Лукашэнка-1994: кандыдат у вобразе «стаўленіка Масквы»

Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын і новаабраны прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Жнівень 1994 году

Калісьці з вышыні часу беларусы напішуць сваю гісторыю, убачаную з уласнага, беларускага гледзішча і з гледзішча сваіх нацыянальных інтарэсаў. Як у той гісторыі будуць выглядаць выбары першага прэзыдэнта?

Сьцісла:

  • Пра выбары 1994 году склаўся стэрэатып — гаварыць або добра, або нічога. Кожная спроба зірнуць на іх зь іншага ракурсу, як часам падаецца, выклікае боль.
  • Між тым калісьці напішацца ўласна беларуская, суб’ектная гісторыя Беларусі, у якой стэрэатыпы давядзецца перагледзець.
  • Найперш гаворка пойдзе пра сюжэт узыходжаньня Лукашэнкі на пасаду — не як выбранага прэзыдэнта Беларусі, а як самазванца ў вобразе стаўленіка Масквы, што і абумовіла ягоны прыход да ўлады і бясконца доўгае знаходжаньне ў ёй.

«Пераможцаў ня судзяць»?

Калега напісаў пра галоўную прычыну перамогі Лукашэнкі: маўляў, насельніцтва не дасьпела да незалежнасьці (ад Расеі, вядома ж) і магло прагаласаваць толькі за прарасейскага кандыдата. Ускосна гэта значыць, што насельніцтва само было прарасейскім. Гучыць, вядома, дыпляматычна. Але не дае адказу, напрыклад, на пытаньне: чаму прарасейскі Лукашэнка перамог ня менш прарасейскага Кебіча?..

Мы ведаем пра шматлікія парушэньні заканадаўства ў часе той выбарчай кампаніі, але чамусьці не дапускаем маніпуляцыяў і фальсыфікацыяў падчас галасаваньня і падліку галасоў, што заўсёды мела месца за савецкім часам і будзе абавязковай практыкай усіх наступных выбарчых кампаніяў. На гэтым гістарычным фоне доказаў таго, што выбары былі ўнікальна «чыстымі», няма. Тым ня менш яны прызнаюцца (дастаткова) законнымі і дэмакратычнымі.

Канцэпцыя нацыянальнай гісторыі будуецца на суб’ектнасьці нацыі, дзе крыніцаю ўлады зьяўляецца народ. Калі ж віна за падзеі ўскладаецца на сам гэты народ, ягоную нясьпеласьць або прарасейскасьць, гэта ўжо не нацыянальная гісторыя, а чыстая абстракцыя — «пераможцаў ня судзяць». Такая пазыцыя ніякім чынам ня ўпісваецца ў канву нацыянальнай візіі гісторыі, быццам мы глядзім на падзею чужымі вачыма і, прызнаючы парушэньні, імкнемся нацягнуць саву на глёбус, а ў выніку «аб’ектыўна» вінаватым ці пераможаным прызнаём народ.

Хоць наступныя 30 гадоў крычма крычаць пра памылковасьць такога погляду. Пашыраны стэрэатып прарасейскасьці беларусаў доўгі час фармаваўся самой Расеяй, дзяржаўнай палітыкай русыфікацыі, прапагандай, тэлевізарам, школай і нават геаграфіяй (Масква — сталіца нашай «родины»). Зразумела, што за тры гады незалежнасьці гэта ўсё ня зьнікла бязь сьледу. Але ці было яно вызначальным настолькі, каб сфармаваць выбар за Лукашэнку, які, да таго ж, «прарасейскім» у сьпісе кандыдатаў быў не адзін?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбег абставінаў, які можна было прадухіліць. Як Лукашэнка перамог на выбарах-1994 і чаму гісторыя магла пайсьці інакш

Прарасейскі народ

Што такое ўвогуле прарасейскасьць народу? У 1994-м калі нехта і пераконваў, што «Без Расеі мы прападзём», гэта ўспрымалася хутчэй як клікунства і было ў размовах людзей зусім не на першым месцы. А што было на першым? Матыў антыкебіча — так. А яшчэ — голая праграматыка.

Я гасьцяваў у вёсцы ў стрыечнага брата, ён быў начальнікам крымінальнага вышуку ў раёне, згатаваў юшку з прыпяцкай рыбы і, натуральна, зайшла ў нас гаворка пра кандыдатаў. Брат выбіраў Лукашэнку. У запале спрэчкі ён усклікнуў: «А хто маёй маці пэнсію будзе плаціць, ты, бээнэфавец?».

Мяркую, што для масы людзей, учорашніх вяскоўцаў, у якіх у вёсцы заставаліся бацькі, гэтая прычына галасаваць за Лукашэнку была на першым месцы. Яны з усіх сіл імкнуліся стаць гараджанамі, абжываліся ў горадзе, і эгаістычны клопат пра сваю ўласную свабоду ад апрыклых зь дзяцінства вясковых уляганьняў у зямлю ды скаціну быў галоўным, тут Лукашэнка, які абяцаў клопат пра пэнсіянэраў, здаваўся «сваім». Быў тады нават мэм такі — «пэнсія воўрамя».

Гэты народны прагматызм у масе сваёй яшчэ ня згадваў пра расейскія энэрганосьбіты ці крэдыты і зусім не апэляваў да нейкага там братэрства, а пагатоў да «вялікай расейскай культуры» ці масквацэнтрычнасьці. Нездарма казалі, што паміж мовай і каўбасой людзі выбралі каўбасу. Нічога абстрактнага, голая, хоць і недальнабачная, прагматыка. Спрабую неяк рэканструяваць тыя знакі часу, але пры тым ня маю і не магу мець канчатковай упэўненасьці, бо праўда тых выбараў схаваная ў закрытых архівах ці проста «зьнікла», як пазьней зьнікнуць апанэнты Лукашэнкі.

Мы ж сёньня можам спрачацца хіба што пра ўласны досьвед і пра тое, чыя гіпатэтыка выглядае больш праўдападобна і найлепш адпавядае нашай суб’ектнай нацыянальнай гісторыі. Такім чынам, голы прагматызм і папулісцкая нажыўка (барацьбіт з карупцыяй), а яшчэ — шкадаваньне пакрыўджанага (то яму пінжак парвуць, то ў машыну стрэляць). А яшчэ, з галоўнага: народ ня надта верыў, што ад ягонага выбару нешта залежыць, бо ня меў такога досьведу ў блізкай гісторыі.

Адзіны момант, дзе выразна праяўлялася прарасейская арыентацыя — масавыя ўцёкі беларусаў з калгасаў у горад, што пасьля вайны быў заселены расейскім начальствам, якое дыктавала стыль гарадзкога жыцьця. Людзі стараліся пераходзіць на «гарадзкую мову», але пры тым з расейцамі самі сябе не атаясамлівалі. І Лукашэнка зь ягонай знарочыстай трасянкай трапляў у гэтую вядомую кожнаму сытуацыю — як свой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Як мяняўся рэйтынг Лукашэнкі на працягу дзесяцігодзьдзяў. Тлумачэньне сацыёляга

Прарасейскі кандыдат

Ці быў Лукашэнка прарасейскім кандыдатам? Напэўна, можна сказаць, што быў, але вось чаму такое азначэньне гучыць не зусім некарэктна. Паміж першым і другім турам тых першых выбараў Лукашэнка выступіў у менскім клюбе Дзяржынскага перад актывам КГБ з заявай: «Стаўка будзе зробленая на КГБ па ўсёй вэртыкалі». Такім чынам, ён (ужо нібыта начальнік) зьвяртаўся да тайнай паліцыі, быццам прымаючы яе на працу, з прапановай уключыцца ў ягонае выбраньне, але ўжо сваімі, непублічнымі мэтадамі, пра вынікі якіх ня мусіць ведаць ніхто.

Тут, як і ў многіх іншых падобных выпадках, сытуацыя зусім не нагадвала тое, што мы называем выбарамі, пагатоў дэмакратычнымі. І асоба галоўнага пэрсанажа мала нагадвае таго, каго мы называем кандыдатам, няхай сабе і прарасейскім.

Па-першае, зразумела, што гэта ня быў заклік да звычайных грамадзян (якія працуюць у КГБ) прыйсьці і прагаласаваць за кандыдата. Па-другое, варта паспрабаваць уявіць сабе, каб з падобным заклікам пра стаўку па ўсёй вэртыкалі Байдэн ці Трамп выступілі на сустрэчы з работнікамі ФБР... Зрэшты, уявіць сабе ў гэткай ролі і кагосьці іншага з кандыдатаў на беларускае прэзыдэнцтва ў 1994-м немагчыма.

Чалавек з глыбокім непрыманьнем і неразуменьнем самой прыроды дэмакратычных выбараў (якіх «пры ім» у Беларусі ня стала ў першы ж дзень), які быў «гатовы на каленях паўзьці ў Расею» і там прасіў Дзярждуму «зрабіць яго прэзыдэнтам Беларусі» (менавіта зрабіць, паставіць, прызначыць), які ніколі не разглядаў сябе як удзельніка канкурэнтнай барацьбы, гэты чалавек выбраў сабе ролю стаўленіка Расеі, а ніяк ня нейкага там прарасейскага кандыдата на нейкіх там нікому не патрэбных выбарах.

І тое, што за 30 гадоў ён ня здаў незалежнасьць, як гэта мусіў бы зрабіць уласна прарасейскі прэзыдэнт, сьведчыць пра гэта. У стаўленіка іншыя задачы. Напрыклад, дадатковы прарасейскі голас у ААН, як любіла тлумачыць «самастойнасьць» БССР савецкая намэнклятура. Урэшце, сама прарасейскасьць Лукашэнкі, яна не культурная і нават не рускамірская, а чыста субардынацыйная.

Дырэктар саўгасу пайшоў на падвышэньне і трымае сінімі пальцамі ўладу на «этам клачку зямлі». Прыйшоўшы да ўлады ў вобразе самазванага расейскага прызначэнца, Лукашэнка ніколі не ўсьведамляў і не паводзіў сябе як прэзыдэнт Беларусі. Гэта быў старшыня абкаму ці, з нацяжкай, першы сакратар ЦК КПБ, які бязь меры лісьліва разам зь Ельцыным разьбівае вобзем крамлёўскі кілішак, а прэса на ўсе лады разглядае шанцы самазванца на ролю пераемніка гаспадара імпэрыі...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Мілінкевіч у праекце «Сьведкі Лукашэнкі»: «Я не лічу, што Лукашэнка быў стаўленікам Масквы»

Вымучаная прарасейскасьць

Ці можна ўтрыманства стаўленіка Масквы і ўтрыманьне ім пэрсанальнай улады назваць прарасейскай палітыкай? А хто яшчэ мусіць утрымліваць «свайго» прызначэнца, як не Масква? І якой палітыкі, апроч русыфікацыі беларусаў, ад яго патрабаваць? Іншая рэч — беларускі народ, які вымушаны быў усе гэтыя трыццаць гадоў (дый раней) у адказ на гэтую палітыку хавацца, уцякаць, прыстасоўвацца, але ўсё ж даць свой, суб’ектны вэрдыкт: масавага пераходу беларусаў у расейцы ніводзін перапіс не паказаў.

Думка пра «натуральную» прарасейскасьць беларусаў культывуецца ўладамі ўсе гэтыя 30 гадоў і яшчэ 30 перад імі. У выніку сёньня некаторыя нават апазыцыйныя актывісты часам выступаюць за дзьве дзяржаўныя мовы ў будучай Беларусі, то бок не даганяюць у гэтай справе нават той камуністычны Вярхоўны Савет, які прыняў закон з адзінай, беларускай мовай, а стаяць на пазыцыях Лукашэнкі, які той закон праз фальшывы рэфэрэндум адмяніў.

Чым яны тлумачаць сваю пазыцыю? Тым, што ня трэба з моўнага пытаньня рабіць галоўнага і што мова ў палітыцы ўвогуле ні пры чым. Але якраз беларуская мова, як і нацыянальная сымболіка, ужо на першым годзе прэзыдэнцтва была для Лукашэнкі пытаньнем нумар адзін. Расейскаму стаўленіку яна замінала на шляху ягонага імавернага ўзыходжаньня па службовай лесьвіцы «ўгору», у Маскву.

Якраз гэтае пытаньне (адной дзяржаўнай мовы) мусіць быць на першым месцы ў канцэпцыі нацыянальнай гісторыі, каб сёньняшнія апанэнты рэжыму маглі ўрэшце выйсьці з туману непатрэбных дыскусіяў і сварак ды ўбачыць рэальную карціну сьвету, дзе мы ўсе ёсьць, і шлях, куды нам трэба ісьці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.