Цяпер Мікіту Залатарову пагражае яшчэ адзін год калёніі паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).
За што пакаралі Мікіту Залатарова
Мікіту затрымалі ў Гомлі 11 жніўня 2020 году, калі яму было толькі 16 гадоў і 2 месяцы. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў КК – у арганізацыі масавых забурэньняў (арт. 293), незаконных дзеяньнях у дачыненьні да прадметаў з выкарыстаньнем гаручых рэчываў (арт. 295-3) і гвалце альбо пагрозе гвалту адносна супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (арт. 364). Паводле сьледзтва, якое ішло нядоўга, Мікіта Залатароў кінуў у бок міліцыянтаў «кактэйль Молатава», ад якога ніхто не пацярпеў. У лютым 2021 году адбыўся суд, па выніках якога хлопец атрымаў пакараньне ў 5 гадоў зьняволеньня ва ўмовах выхаваўчай калёніі.
Вядома, што пасьля абвяшчэньня прысуду зь Мікітам здарылася гістэрыка, у судзе з жалезнай клеткі ён крычаў: «Выпусьціце мяне адсюль!».
Адбываць пакараньне Мікіту Залатарова адправілі ў выхаваўчую калёнію №2 для непаўналетніх, якая знаходзіцца ў Бабруйску.
У ліпені 2021 году Мікіту чакаў новы суд – гэтым разам палітвязьня абвінавацілі ў тым, што ён нібыта напаў на працаўніка СІЗА і пагражаў другой супрацоўніцы і яе родным. На судзе хлопец прызнаў віну, але тлумачыў, што ён абараняўся ад біцьця. «Гэта быў ня гвалт, а супраціў. Абразьлівыя словы я вымавіў на эмоцыях», – казаў Мікіта. Вынік суду – паўтара года калёніі агульнага рэжыму. Праз складаньне двух тэрмінаў пакараньня малады вязень атрымаў агулам 4,5 года зьняволеньня.
Паводле закону, у выхаваўчай калёніі непаўналетняга асуджанага могуць трымаць да дасягненьня ім узросту ў 21 год, але адразу пасьля таго, як Мікіту Залатарову споўнілася 18, яго з выхаваўчай калёніі №2 перавялі ў папраўчую калёнію №15 пад Магілёвам. Чаму ў чэрвені 2022 году гэтак вырашыў суд Бабруйскага раёну, у праваабаронцаў зьвестак няма. Але і ў ПК-15 Мікіта Залатароў надоўга не затрымаўся. Ужо ў жніўні яго перавялі ў жодзінскую турму № 8 ва ўмовы строгага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сама меней 254 палітвязьні знаходзяцца ў асаблівай рызыцы за кратамі. Блінкен і Ціханоўская заклікалі іх вызваліцьЯк абыходзіліся зь непаўналетнім вязьнем
Ад сваякоў Мікіты Залатарова і зь ягоных скаргаў у судзе вядома, што падчас сьледзтва яго шмат разоў білі, у тым ліку ўжывалі электрашокер. «Адвядуць далей ад камэры – і б'юць дубінкамі», – казаў пра сьледзтва Мікіта Залатароў. Паводле бацькі палітвязьня Міхаіла Залатарова, у судзе сын у яго пытаўся: «Калі мяне ўжо біць перастануць?».
Падчас сьледзтва ў Гомельскім СІЗА юнака трымалі ў адзіночнай камэры.
Таксама вядома, што Мікіту Залатарова падчас ягонага знаходжаньня ў выхаваўчай калёніі №2 некалькі разоў каралі штрафным ізалятарам.
Праваабаронцам дакладна вядома, што з папраўчай калёніі перавод на строгі рэжым у закрытую турму не адбываецца бязь некалькіх пакараньняў вязьня ШЫЗА і ПКТ. Праваабаронцы не выключаюць, што ў ПК-15 Мікіта Залатароў таксама сядзеў у ШЫЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за кратамі знаходзіцца 11 падлеткаў-палітвязьняў, — праваабаронцыЗдароўе Мікіты Залатарова
12 траўня 2024-га Мікіту Залатарову споўнілася 20 гадоў. У яго ёсьць праблемы са здароўем. Хлопец зь дзяцінства пакутуе на эпілепсію, што значна ўскладніла яму жыцьцё ва ўмовах зьняволеньня. Паводле праваабаронцаў «Вясны», падчас першага судовага працэсу Мікіта расказаў, што яму ў СІЗА не даюць таблетак. «Канваір сказаў: «Ты палітычны, здохнеш»», – казаў тады яшчэ непаўналетні Мікіта Залатароў.
Паводле бацькі палітвязьня Міхаіла, ягоны сын дрэнна пераносіць доўгае знаходжаньне ў адзіночнай камэры. «Мікіта толькі пасьпеў сказаць, што больш ня можа трываць: калі застанецца ў камэры адзін, ён ня вытрымае», – расказваў тата палітвязьня ў лютым 2021 году.
Зьвестак пра тое, за што менавіта цяпер судзяць Мікіту Залатарова паводле 411-га артыкулу, у праваабаронцаў няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Пасьля 3 гадоў турмы вызвалілі горадзенскага блогера Vadimati; Залатарова зноў будуць судзіць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17-гадовы палітвязень Мікіта Залатароў заявіў, што больш ня вытрымае ў адзіночцы