Грамадзянка Беларусі, якая стала жыве ва Ўкраіне, амаль год дабівалася праз суд скасаваньня рашэньня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны аб спыненьні разгляду ейнай заявы аб атрыманьні ўкраінскага грамадзянства.
Як вынікае з аднаго з судовых рашэньняў, грамадзянка Беларусі жыве ў Боярцы Фастаўскага раёну Кіеўскай вобласьці. Яна зьвярнулася з заявай аб атрыманьні грамадзянства Ўкраіны разам з сваімі дваімі дзецьмі, але міграцыйная служба спыніла разгляд іхнай справы.
У прыватнасьці, спыненьне справы абгрунтавалі інфармацыяй упраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці аб наяўнасьці «зьвестак пра магчымую яе датычнасьць да беларускіх або расейскіх спэцслужбаў і яе спробы легалізавацца ва Ўкраіне для далейшага правядзеньня выведна-падрыўной і іншай супрацьпраўнай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома прозьвішча беларускага дывэрсанта, які спрабаваў падарваць інфраструктуру Ровенскай АЭСПаведамляецца, што гэтыя зьвесткі атрымалі ад «асобаў, залучаных да негалоснага супрацоўніцтва, якія на добраахвотнай аснове аказваюць судзеяньне органам СБУ ў вырашэньні вызначаных для іх заданьняў».
У Службе бясьпекі Ўкраіны адзначылі, што Расея актыўна выкарыстоўвае «нацыянальныя спэцслужбы для правядзеньня выведна-падрыўной дзейнасьці супраць Украіны, у тым ліку з выкарыстаньнем спэцыяльных (кансьпіратыўных) формаў і мэтадаў работы».
«У гэтым кантэксьце рэгулярна фіксуюцца выпадкі выкарыстаньня для гэтага расейскім бокам як уласных грамадзян, так і грамадзян краін-сатэлітаў (Рэспубліка Беларусь, Сырыйская Арабская Рэспубліка, Ісламская Рэспубліка Іран і гэтак далей). Адным з элемэнтаў для стварэньня належных умоў для правядзеньня выведна-падрыўной дзейнасьці супраць Украіны зьяўляецца легалізацыя іншаземцаў у нашай дзяржаве шляхам афармленьня ў рэгіянальных падразьдзелах Дзяржаўнай міграцыйнай службы дакумэнтаў, якія даюць права на знаходжаньне ў краіне на законных падставах (дазволу на часовае пражываньне, дазволу на іміграцыю, грамадзянства Ўкраіны і гэтак далей», — адзначаецца ў судовым дакумэнце.
У той жа час СБУ не перадало ў суд канкрэтныя факты, якія сьведчаць пра тое, што грамадзянка Беларусі можа несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны. У спэцслужбе гэта абгрунтавалі тым, што «зьмест, арганізацыя, формы і вынікі правядзеньня апэратыўна-вышуковых і контравыведных захадаў маюць грыфы абмежаваньня доступу».
Па выніках разгляду справы суд прызнаў супрацьпраўным рашэньне Боярскага аддзелу Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны аб спыненьні справы і скасаваў яго. Апроч таго, суд пастанавіў аднавіць разгляд справы беларускі і дваіх яе малалетніх дзяцей аб атрыманьні грамадзянства Ўкраіны.
Ці атрымалі беларусы грамадзянства, пакуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне беларусам скасавалі дазволы на жыхарства праз «пагрозу нацыянальнай бясьпецы». Яны аспрэчылі ў судзе і выйграліЛетась ва Ўкраіне некалькім беларусам скасавалі дазволы на жыхарства праз «пагрозу нацыянальнай бясьпецы». Яны аспрэчылі гэтыя рашэньні ў судзе і выйгралі свае справы.
Тады ў Службе бясьпекі Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што «пытаньні праўнага статусу іншаземцаў, якія знаходзяцца ва Ўкраіне, у тым ліку працягваньне і скарачэньне тэрміну часовага перабываньня іншаземцаў на тэрыторыі Ўкраіны, рэгулююцца законам „Аб праўным статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства“ і іншымі нарматыўна-прававымі актамі».
У адказе на афіцыйны запыт Свабоды ў СБУ ўвосень 2023 году не ўдакладнілі, якім чынам прымаецца рашэньне аб прызнаньні таго ці іншага грамадзяніна «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны».
Крыніцы ў іншых праваахоўных органах Украіны тады сьцьвярджалі, што міграцыйныя органы могуць ухваліць рашэньне аб скасаваньні дзейнага дазволу на жыхарства на падставе інфармацыі якога-хаця праваахоўнага органу — Нацыянальнай паліцыі і СБУ, іхных рэгіянальных упраўленьняў. Але адзінага пераліку грамадзян Беларусі, якіх вызначылі пагрозай нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны, нібыта не існуе, а рашэньні ўхваляюцца ўжо на падставе праверак пасьля зваротаў грамадзян Беларусі па атрыманьне ўкраінскага грамадзянства або дазволу на жыхарства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне жонцы беларускага добраахвотніка скарацілі тэрмін знаходжаньня ў краіне. Яна пайшла ў суд