Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўнікоў энэргетычных ведамстваў трох краін, якую апублікавалі на сайце Мінэнэрга Літвы.
Энергакольца БРЭЛЛ зьвязвае разам энэргасыстэмы краін Балтыі, Расеі і Беларусі, дазваляючы згладжваць скачкі напружаньня ў сетцы і кіраваць патокамі энэргіі за кошт выкарыстаньня розных магутнасьцяў, піша «Настоящее время».
Латвія, Літва і Эстонія прынялі рашэньне выйсьці з гэтай сыстэмы і падпісалі пагадненьне аб сынхранізацыі сетак з ЭЗ праз Польшчу. Выхад з БРЭЛЛ быў заплянаваны на 2025 год.
У заяве гаворыцца, што краіны Балтыі цалкам гатовыя да сынхранізацыі з кантынэнтальнай эўрапейскай электрасеткай у лютым наступнага году, таму ў хуткім часе беларускія і расейскія ўлады будуць паінфармаваныя аб рашэньні не прадаўжаць дамовы. Postimees піша, што гэта павінна быць зроблена за паўгода да заплянаванага выхаду з БРЭЛЛ.
Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ўлады краін Балтыі вывучалі магчымасьць паскорыць пераход. Літва заклікала адключыцца ад БРЭЛЛ ужо ў 2024 годзе. Аднак у выніку ўсе ўдзельнікі працэсу вырашылі, што да завяршэньня падрыхтоўчых работ і выбудоўваньня інфраструктуры заўчасны выхад з БРЭЛЛ можа прывесьці да нестабільнай работы энэргасыстэм кожнай з краін Балтыі.