Паводле Мінабароны Беларусі, сёлета ў парадзе ўзялі ўдзел вайскоўцы Ўзброеных сіл Расеі, Кітаю, Азэрбайджану, Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану і Ўзбэкістану. Агулам у складзе 36 пешых парадных разьлікаў больш за 5000 вайскоўцаў.
Аляксандар Лукашэнка перад парадам заявіў, што цяпер для Беларусі небясьпечны час, што нібыта чыняцца правакацыі на мяжы і ёсьць пагрозы мірнаму насельніцтву.
«Мы як ніколі пільныя, мы вывучылі ўсе ўрокі Айчыннай вайны. Войскі і народнае апалчэньне гатовыя абараніць краіну».
Лукашэнка сказаў, што апошнім часам было нібыта тысячы тэлефанаваньняў у вайсковыя камісарыяты ад людзей, якія просяць іх узяць у войска і даць зброю, але Лукашэнка адказаў, што вайскоўцы абароняць краіну і бязь іх.
Лукашэнка згадаў нядаўнія расейска-беларускія вучэньні ў выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі і сказаў, што ў парадзе ўдзельнічаюць меней за 5% Узброеных сіл Беларусі, а рэшта служыць на баявых пастах.
Паводле Мінабароны, у парадзе ўдзельнічаюць асобныя парадныя разьлікі у форме вайскоўцаў Чырвонай Арміі, у партызанскім рыштунку, а таксама ў форме міліцыі ўзору 1941 году. Упершыню разам з параднымі разьлікамі МУС, Дзяржаўнага памежнага камітэту і МНС у парадзе ўдзельнічае разьлік Сьледчага камітэту.
У складзе разьлікаў Сіл спэцыяльных апэрацыяў праходзіць парадны разьлік курсантаў Разанскай гвардзейскай вышэйшай паветрана-дэсантнай каманднай вучэльні. За ім з трыбуны праходам назіраў міністра абароны Расеі Андрэй Белавусаў.
Трэцяга ліпеня на парадзе ў Менску ўпершыню паказалі ўдарныя бесьпілётныя лятальныя апараты «Герань» беларускай вытворчасьці, якія вонкава выглядаюць як поўны аналяг іранскага самалёта-снарада Shahed 136. Такой зброяй цяпер Расея атакуе Ўкраіну.
«Упершыню на парадзе новая айчынная распрацоўка — ударныя бесьпілётныя лятальныя апараты „Герань“. БПЛА здольныя несьці баявую частку масай да 52 кг, разьвіваць хуткасьць да 180 км/г і пераадольваць адлегласьці да 2 тысяч км», — пракамэнтаваў вядоўца рэпартажу БТ з параду зьяўленьне новай тэхнікі.
А таксама на парадзе былі ракетныя комплексы «Іскандэр», якія цяпер стаяць на ўзбраеньні беларускай арміі, на іх былі бачныя знакі радыяцыйнай небясьпекі, і іншая баявая тэхніка.
У складзе 29 парадных разьлікаў мэханізаванай калёны ў парадзе удзельнічалі звыш 300 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі, сярод іх:
- танкі Т-34,
- апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М», ракетная сыстэма «Палянэз»;
- лёгкія браняваныя аўтамабілі «Пікап», «Цмок», «Волат», «Ліс-ПМ», браняваныя транспартныя сродкі «Кайман», бронеаўтамабілі «Тыгр-М»;
- ударныя і выведвальныя бесьпілётнікі самалётнага і верталётнага тыпу.
У небе над Менскам праляцелі 12 парадных разьлікаў паветранага эшалёну, у тым ліку авіяцыйныя групы вышэйшага пілятажу Расейскай Фэдэрацыі «Рускія віцязі» і «Стрыжы». У паветранай частцы параду прынялі ўдзел верталёты Ка-52 і Мі-28 усіх мадыфікацый (верталёты выведвальна-ўдарнага і ўдарнага тыпаў, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны), расказваў раней начальнік Цэнтра падрыхтоўкі і перавучваньня лётчыкаў вайсковай авіяцыі Расеі Андрэй Папоў.
Раней прадстаўнікі 21 дзяржавы пацьвердзілі ўдзел у сьвяткаваньні афіцыйнага «Дня Незалежнасьці» Беларусі 3 ліпеня.
- З 1991 году Дзень Незалежнасьці ў Беларусі адзначаўся 27 ліпеня — менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, якой 25 жніўня 1991 году быў нададзены статус канстытуцыйнага закону (гэта азначала абвяшчэньне незалежнасьці дэ-юрэ).
- У выніку ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам 24 лістапада 1996 году рэфэрэндуму, які міжнародная супольнасьць не прызнала легітымным, Дзень Незалежнасьці быў перанесены на 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад нацысцкай акупацыі ў 1944 годзе. У 2024 годзе адзначаецца 80-я гадавіна вызваленьня.
- Падчас сьвяткаваньняў 3 ліпеня двойчы адбываліся трагічныя інцыдэнты. У 2008 годзе ўначы з 3 на 4 ліпеня на канцэрце каля стэлы «Менск — горад-герой» выбухнула самаробная прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Пацярпелі каля 50 чалавек, у тым ліку трое былі ў цяжкім стане. Пазьней суд прызнаў вінаватымі ў выбуху каля стэлы Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава — тых самых людзей, якім прысудзілі сьмяротнае пакараньне за выбух у менскім мэтро.
- Падчас салюту 3 ліпеня 2019 году ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку. Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына, пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Суд прызнаў вінаватымі камандзіра патрульнай роты Менскай вайсковай камэндатуры Аляксея Кругліка і двух супрацоўнікаў расейскай фірмы «Пиро-Росс», Максімільяна Сапронава і Канстанціна Дзянісава. Кожнага зь іх асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні.