Гэтыя парлямэнцкія выбары ў Францыі пазачарговыя, яны былі абвешчаныя прэзыдэнтам Макронам тры тыдні таму — пасьля выбараў у Эўрапарлямэнт. Пасьля першага туру, які адбыўся 30 чэрвеня, у лідэрах партыя Марын Лё Пэн «Нацыянальнае аб’яднаньне», якую называюць ультраправай. Яна набрала каля траціны галасоў. На другім месцы — левы альянс «Новы народны фронт» з 28%. Цэнтрысты прэзыдэнта Макрона з альянсу «Разам» набралі 21% галасоў.
Пагаварылі пра выбары зь беларусамі, якія жывуць у Францыі.
«Парушыўся балянс»
Беларуска Аліна 15 гадоў жыве ў францускім Нанце. Яна кажа, што пасьля першага туру выбараў у яе горадзе былі маніфэстацыі, але яна іх не заўважыла, бо ў Францыі ўвесь час праходзяць нейкія дэманстрацыі.
«Агулам з прыходам Макрона зьмянілася палітыка. Ідзе такая палярызацыя Францыі. Бо да гэтага былі то левыя, то правыя, а тут больш цэнтрысты. Парушыўся балянс, і цяпер краіну хістае», — кажа Аліна.
Абавязкова перад выбарамі праходзяць дэбаты, у іх удзельнічаюць усе кандыдаты, прэтэндэнты выкарыстоўваюць любую магчымасьць на сваю карысьць.
«Не заўсёды гэта праходзіць шчыра, часьцяком адзін кпіць з другога кандыдата, часта яны пераходзяць на асобы, спрабуюць падмяніць факты. Я думаю, цяпер гэта адбываецца паўсюль у Эўропе: папулісты штосьці кажуць з галавы, а людзі не правяраюць інфармацыю, разносяць яе далей. Думаю, гэта небясьпечна. У беларусаў папулізм у трэндзе яшчэ з 1990-х, і яны выбралі папуліста яшчэ тады», — разважае Аліна.
«У маёй акрузе застануцца ўсе тры кандыдаты»
Пасьля першага туру многія з кандыдатаў (як ад альянсу левых партый, так і ад цэнтрысцкай кааліцыі Эманюэля Макрона) вырашылі зьняць свае кандыдатуры, каб аб’яднаць галасы праціўнікаў «Нацыянальнага аб’яднаньня» Марын Лё Пэн і ня даць ультраправым перамагчы.
«Але ў некаторых адміністрацыйных адзінках пакідаюць трэцяга кандыдата, напрыклад калі гэты кандыдат ад Макрона. Таму што ёсьць рызыка: тыя, хто схіляецца ў правы бок, могуць аддаць свае галасы ўльтраправым. І ў маёй акрузе застануцца ўсе тры кандыдаты (адзін ад Макрона, адзін ультраправы і адзін зь левага блёку, „Новага народнага фронту“. — РС). Бо ННФ быў лідэрам, а здымаць кандыдата ад Макрона, можа, і рызыкоўна, каб ультраправыя не перамаглі.
Паводле маіх назіраньняў, зьнялося больш левых кандыдатаў на карысьць Макрона, чым наадварот. Але ў некаторых акругах лепш пакінуць трох, бо ня факт, што тыя, хто быў за Макрона, аддадуць свой голас левым. І, каб не рызыкаваць, лепей няхай будзе менш за кожнага, чым дадаваць ультраправым», — мяркуе беларуска.
На думку Аліны, яўка ў першым туры была даволі вялікая, нягледзячы на тое, што выбары прыпадаюць на пачатак летніх вакацый і адпачынкаў. Другі тур будзе яшчэ цікавейшым і больш напружаным, кажа яна.
«Без падтасоўваньняў і фальсыфікацый»
Беларус Віталь прыехаў у Францыю ў сакавіку 2022 году. Атрымаў статус уцекача. Галасаваць яшчэ ня можа, але зь цікаўнасьцю назірае, што адбываецца на выбарах у горадзе Бардо.
«Разумееце, гэта дыямэтральна процілеглыя полюсы, кардынальна розныя падыходы да ўсяго, калі параўноўваць Беларусь і Францыю. У Беларусі ўсе апошнія 30 гадоў забівалі веру ў магчымасьць зьменаў у краіне, фальсыфікуючы ўсе выбары...
У Францыі ўсё робіцца сумленна, тут наагул ня можа быць падтасоўваньняў, фальсыфікацый — гэта нонсэнс!» — перакананы Віталь.
Ён кажа, што многія французы зь яго атачэньня крытыкуюць Макрона ў тым ліку за тое, што ён не хавае свайго багацьця.
«А мне так і хочацца сказаць: «хлопцы, паедзьце ў Беларусь, паглядзіце на беларускага прэзыдэнта, які пастаянна крычыць, што ён бедны, „ад сахі“. Але ён дыктатар», — разважае Віталь.
«Не дапусьціць ультраправых у Елісейскі палац»
На думку Віталя, у Францыі вялікая колькасьць пажылых людзей, якія пакрыўдзіліся на прэзыдэнта Макрона за пэнсійную рэформу і на выбарах яны назло прагаласавалі за каго заўгодна, толькі не за ягоную партыю. І моладзь у асноўным галасавала за левацэнтрысцкія партыі. Віталь кажа, што перад другім турам зьнялося каля 200 кандыдатур зь левацэнтрысцкіх партый, толькі б партыя Марын Лё Пэн не набрала большасьць у парлямэнце.
«Тут адбываюцца больш цікавыя гульні: палітыкі думаюць, як не дапусьціць 28-гадовага Жардана Бардэля, які сябе раскруціў у тык-току. Вось цяпер кажуць: „Макрон зрабіў самагубства, ён не набярэ большасьці ў парлямэнце, яму давядзецца зрабіць гэтага „выскачку“ Бардэля з TikTok прэм’ер-міністрам“. І цудоўна!
Макрон гэта ўсё разумее, у яго яшчэ два гады прэзыдэнцтва. А Францыя — прэзыдэнцкая рэспубліка. У Макрона асноўная задача — не дапусьціць ультраправых Бардэля і Лё Пэн у Елісейскі палац, а ў парлямэнце няхай яны пагуляюцца. Ну прыйдзе гэты 28-гадовы маладзён Бардэля — і што ён зробіць? Нават калі ён і стане прэм’ер-міністрам, за гэтыя 2 гады Марын Лё Пэн і яе партыя настолькі сябе дыскрэдытуюць, што Макрон верне сваю партыю ў моцнае рэчышча», — мяркуе беларус.
Віталь кажа, што яму асабіста вельмі падабаюцца такія гульні ў піяр. Падыходы францускіх палітыкаў, якія прыдумляюць і робяць розныя нестандартныя хады.
«У падліку галасоў можа паўдзельнічаць любы»
Беларус Юры жыве ў невялікім мястэчку ў Аксытаніі (былы Лянгедок) на поўдні Францыі, непадалёк ад гораду Манпэлье.
Усяго ў мястэчку 3200 жыхароў. Зь іх 45% прагаласавала за партыю Марын Лё Пэн, 37% — за "Новы народны фронт«(левых), 14% — за кіроўную кааліцыю макраністаў, 2% — за ўльтраправых і каля 1% — за ўльтралевых, расказаў Юры.
«Выбарнікі праявілі вялікую актыўнасьць, бо адчуваецца напружаньне ў палітычнай сфэры, у тым сэнсе, што нейкая нездаровая яна, на мяжы выбуху, так кажуць мае сябры-французы.
Актыўнасьць выбарнікаў вялікая, магчыма, і праз напружаньне і ў сацыяльнай сфэры: многія людзі не задаволеныя непапулярнымі рэформамі Макрона, эканамічнымі праблемамі праз поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Людзі незадаволеныя прэзыдэнтам Макронам і кіроўнай партыяй, якая мела адносную большасьць, а зараз можа ўсё страціць. Так што напружанасьць перад другім турам вырастае яшчэ больш», — мяркуе Юры.
Прыемна зьдзівіў беларуса падлік галасоў у мястэчку, дзе ён жыве.
«Напрыклад, мой сусед увечары выйшаў з дому ў шортах і майцы, захацеў падлічваць галасы. Бо любы жыхар мястэчка можа ўдзельнічаць у падліку галасоў. А я мог проста падысьці да стала і глядзець, як усё робіцца. Схаваць нешта немагчыма — усё празрыста і адкрыта», — кажа Юры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон заклікаў да «шырокага» альянсу пасьля першага туру выбараў у Францыі, Лё Пэн заявіла, што «пакуль нічога ня выйграна»