Рада прыняла заяву з нагоды вызваленьня ў Беларусі пяці ўкраінскіх грамадзян, а таксама датэрміновага выхада на волю шэрагу беларускіх палітвязьняў.
У дакумэнце адзначаецца, што КР прытрымліваецца «прынцыпаў абароны правоў чалавека» і лічыць жыцьцё і свабоду грамадзян «галоўнымі каштоўнасьцямі дэмакратычнага грамадзтва».
Згодна з заявай, Каардынацыйная рада «вітае і падтрымлівае намаганьні міжнародных партнэраў, праваабарончых арганізацый, усіх дэмакратычных сіл Беларусі, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, скіраваныя на пошук і выкарыстаньне ўсяго спэктру эфэктыўных мэханізмаў для вызваленьня беларускіх палітвязьняў».
«Зьвяртаем увагу, што ў турмах Беларусі працягвае заставацца больш за 1.400 прызнаных праваабарончымі арганізацыямі палітычных зьняволеных. А рэальная колькасьць нявінна асуджаных з палітычных матываў да адбыцьця пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі перавышае 5.000 чалавек», — гаворыцца ў заяве.
Рада заявіла, што ўсе палітвязьні павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя.
- Увечары 28 чэрвеня Уладзімір Зяленскі і кіраўнік яго офісу Андрэй Ярмак паведамілі, што Ўкраіне ўдалося сярод іншых вызваліць пяць суайчыньнікаў, «якія былі захопленыя ў Беларусі і пазбаўленыя волі». Гаворка ішла пра Паўла Купрыенку, Натальлю Захаранку і Кацярыну Бруханаву (былі прызнаныя палітвязьнямі), а таксама Мікалая Швеца і Людмілу Ганчарэнку (адпаведнага статусу ня мелі, але згадваліся ў кантэксьце спраў палітычна матываванага характару).
- 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленьне цяжкахворых апанэнтаў улады. На наступны дзень на волю выйшаў шэраг палітзьняволеных, сярод якіх палітык Рыгор Кастусёў, які мае анкалягічнае захворваньне. На 5 ліпеня праваабаронцы змаглі спраўдзіць вызваленьне 18 палітвязьняў (4 жанчын і 14 мужчын).