Сярод іх тры жанчыны і 13 мужчын, у тым ліку асуджаны на 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў.
Праваабаронцы заявілі, што падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бясьпекі былых вязьняў, таму пакуль не публікуюць прозьвішчы астатніх вызваленых.
Паводле інфармацыі «Вясны», частка затрыманых выйшла на волю па амністыі, а частка — праз памілаваньне.
Паводле інфармацыі «Позірку», сярод іх ёсьць маці чацьвярых непаўналетніх дзяцей.
Як паведаміў Андрэй Стрыжак, Службе хуткай гуманітарнай дапамогі вядомыя 15 прозьвішчаў (+1 непацьверджаны) палітычных зьняволеных, якія трапілі пад вызваленьне.
Ён даў таксама дадатковыя лічбы, якімі можна бясьпечна падзяліцца: «Тэрміны, якія заставалася прасядзець тым, пра вызваленьне каго вядома:
- 5 чалавек — у межах месяца;
- 3 чалавекі — у межах году;
- 5 чалавек — у межах 1,5-2 гадоў;
- 1 чалавек — у межах 2-3 гадоў;
- 1 чалавек — больш за 6 гадоў.
Сярод тых, хто быў датэрмінова вызвалены за апошнія два дні, вядома пра цяжкі стан здароўя толькі ў Рыгора Кастусёва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і ЭЗ віталі вызваленьне некаторых беларускіх палітвязьняў і заклікалі выпусьціць астатніхАндрэй Стрыжак паведаміў, што паводле ягоных падлікаў, траціна палітвязьняў, пра вызваленьне якіх вядома, выйшлі б на волю цягам месяца. Абсалютная большасьць вызваленых не зьяўляюцца людзьмі пажылога ўзросту зь цяжкімі захворваньнямі.
2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка анансаваў вызваленьне цяжкахворых апанэнтаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі, які, аднак, паводле зьместу не распаўсюджваецца на асоб з «экстрэмісцкіх сьпісаў».
На фоне гэтай заявы беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заклікала безумоўна вызваліць больш за 200 палітвязьняў, якія знаходзяцца ў крытычным стане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Латвіі заклікала працягнуць ціск на беларускі рэжым для вызваленьня ўсіх палітвязьняў