Усе дамы павінны падключыць да электрычнасьці да 1 жніўня, а аблвыканкамы павінны прыцягнуць грамадзян да ўборкі захламленых тэрыторыяў, гаворыцца ў распараджэньні «аб ліквідацыі наступстваў небясьпечных мэтэаралягічных зьяваў», якое 23 ліпеня падпісаў Аляксандар Лукашэнка.
Згодна з распараджэньнем, Міністэрству энэргетыкі даручана:
- да 1 жніўня — падключыць да электразабесьпячэньня ўсе абясточаныя дамы,
- да 22 жніўня — падключыць да штатных ліній электраперадач населеныя пункты, дзе пакуль працуюць дызэль-генэратарныя ўстаноўкі,
- да 31 сьнежня — прааналізаваць стан электрычных сетак і падрыхтаваць прапановы аб павышэньні надзейнасьці электразабесьпячэньня.
Міністэрствам лясной гаспадаркі, прыроды і адукацыі, а таксама Ўпраўленьню спраў Лукашэнкі і Нацыянальнай акадэміі навук даручылі завяршыць ачыстку даступных лясных насаджэньняў ад пашкоджаных стыхіяй дрэваў і іх частак, шляхам правядзеньня суцэльных (да 1 лістапада) і выбарачных санітарных высечак (да 31 сьнежня) і ўборак захламленасьці.
Міністэрства прамысловасьці павінна:
- разам з ААТ «МАЗ» да 1 лістапада вырабіць і паставіць да 100 сартымэнтавозаў МАЗ для вывазу драўніны,
- разам з ААТ «АМКАДОР» выканаць усе кантрактныя абавязаньні перад Міністэрствам лясной гаспадаркі па пастаўках лесанарыхтоўчай тэхнікі ва ўзгодненых аб'ёмах.
Абласным выканаўчым камітэтам даручылі «арганізаваць прыцягненьне грамадзян да ўборкі захламленасьці на адпаведных тэрыторыях», а таксама забясьпечыць аднаўленьне пашкоджаных капітальных пабудоваў (будынкаў, збудаваньняў) і іх частак (апорных канструкцыяў, дахаў, агароджаў і іншага) на тэрыторыі сваіх абласьцей. У дакумэнце прапісаныя канкрэтныя тэрміны, у якія розныя аблвыканкамы павінны выканаць распараджэньні (у асноўным цягам ліпеня — жніўня, для Гомельскай вобласьці — да 21 верасьня, для Магілёўскай — да 1 кастрычніка).
Кантроль за рэалізацыяй распараджэньня ўсклалі на Камітэт дзяржкантролю Беларусі.
Паводле МНС, 13–14 ліпеня ад стыхіі ў Беларусі пацярпелі больш за 2,7 тысячы населеных пунктаў, зь іх 2272 — у Гомельскай вобласьці. 338 населеных пунктаў у Беларусі засталіся без вады. У 17 раёнах адключалася сотавая і тэлефонная сувязь. Былі пашкоджаныя дахі ў 6200 жылых дамах, зь іх 3883 адноўленыя.
Загінулі 7 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, траўмы атрымалі 75 чалавек. Паводле стану на раніцу 23 ліпеня 13 пацярпелых застаюцца ў бальніцах, стан траіх характарызуецца як цяжкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць загінулых падчас урагану ў Беларусі дасягнула сямі чалавек, — МНС ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Біяпрыбіральні? Ніхто да такога не дадумаўся». Жыхары пра наступствы ўрагану на Гомельшчыне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў выслаць палітвязьняў на ачыстку наступстваў непагадзі