У сьпісе «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», які складае КДБ Беларусі, ужо амаль 450 чалавек, асуджаных з палітычных матываў, падлічыла «Наша Ніва».
Сайт КДБ Беларусі, на якім раней публікавалі сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», не працуе зь лютага 2024 году пасьля ўзлому «Кібэрпартызанаў». Пакуль сайт недаступны, сілавікі вырашылі апублікаваць сьпіс у адмысловым тэлеграм-канале — за гэты час ён павялічыўся, заўважыла выданьне.
Апошні раз апублікаваны КДБ «сьпіс тэрарыстаў» абнаўляўся 28 чэрвеня 2024 году. Паводле выданьня, зь лютага 2024 году, калі «Кібэрпартызаны» ўзламалі сайт КДБ, у сьпіс дадалося 46 прозьвішчаў. Зь іх 35 — беларусы, яшчэ адзін — украінец.
Так, у сьпіс дадалі маладую маці Кацярыну Шаблінскую-Іванову, індывідуальнага прадпрымальніка з Баранавічаў Сяргея Бунату, жанчыну, якая мае сына з інваліднасьцю, — Надзею Лапцёнак, былога вайскоўца Дзяніса Кучынскага, 18-гадовага першакурсьніка БДПУ Германа Лебедзева і 43-гадовую мянчанку Ірыну Гаўрыловіч.
Ёсьць і тыя, хто зьехаў ад перасьледу за мяжу і асуджаны завочна. Так, у сьпісе зьявіліся імёны Вольгі і Андрэя Павукоў, колішняга ўдзельніка каманды Віктара Бабарыкі і сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова, а таксама палітоляга Дзьмітрыя Балкунца.
Агулам на цяперашні момант у «тэрарыстычным сьпісе» КДБ 1160 імёнаў. Зь іх каля 450 — людзі, уключаныя туды з палітычных матываў (у тым ліку двое грамадзян Украіны), гэта амаль 40% ад усяго сьпісу.
Унясеньне ў «тэрарыстычны сьпіс» накладае значныя абмежаваньні: напрыклад, «тэрарыстам» нельга перавесьці грошы ў СІЗА або калёнію. Па вызваленьні былому «тэрарысту» немагчыма адкрыць рахунак у банку і вельмі цяжка ўладкавацца на добрую працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 14 гадоў да 74. «Вясна» расказала пра беларускіх «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматдзетная маці, супрацоўніца «Аднаго акна», паліталягіня. Каго чарговым разам абвясьцілі тэрарыстамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ унёс у «сьпіс тэрарыстаў» Паўла Белавуса, Дзьмітрыя Семчанку, Яна Рудзіка і яшчэ 6 чалавек