Украіна з Расеяй чарговы раз абмяняліся ваеннапалоннымі. У межах гэтага абмену былі вызваленыя 10 украінцаў, пяцёра зь якіх утрымліваліся ў беларускіх турмах. Адна з вызваленых — жыхарка Чарнігава Натальля Захаранка. Яна расказала сваю гісторыю Свабодзе.
28 чэрвеня Украіна вярнула з расейскага палону 10 чалавек. Сярод іх было пяць грамадзян Украіны, арыштаваных на тэрыторыі Беларусі. За пасярэдніцтва ў падрыхтоўцы вызваленьня людзей прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў Ватыкану і Аб’яднаным Арабскім Эміратам.
«Яшчэ пяцёра цывільных, якія былі захопленыя на тэрыторыі Беларусі і пазбаўленыя свабоды: Мікалай Швец, Натальля Захаранка, Павал Купрыенка, Людміла Ганчарэнка і Кацярына Бруханава. Усе яны ўжо вызваленыя і дома — ва Ўкраіне», — напісаў Зяленскі.
Натальлю Захаранку, жыхарку Чарнігава, затрымалі ў Беларусі ў сярэдзіне ліпеня 2023 году. Увесну 2024 году Гомельскі абласны суд прызнаў яе вінаватай у «агентурнай дзейнасьці» і пакараў 9 гадамі зьняволеньня. Суд быў закрытым. Натальля, якая зараз ужо дома ў Чарнігаве, пасьля вызваленьня пагутарыла са Свабодай.
«Не дайшла мая чарга»
У 2022–2023 годзе Натальля практычна штомесяц езьдзіла ў беларускі Мазыр праз Польшчу. Яна перавозіла людзей, дакумэнты, рэчы. Мяжа Беларусі з Украінай пасьля ўварваньня Расеі закрытая, таму паслугі Натальлі карысталіся попытам. Яна кажа, што часта вывозіла беларусаў ва Ўкраіну, да сваякоў. Практычна год да Натальлі не было прэтэнзій у беларускіх уладаў. Але ў ліпені 2023 году яна раптам зьнікла ў Мазыры. Знайшлася ў гомельскім СІЗА.
Натальля расказала Свабодзе, што ў Мазыры спынялася ў сяброўкі. Яе таксама схапілі, абвінавацілі ў «неданясеньні пра злачынства». На судзе Натальля атрымала 9 гадоў за «агентурную дзейнасьць», сяброўка — штраф у 100 базавых за «неданясеньне».
«Я езьдзіла, мяне не чапалі; да мяне проста не дайшла чарга. Тут ж, як кажуць, прыйшоў час. Мне схапілі, калі я ўжо 10 дзён была ў Мазыры. На 6 дзён кінулі ў ІЧУ ў Гомелі, потым перавялі ў СІЗА», — узгадвае арышт украінка.
Абвінавачваньні яна называе «поўным трэшам, трызьненьнем, высмактаным з пальца». Натальля мяркуе, што яе пакаралі за тое, што шмат беларусаў вывезла ва Ўкраіну і часта перасякала мяжу.
«Суд быў закрыты, рабіце высновы самі — каб ніхто на яго ня трапіў, ніхто ня чуў, што там было, ніякіх доказаў няма», — кажа Натальля.
Яна зазначае, што абвінавачаньні беларусак, зь якімі яна сядзела ў СІЗА, сталі проста шокам для яе.
«Чалавек напісаў недзе „рашысты“ — атрымаў год, іншы напісаў камэнтар з трох словаў — атрымаў два з паловай гады, паставіў „падабайку“ — паўтара года. У мяне проста няма словаў! Я проста ў шоку», — жахаецца ўкраінка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну вярнуліся 5 чалавек, якіх раней арыштавалі і засудзілі ў Беларусі. Хто яны?«На судзе хацела крыкнуць „Слава Ўкраіне!“
Натальля кажа, што на судзе і падчас прысуду піла заспакаяльныя сродкі — валярʼянку, каб «не пачаць выступаць».
«Бо на прысудзе мне карцела крыкнуць „Слава Ўкраіне“, ды я забаялася што яшчэ гадоў пяць дадаткова атрымаю», — узгадвае былая зьняволеная. Яна кажа, што артыкул «агентурная дзейнасьць» у СІЗА лічыцца палітычным і таму стаўленьне да такіх зьняволеных адпаведнае. Па словах Натальлі, да такога артыкулу цяжка знайсьці адваката, усе адмаўляюцца. Яна мела абаронцу і лічыць гэта цудам.
Ад розных канвойных было рознае стаўленьне да палітычных. Некаторыя «стараліся» і кожную гадзіну прымушалі даваць справаздачу канвойнаму — імя, прозьвішча, паводле якога артыкулу сядзіш, расказвае Натальля.
«Абавязкова трэба было дадаваць: „Схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці“. „Даруй, Госпадзе“, — дадавала я», — успамінае ўкраінка.
Пасьля прысуду Натальля рыхтавалася да этапу ў жаночую калёнію, ужо сабрала рэчы, сумкі, чакала адпраўкі.
Але за ёй прышлі і загадалі: «З рэчамі на выхад». Натальля думала, што яе пераводзяць у другую камэру. Жанчыну пасадзілі ў «бусік» і павезьлі некуды, нічога не гаворачы. На галаву адзелі мяшок, у вушы — берушы.
Разам з Натальляй у «бусік» трапілі ваеннапалонныя з Расеі і яе суседка з Чарнігава, Людміла Ганчарэнка. Яна таксама часам езьдзіла ў Беларусь, яе таксама затрымалі, абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасьці» і далі 3 гады калёніі. На момант вызваленьня Людміла ўжо была ў гомельскай жаночай калёніі.
«Толькі літаральна за гадзіну да мяжы нам паведамілі, што нас перададуць ва Ўкраіну, па абмене. У мяне быў такі шок, так трэсьліся рукі, што я не магла выпіць вады, заліла ўсю футболку. У мяне была гістэрыка, я думала, што гэта нейкі сон», — зазначае Натальля.
«Усё было, як у блёкбастэры»
Натальля расказвае, што на беларускі бок мяжы з Украіны даставілі траіх вайсковых расейцаў, якія былі ў палоне, і аднаго сьвятара. Расейцы былі на інвалідных вазках. Але вазкі трэба было вярнуць украінскаму боку. Таму ўкраінцы, у тым ліку Натальля, узялі тыя вазкі і пакацілі іх назад. На вазкі яны паклалі свае рэчы. Пасьля ўсіх пасадзілі на верталёт і яны паляцелі ў Кіеў. «Усё было, як у блёкбастэры», — сьмяецца Натальля.
Яна ўзгадвае, што пасьля словаў пра абмен і вяртаньне ва Ўкраіну яна мела толькі адно жаданьне — патэлефанаваць маці і сказаць: «Мама, я дома». «Я да гэтага часу не апамяталася, нібыта ў сьне ўсё. Пайшла ў горад, там людзей столькі, аўтамабіляў! Я разгубілася, ня ведаю куды рукі дзець. Ці ззаду трымаць, як у турме, ці ў кішэні пхаць іх», — расказвае Натальля.
Суразмоўца дадала, што ў турме ў яе пахіснулася здароўе — упаў зрок, баліць сьпіна, бо штодзень можна было толькі сядзець, нельга было ляжаць.
«Таблетку там, хоць які анальгін, не дапросісься. У мяне ціск быў: з 6 раніцы да паловы 10 вечара чакала, каб яго проста памералі. Ну як там мераюць — сунеш руку ў „кармушку“ і так з горам папалам мераюць», — успамінае ўкраінка.
Яна думае, што яшчэ доўгі час будзе адыходзіць ад апошняй паездкі ў Беларусь. На пытаньне, ці паедзеце туды некалі зноў, Натальля жартам адказвае: «Толькі калі разам з вамі ці калі вас туды трэба завезьці».
«Як у вас там кажуць? „Не сядзеў — не беларус“? — кажа Натальля. — Так, але гэта рэальна жах, за што там садзяць людзей. Я і раней ведала, што там робіцца, але нават ня ведала, што за нейкае трызьненьне магу трапіць за краты».
Эмоцыі і першыя кадры вяртаньня ўкраінцаў з расейскага палону, 29 чэрвеня 2024 году. Відэа: Украінская служба Радыё Свабода:
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эратычнае шоў». Пінскі актывіст Рамановіч расказвае, як уцёк з радзімы