнасьці замежнай валюты. Калі 10 гадоў таму гандаль ішоў у далярах і эўра шмат у чым, то цяпер дынаміка памянялася ў бок расейскага рубля. Даляр становіцца не такім важным. Адпаведна, рэакцыя рынку больш арыентаваная на расейскі рубель. Імкненьне захаваць усё ў далярах ідзе з часоў жорсткага рэгуляваньня Нацбанку. Цяпер жа курс вызначаецца рынкам і дэвальвацыйныя працэсы не адбываюцца хутка», — кажа экспэртка.
Экспэрт дасьледчага цэнтру Beroc Анатоль Харытончык прагназуе падзеньне беларускага рубля да канца году ў межах 4%, што зьвязана з запавольваньнем росту эканомікі ў другой палове году. На ягоную думку, беларускі рубель можа абясцэніцца яшчэ больш, але пры ўмове шокавых падзей у эканоміцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт Харытончык: У другой палове 2024 году ў эканоміцы Беларусі чакаецца стагнацыя