Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі расьце колькасьць бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, і дзяцей-сірот


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

2023-і для Беларусі стаў рэкордным за апошнія 5 гадоў у колькасьці асобаў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, а таксама ў колькасьці дзяцей, чые бацькі падпалі пад такую меру, паведамляе ThinkTanks.by.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2023 годзе ў Беларусі 2776 чалавек пазбавілі бацькоўскіх правоў — гэта максымальная колькасьць за апошнія 5 гадоў. У параўнаньні з папярэднім годам гэтая лічба вырасла на 70. Жанчыны складаюць 40% сярод бацькоў, пазбаўленых правоў.

Колькасьць дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі правоў, таксама аказалася максымальнай за пяцігадовы пэрыяд — 3427 (годам раней іх было на 123 чалавекі менш). Часьцей за ўсё ў бацькоў забіраюць дзяцей ва ўзросьце 7-10 гадоў.

Колькасьць дзяцей-сірот або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, таксама расьце ўжо чатыры гады запар. За 2023 год у Беларусі іх выявілі 2491. Для параўнаньня, у 2020 годзе дзяцей без бацькоў налічвалася 2112. Да 2019 году іх колькасьць устойліва зьніжалася, сьведчаць зьвесткі Белстату, вывучаныя Тhinktanks.by.

  • Апошнім часам заканадаўцы і праваахоўнікі Беларусі пачалі рыхтаваць шэраг мераў, якія ўзмацняюць жорсткасьць нормаў у дачыненьні да бацькоў. Так, у кастрычніку 2023 году ўрад унёс на разгляд у парлямэнт законапраект, які дазваляе камісіі ў справах непаўналетніх адбіраць у бацькоў дзіця без пазбаўленьня бацькоўскіх правоў. Было заяўлена, што ў заканадаўства таксама будуць уносіць іншыя карэкціроўкі, зьвязаныя зь «дзяржаўнай абаронай дзяцей».
  • У сакавіку 2024 году Генпракуратура паведаміла, што падрыхтавала законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць для бацькоў, чые дзеці самі парушылі закон ці сталі ахвярамі злачынства.
  • У сьнежні 2023 году ў Беларусі зьмянілі падыходы да прызнаньня «дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы» (СНС). У прыватнасьці, гэта закранула дзяцей у сем’ях, дзе бацькі абое афіцыйна не працаўладкаваныя.
  • У СНС маюць права ўключыць на падставе палітычнага перасьледу: калі кагосьці з бацькоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за «прапаганду або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі» (арт. 19.10 КаАП); «распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе яе» (19.11); «незаконны выраб і (або) распаўсюд мэтодык альбо іншых матэрыялаў пра спосабы вырабу выбуховых прыладаў і выбуховых рэчываў» (19.12).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG