Міністэрства абароны Польшчы павялічыла колькасьць вайскоўцаў, прыцягнутых да аховы мяжы зь Беларусьсю, заявіў намесьнік кіраўніка ведамства Павал Бэйда 10 ліпеня на канфэрэнцыі аб праграме «Шчыт Усход». Паводле яго слоў, для падтрымкі Памежнай варты ўжо накіравалі 8 тысяч жаўнераў. Яшчэ 9 тысяч мусяць знаходзіцца ў стратэгічнай рэзэрве.
«У выпадку пагрозы яны зьявяцца на мяжы цягам 48 гадзін», — цытуе афіцэра tvp.info.
Начальнік Генэральнага штабу Веслаў Кукула адзначыў, што «зьменіцца ўся канцэпцыя ўдзелу войска ў апэрацыях на мяжы», заўважыў «Позірк».
Акрамя гэтага, 10 ліпеня Памежная служба Польшчы падпісала кантракт на мадэрнізацыю тэхнічнага бар’ера на мяжы зь Беларусьсю.
«Прадметам кантракта зьяўляецца ўмацаваньне пралётаў фізычнага бар’ера. Падрадчыкам зьяўляецца Polimex Mostostal S.A. На выкананьне заплянаваных работ было выдаткавана больш за 117 мільёнаў злотых. Тэрмін завяршэньня работ — лістапад 2024», — паведамілі ў ведамстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская мытня забараніла ўезд зь Беларусі аўтамабіляў без уладальніка4 ліпеня паведамлялася, што Варшава разьлічвае на дапамогу замежных памежнікаў і паліцэйскіх пры патруляваньні мяжы зь Беларусьсю. Гаворка пра прадстаўнікоў адпаведных структур зь Нямеччыны, Грэцыі і Фінляндыі.
Таксама ў Варшаве адзначалі, што памежнае агенцтва Эўразьвязу Frontex фіксуе павелічэньне амаль удвая з пачатку году колькасьці мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Эўразьвяз праз усходнюю мяжу. А міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі праз пастаянныя атакі на мяжы і гібель польскага вайскоўца пагражаў разглядам пытаньня аб закрыцьці мяжы.
Акрамя таго, праз уведзеныя ў чэрвені новыя санкцыі, польскія мытнікі пастрожылі надгляд аўтамабіляў. 10 ліпеня ў адзіным працоўным пункце пропуску Кукурыкі/Казловічы польскі бок заблякаваў рух грузавых аўтамабіляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мытны камітэт Беларусі паведаміў, што польскі бок не прымае грузавікі ў адзіным пункце пропуску. У Варшаве адказалі