Сьцісла:
- Канчатковы вынік, калі левыя атрымалі большасьць, а Лё Пэн — значна менш за тое, на што разьлічвала, у пэўным сэнсе нечаканы
- Не зусім зразумела, у чым палягала стратэгія Макрона
- Такога яшчэ не было ў гісторыі Францыі, каб была створаная ўрадавая кааліцыя паміж супрацьлеглымі палітычнымі сіламі
- Сацыялісты, зялёныя і правацэнтрысты Макрона — усе яны вельмі рашуча выступаюць за максымальную падтрымку Ўкраіны, у тым ліку вайсковую
— Як у цэлым можна ацаніць вынікі парлямэнцкіх выбараў у Францыі? Ці чакалася, што левыя і цэнтрысты здолеюць дамовіцца і зьняць сваіх кандыдатаў дзеля таго, каб не прапусьціць прадстаўнікоў «Нацыянальнага Аб’яднаньня» (RN) Марын Лё Пэн? Увогуле — ці апраўдалася стаўка прэзыдэнта Макрона, калі ён абвясьціў датэрміновыя выбары? Ці дасягнуў ён сваіх мэтаў?
— Галоўная нечаканасьць у тым, што найбольш месцаў у парлямэнце ў выніку атрымала кааліцыя левых — «Новы народны фронт» (NFP). Тое, што ніхто не атрымае пераканаўчай большасьці, — гэта было зразумела. Тое, што спрацуе «рэспубліканскі блёк», каб не прапусьціць ультраправых, — гэта таксама чакалася.
Але канчатковы вынік, калі левыя атрымалі большасьць, а Лё Пэн — значна менш за тое, на што разьлічвала, гэта ў пэўным сэнсе нечакана.
Ці спрацавала стратэгія Макрона — цяжка адказаць. Найперш таму, што не зусім зразумела, у чым тая стратэгія палягала. Можа, мэта і была ў тым, каб стварыць такую сытуацыю, дзе ні ў кога ня будзе большасьці, — каб у наступныя 2 гады паказаць, што няма годнай альтэрнатывы цэнтрыстам Макрона. З гэтага гледзішча, можа, такая стратэгія яшчэ і спрацуе — спроба перазапусьціць палітычны цэнтар, які рабіўся ўсё менш папулярным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі другі тур выбараў прайшоў пры рэкорднай яўцы. Экзыт-полы: большасьці ў парлямэнце не атрымае ніхто— Якія магчымыя варыянты, што будзе з урадам, хто яго будзе фармаваць? Францыя — прэзыдэнцкая рэспубліка, але якія варыянты на стале ў Макрона?
— Так, у Францыі ўрад прызначаецца прэзыдэнтам. А парлямэнт, калі нязгодны, можа прагаласаваць за недавер ураду. У папярэднім складзе парлямэнту ўжо было некалькі спробаў адправіць цяперашні ўрад у адстаўку. Але гэта не атрымлівалася, бо левыя не падтрымлівалі ініцыятывы правых, а правыя — левых.
Таму тэарэтычна цяперашні ўрад пасьля выбараў можа не ісьці ў адстаўку. Парлямэнт можа абвясьціць яму недавер. Але нават пасьля гэтага (да таго моманту, калі будзе прадстаўлены і зацьверджаны новы ўрад) стары ўрад можа працаваць далей, выконваць тэхнічныя функцыі, але не рабіць ніякіх істотных рэформаў. Таму тэарэтычна можа адбыцца і такі сцэнар, у якім цяперашні ўрад будзе працягваць працаваць 2 гады да новых выбараў.
На сёньня ў парлямэнце ёсьць тры вялікія блёкі, ніводзін зь якіх ня мае большасьці. Левыя атрымалі 182 месцы ў парлямэнце, правацэнтрысцкі альянс Макрона — 168, а «Нацыянальнае Аб’яднаньне» (RN) і саюзьнікі Лё Пэн — 143. І гэтыя блёкі паміж сабой амаль ні ў чым ня згодныя. Такога не было ў гісторыі Францыі, каб была створаная ўрадавая кааліцыя паміж супрацьлеглымі палітычнымі сіламі.
Левыя сказалі, што яны паспрабуюць скласьці новы ўрад, каб патрабаваць ад Макрона яго прызначыць. Аднак яны вельмі розныя ў гэтай левай кааліцыі, і ніхто ня ўпэўнены, што ім удасца дамовіцца па асноўных кандыдатах на міністэрскія пасады. Аднак нават калі яны прапануюць гэты ўрад, прэзыдэнт зусім не абавязаны менавіта яго прадстаўляць парлямэнту для прызначэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьяўляецца перамога ўльтраправых у Францыі паваротным пунктам для Эўропы?— Давайце акурат пагаворым пра гэты левы блёк, «Новы народны фронт» (NFP). Гадамі ўся ўвага была скіраваная на ўльтраправых Лё Пэн, аднак ці не прадстаўляюць гэтыя левыя таксама даволі радыкальны флянг? У гэтай кааліцыі камуністы, зялёныя, радыкальная папулісцкая «Няскораная Францыя» і сацыялісты. Чаго ад іх можна чакаць?
— Там ідуць даволі дынамічныя працэсы. Пасьля прэзыдэнта-сацыяліста Алянда ў гэтай кааліцыі сапраўды рэй вяла даволі радыкальная «Няскораная Францыя». Аднак за апошнія гады сацыялісты набіраюць усё больш вагі ў гэтай кааліцыі, выступаюць усё лепш.
Увогуле гэтая кааліцыя — чыста электаральны альянс. Нават калі яны ідуць разам на выбары — то дзеля таго, каб паміж іхнымі кандыдатамі не было канкурэнцыі ў акругах. І вось цяпер на выбарах у Эўрапарлямэнт сацыялісты ўзялі нават больш галасоў за «Няскораную Францыю», а на гэтых выбарах у іх прыблізна роўная колькасьць дэпутатаў.
У гэтым «Новым народным фронце» ніколі не было адзінай праграмы. Яны, напрыклад, пасварыліся наконт канфлікту паміж Палестынай і Ізраілем, бо «Няскораная Францыя» не жадала прызнаваць, што 7 кастрычніка адбыўся тэрарыстычны акт з боку ХАМАСа. У іх асобныя парлямэнцкія групы, ніколі не было адзінай групы.
І ў гэтым сэнсе зараз у іх павінна пачацца дыскусія наконт таго, які ўрад яны як умоўныя пераможцы выбараў павінны прапанаваць. І нават некаторыя газэты, якія выйшлі сёньня, пішуць, што самая складанае для левых пачынаецца зараз — як застацца разам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Краіну хістае». Беларусы Францыі пра тое, што адбываецца перад вырашальным турам парлямэнцкіх выбараў— Не сакрэт, што міжнародная ўвага да выбараў у Францыі шмат у чым тлумачыцца менавіта стаўленьнем афіцыйнага Парыжу да вайны ва Ўкраіне. Аналітыкі задаюцца пытаньнем, што тут можа зьмяніцца пасьля выбараў.
— Шмат будзе залежаць ад таго, што будзе з урадам. Але паводле Канстытуцыі менавіта прэзыдэнт адказвае за замежную палітыку і пытаньні бясьпекі. Аднак ён можа рабіць толькі тое, што прадстаўлена ў рамках бюджэту, які прымае парлямэнт.
Усе разумеюць, што ў «Нацыянальнага Аб’яднаньня» Лё Пэн былі сувязі з Пуціным і Расеяй. Апошнім часам яны актыўна пачалі казаць, што выступаюць за дапамогу Ўкраіне, аднак не дазволяць даслаць ва Ўкраіну францускіх вайскоўцаў і могуць не дазволіць украінцам атакаваць тэрыторыю Расеі францускай зброяй.
Што да левай «Няскоранай Францыі», то яны таксама супраць таго, каб Францыя непасрэдна ўдзельнічала ў гэтым канфлікце — хоць на словах яны за дапамогу Ўкраіне і салідарнасьць. Аднак астатнія палітычныя сілы — сацыялісты, зялёныя, і правацэнтрысты Макрона — яны ўсе вельмі рашуча выступаюць за максымальную падтрымку Ўкраіны, у тым ліку вайсковую.
Таму можна меркаваць, што пры любым варыянце разьвіцьця падзеяў ня будзе радыкальных зьменаў у стаўленьні Францыі да вайны ва Ўкраіне. Бо вельмі малаімаверна, што міністрам замежных спраў будзе хтосьці зь «Няскоранай Францыі» альбо «Нацыянальнага Аб’яднаньня». Бо нават калі левыя прадставяць свае прапановы наконт ураду, будзе так, што міжнароднымі пытаньнямі будзе займацца хтосьці з памяркоўных сацыялістаў.
Увогуле можна канстатаваць, што найбліжэйшыя два гады ў Францыі будзе даволі моцная нестабільнасьць з урадам. Ня будзе ўраду большасьці, таму кожнае прынцыповае пытаньне трэба будзе праводзіць, шукаючы альянсы і кааліцыі. У гэтым сэнсе новых радыкальных крокаў ад Францыі я б не чакаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі парлямэнцкіх выбараў у Францыі: перамаглі левыя, але пэрспэктывы фармаваньня ўраду няясныя