У Краснадарскім краі Расеі прыпынілі інвэстыцыйны праект па стварэньні зборачнай вытворчасьці беларускіх аўтобусаў і электробусаў. Пра гэта выданьню «Ведомости Юг» паведамілі ў міністэрстве прамысловай палітыкі рэгіёну.
Паводле міністэрства, прычынай прыпыненьня праекту сталі сёлетняе ўступленьне ў сілу зьменаў у пастанову расейскага ўраду «Аб утылізацыйным зборы», а таксама павышэньне каэфіцыентаў разьліку гэтага збору ў дачыненьні да транспарту, выпушчанага ў абарачэньне на тэрыторыі Расеі.
«Гэта робіць заплянаваныя да выпуску аўтобусы і электробусы неканкурэнтаздольнымі ў адносінах да існых вытворцаў з прычыны высокага сабекошту», — гаворыцца ў паведамленьні рэгіянальнага міністэрства прамысловай палітыкі.
Пра пляны стварыць такую вытворчасьць у чэрвені 2023 году заявіў губэрнатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам. Тады плянавалі пачаць зборку на Кубані аўтобусаў на газаматорным паліве і электробусаў. Інвэстарам павінна было выступаць краснадарскае ТАА «Дылерскі цэнтар Поўдзень» — афіцыйны пастаўшчык пасажырскай, грузавой і спэцыяльнай тэхнікі «Менскага аўтамабільнага заводу», «Белаўтамаза» і «Белкамунмаша».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Продажы новых аўтобусаў МАЗ на рынку Расеі ўпалі амаль удвая ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАЗы ў агні. Чаму аўтобусы беларускай вытворчасьці рэгулярна гараць на вуліцах гарадоў