Ірына Шчасная вызвалілася з жаночай калёніі № 4 у Гомлі 29 чэрвеня. У якой краіне Ірына знайшла часовы прытулак, яна прасіла не казаць.
«Я ўжо ў іншай краіне. Ніколі тут раней не была, але ўжо бачу, што тут цудоўна! А тое, што для мяне зрабілі, дапамаглі сюды прыехаць — гэта таксама цуд, я вельмі ўдзячная гэтым людзям!», — сказала Ірына Шчасная па тэлефоне карэспандэнту Свабоды пра свае ўражаньні ад першых гадзін знаходжаньня ў новай для сябе краіне.
Пры гэтым Ірына кажа, што вельмі сумуе па Беларусі і плача, калі пачынае ўспамінаць радзіму.
«У мяне ў калёніі былі такія фантазіі, мары: як я буду гуляць па Менску, у любімым парку! Але як прыехала, пачала заўважаць, што ўсяго баюся: гукаў на вуліцы, званкоў у дзьверы. Усё здаецца падазроным. Не было хвіліны, каб не адчувала там нейкага страху», — расказала Ірына пра першыя дні па вызваленьні, якія правяла ў Менску.
Паводле жанчыны, яна ніводнага разу не адзначалася ў міліцыі, чаго патрабуюць ад палітвязьняў, якія вызваліліся пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня.
Ірына Шчасная кажа, што цяпер яе асноўная мара — як мага хутчэй аб’яднацца з сынам і мужам, якія пакінулі Беларусь раней і пакуль знаходзяцца ў іншай краіне.
«Пакуль мы ў розных месцах, яны далёка адсюль, але мы вельмі хочам як мага раней аб’яднацца. Я столькі часу недадала свайму сыну, яму было толькі 10 гадоў, калі мяне арыштавалі, а цяпер гэта амаль дарослы чалавек, яму ўжо 14! Веру, што мы хутка ўбачымся — і нам усім стане лягчэй», — сказала Ірына Шчасная.
З калёніі Шчасная вызвалілася ў мінулую суботу, 29 чэрвеня, на свой дзень народзінаў. Жанчына падзялілася эмоцыямі, якія тады адчувала, але цяпер яна больш перажывае за сябровак і ўсіх тых, хто застаўся за варотамі калёніі.
«Цяпер я адчуваю сябе ў бясьпецы, але гэтага недастаткова. Цяпер мая самая вялікая мара — каб яны ўсе выйшлі. Не ўяўляю пакуль, як жыць, калі яны там».
Ірына згадала вядомых у Беларусі жанчын, зь якімі пазнаёмілася ў калёніі № 4. Яны дапамагалі адна адной, падтрымлівалі маральна, дзяліліся навінамі і думкамі.
«Вельмі моцныя духам, пазытыўныя жанчыны. І тыя, чые імёны шырока не вядомыя, звычайныя дзяўчаты, яны таксама ўсе вельмі слаўныя. Большасьць трапілі туды выпадкова, пакутуюць ні за што, але трымаюцца. Маё сэрца засталося зь імі, там», — кажа пра сябровак па калёніі Ірына.
Ірына Шчасная палітоляг, ёй 37 гадоў.
Да арышту ў лістападзе 2020 году жанчына рэдагавала шэраг тэлеграм-каналаў, у тым ліку «Мая краіна Беларусь».
Актывістку асудзілі паводле часткі 1 артыкулу 13 і часткі 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках») на 4 гады зьняволеньня.
Судзілі Ірыну Шчасную ў Магілёўскім абласным судзе разам з актывістамі апазыцыі Паўлам Севярынцам, Зьмітром Казловым, Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім і Андрэем Войнічам, якія дагэтуль застаюцца за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшла рэдактарка каналу «Мая краіна Беларусь» Ірына Шчасная ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Позірк палітвязьня ні з чым не пераблытаеш». Вольга Класкоўская пра найгоршую турму, 10 этапаў, усьмешку Калесьнікавай, бутэрброды Шарэндзе