У Беларусі расьце колькасьць дзяцей у сацыяльна небясьпечным становішчы

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Беларусі павялічваецца колькасьць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы (СНС), вынікае са словаў галоўнай спэцыялісткі ўпраўленьня сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалягічнай працы Міністэрства адукацыі Алены Вайцяховіч.

Паводле яе, на 1 ліпеня 2024 году ў сацыяльна небясьпечным становішчы прызналі больш за 23 тысяч дзяцей з 11 тысяч сем’яў.

Пры гэтым за першае паўгодзьдзе 2024 году 77% дзяцей зьнялі з уліку СНС «у сувязі з нармалізацыяй сытуацыі ў сям’і», адзначыла чыноўніца, а 2 тысячы дзяцей адабралі ў бацькоў і прызналі дзецьмі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Для параўнаньня: паводле зьвестак на канец траўня 2023 году, «у сацыяльна небясьпечным становішчы» знаходзіліся больш як 19 тысяч дзяцей з 9 тысяч сем’яў, на пачатак 2023 году — 23,7 тысячы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сацыяльна небясьпечнае становішча — за «дармаедзтва» і «экстрэмізм». Былы пэдагог расказвае, як чыноўнікі забіраюць у беларусаў дзяцей
  • У канцы вясны 2024 году набылі сілу зьмены, якія пашырылі магчымасьці дзяржавы ціснуць на бацькоў. У дакумэнце прапісаны такі крытэр, як «амаральны лад жыцьця». Статус СНС сям’і цяпер могуць надаць за тое, што бацькі прыцягваліся да адказнасьці, у тым ліку за «прапаганду ці публічнае дэманстраваньне нацысцкай сымболікі» (артыкул 19.10 КаАП) і «распаўсюджваньне экстрэмізму» (артыкул 19.11 КаАП). Альбо за адсутнасьць афіцыйнага працаўладкаваньня на працягу трох месяцаў.
  • Пасьля падзей 2020 году некаторыя бацькі, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, зазналі ціск з боку органаў апекі, школы і дзіцячых садкоў. Ім пагражалі ўключэньнем у сьпіс «сацыяльна небясьпечных», што ў пэрспэктыве магло б прывесьці да новых праблем. Многія з гэтай прычыны мусілі тэрмінова пакідаць краіну.
  • Апошнім часам прызнаньне дзяцей у сацыяльна небясьпечным становішчы, а таксама пагрозы пазбаўленьня бацькоўскіх правоў апошнім часам выкарыстоўваюць для ціску на нязгодных з палітыкай уладаў і палітзьняволеных жанчын.
  • Пры гэтым дзяржаўныя органы часам праяўляюць бязьдзейнасьць у выпадках, калі дзеці зазнаюць рэальную небясьпеку.
  • Органы апекі актывізаваліся ў пытаньні выяўленьня сацыяльна небясьпечнага становішча дзяцей у 2023 годзе на фоне забойства бацькамі трохгадовага Сямёна Таратуты ў Слуцку, а потым — забойства маці чатырох сваіх дзяцей у лютым 2024 году ў Воршы. Адметна, што хлопчык, які загінуў у Слуцку, ня быў прызнаны дзіцём у СНС. Бацьку і маці Сямёна Таратуты пазбавілі бацькоўскіх правоў ужо пасьля сьмерці дзіцяці, хоць яны зьбівалі дзіця за дрэнныя паводзіны, хлопчык быў зьнясілены і на момант сьмерці важыў 7 кг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як рэжым Лукашэнкі парушае правы дзяцей. Погляд палітыкаў, лекараў і праваабаронцаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры месяцы бяз працы. Улады зьмянілі крытэры так званага «СОП», калі могуць адабраць дзяцей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі расьце колькасьць бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, і дзяцей-сірот