З 12 ліпеня ў Беларусі ўступае ў сілу закон «Аб зьмене кодэксаў па пытаньнях крымінальнай адказнасьці». Тыя, хто знаходзіцца ў калёніі, змогуць атрымліваць не адну, а дзьве рэчавыя перадачы ў год, а за спатканьні са сваякамі давядзецца плаціць.
Яшчэ адна важная зьмена тычыцца ШІЗА. Цяпер адміністрацыя зможа адпраўляць туды зьняволеных на 15 сутак (дагэтуль было 10).
У рэчавыя перадачы ўваходзяць абутак, адзеньне і прамысловыя тавары,. Прадуктаў і цыгарэт зьмен датычацца.
Разам з тым асуджаным дазволілі атрымліваць замест пасылак, перадач, бандэроляў ці дробных пакетаў прадукты харчаваньня, набытыя сваякамі ў крамах калёній. Сябры і знаёмыя маюць права набыць для вязьняў прадукты харчаваньня толькі з дазволу начальніка папраўчай установы.
Паводле новай рэдакцыі закону асуджаныя могуць замяніць кароткатэрміновае спатканьне на гадзінную тэлефонную размову
За працяглыя спатканьні давядзецца плаціць. Цэны за пражываньне ў памяшканьнях, прадугледжаных для працяглых спатканьняў, будзе вызначаць міністэрства фінансаў.
Людзей, якія знаходзяцца пад прэвэнтыўным наглядам, цяпер змогуць прымушаць працаваць. Прэвэнтыўны нагляд устанаўлівае суд пасьля вызваленьня вязьня з калёніі.
«Медиазона Беларусь» з гэтай нагоды нагадвае, што вядомыя выпадкі, калі прэвэнтыўны нагляд прызначалі беларусам, асуджаным па палітычных артыкулах. Напрыклад, у лютым 2023 году былога палітвязьня Аляксея Шчарбацюка асудзілі за парушэньне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду.
Прэвэнтыўны нагляд быў прызначаны і Паліне Шарэндзе-Панасюк. 21 траўня 2024 году яна мелася выйсьці на волю, але супраць яе завялі новую крымінальную справу па артыкуле аб непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі.
Устанаўліваючы прэвэнтыўны нагляд, суд можа абавязаць чалавека не наведваць пэўныя месцы, забараніць выяжджаць з гораду ці краіны, абавязаць паведамляць аб зьмене прапіскі. З 12 ліпеня суд пры ўсталяваньні прэвэнтыўнага нагляду можа абавязаць чалавека ўладкавацца на працу, заняцца вучобай ці іншай дзейнасьцю, пры ажыццяўленьні якой беларус лічыцца «занятым».
- Паводле апошніх зьвестак, праваабаронцам «Вясны» дакладна вядома ўжо пра 18 палітзьняволеных, якія выйшлі на волю 3 ліпеня. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў.
- Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бясьпекі вязьняў, таму пакуль не публікуюць прозьвішчы астатніх вызваленых. Паводле інфармацыі «Вясны», частка палітвязьняў выйшлі паводле памілаваньня, а не па амністыі.