Сьледчыя ўстанавілі абставіны гібелі траіх рабочых у выніку хімічнага выбуху 7 чэрвеня 2023 году на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце. Абвінавачаным па справе прызналі 31-гадовага намесьніка начальніка цэху рэгенэрацыі, паведамляе прэс-служба СК.
Паводле сьледчых, 7 чэрвеня 2023 году мужчына даручыў сваім падначаленым правесьці хімічную ачыстку перакісам вадароду пасудзіны, якая працуе пад высокім ціскам. Падчас выкананьня работ адбылася самаадвольная ланцуговая экзатэрмічная рэакцыя, што і справакавала выбух магутнасьцю амаль 680 кг у тратылавым эквіваленце.
Паводле СК, жыхар Сьветлагорску больш за 2 гады працаваў на пасадзе намесьніка начальніка цэху рэгенэрацыі Сьветлагорскага ЦКК і «дакладна ведаў, што прамываньне падагравальніка перакісам вадароду не прадугледжана тэхнічнай дакумэнтацыяй, аднак з мэтай эканоміі часу даручыў рабочым выканаць гэтую працэдуру».
«У выніку злачынных дзеяньняў кіраўніка цэху загінулі трое рабочых (24, 31 і 42 гады). Шкода, нанесеная прадпрыемству, перавысіла 7 мільёнаў рублёў», — гаворыцца ў паведамленьні СК.
Па выніках расьсьледаваньня 31-гадоваму намесьніку начальніка цэху рэгенэрацыі Сьветлагорскага ЦКК прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 302 Крымінальнага кодэксу Беларусі (парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бясьпекі на выбухованебясьпечных прадпрыемствах або ў выбухованебясьпечных цэхах, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць дзьвюх і больш асобаў, а таксама прычыненьне шкоды ў асабліва буйным памеры).
Таксама сьледчыя прыйшлі да высновы, што выбух стаў магчымы з прычыны недахопаў у сфэрах выкананьня правілаў прамысловай бясьпекі і аховы працы на прадпрыемстве. На імя старшыні канцэрну «Беллеспаперапрам» унесьлі прадстаўленьне з мэтай ліквідацыі недахопаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінімум 5 сьмерцяў, мільярдныя даўгі і разрыў кантракту з інвэстарам. Успамінаем гісторыю Сьветлагорскага кардоннага камбінату- Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат сумнавядомы шматлікімі скаргамі на яго з боку мясцовых жыхароў і шэрагам трагічных здарэньняў на прадпрыемстве.
- З 2020 году на заводзе загінулі сама меней пяць чалавек, каля дзесяці атрымалі розныя траўмы. У выніку апошняга выбуху на Сьветлагорскім ЦКК 7 чэрвеня 2023 году тры чалавекі загінулі, чацьвёра атрымалі раненьні.
- Пасьля аварыі 7 чэрвеня першым пра яе напісала мясцовае выданьне «Ранак». На здымках выданьня было бачна, як з заводу выцякала атрутная вадкасьць — чорны шчолак. Праз два дні па 9 супрацоўнікаў выданьня прыйшла міліцыя. Сайт выданьня заблякавалі, сацсеткі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пазьней «экстрэмісцкім фармаваньнем» стаў увесь «Ранак». У сьнежні журналісты выданьня трапілі пад крымінальны перасьлед.
- Мясцовыя жыхары скардзяцца на смурод ад Сьветлагорскага ЦКК і кепскае самаадчуваньне ад бруднага паветра з 2017 году. У Сьветлагорску ўтварылася экалягічная ініцыятыўная група, якая займалася праблемамі заводу. Актывісты напісалі чыноўнікам больш за сотню скаргаў.
- У кастрычніку 2023 году Сьветлагорскі ЦКК пакаралі за шкоду, нанесеную навакольнаму асяродзьдзю, штрафам у 3 341 758,02 рубля (плюс 33 417,58 рубля дзяржаўнай пошліны).