Блогерка і журналістка Ася Паплаўская ў 2019 годзе пайшла ў каталіцкі кляштар. Там яна правяла 5 гадоў у падрыхтоўцы да прыняцьця манаскіх абяцаньняў. За гэты час у Беларусі прайшлі пратэсты 2020-га, хваля рэпрэсій і масавая эміграцыя з краіны. Ася таксама выехала зь Беларусі, але не з прычыны рэпрэсій, а ў межах падрыхтоўкі да прыняцьця манаскіх абяцаньняў. У выніку ёй адмовілі і цяпер Ася вяртаецца да сьвецкага жыцьця. У размове са Свабодай яна ўпершыню расказвае пра тое, якімі былі яе апошнія гады.
«Я была ў шоку, калі атрымала адмову ад кіраўніцы манастыра ў прыняцьці манаскіх абяцаньняў, бо ў мяне не было іншых плянаў на жыцьцё. Цяпер я стараюся апамятацца. У Польшчы, апроч манастыра і знаёмых сясьцёр, па сутнасьці, нікога няма. Я шукаю жыльлё і працу. Пяць гадоў я не была ў прафэсіі, гэта вельмі шмат, для журналіста гэта прафэсійная сьмерць. Але я веру: калі Госпад дапусьціў, што мой лёс складваецца так, то ён мне дапаможа прайсьці гэта шлях пасьпяхова», — разважае Ася.
Пасьля адмовы ў прыняцьці абяцаньняў чалавек ня можа больш знаходзіцца ў манастыры, тлумачыць суразмоўца. У каталіцкіх манастырах некалькі этапаў фармацыі. Калі чалавек толькі прыходзіць у кляштар, ён знаходзіцца на этапе кандыдатуры. Пасьля яго прымаюць у пастулят, наступны этап — навіцыят. Усе этапы вызначаюць настаяцелі.
«У мяне быў досыць доўгі пастулят, тры гады. Пасьля я паехала ў Польшчу, каб там распачаць наступны этап фармацыі, непасрэдна перад абяцаньнямі. Першы год навіцыяту — вельмі закрыты фармат. Чалавек толькі працуе і моліцца. У другім этапе навіцыяту ўжо ёсьць практыкі: праца ў каталіцкім садку, на кухні. Але і гэты этап закрыты ў пляне камунікацыі з вонкавым сьветам. Пасьля навіцыяту настаяцелі прымаюць рашэньне, ці дапускаць чалавека да першых манаскіх абяцаньняў», — расказвае Ася.
Прычынаў адмовы яна не называе. Сярод іх могуць быць розныя. Настаяцель проста можа палічыць, што чалавеку будзе цяжка. Гэтага дастаткова, каб адмовіць.
«Ёсьць тры манаскія абяцаньні: паслухмянасьці, чысьціні і беднасьці. Напрыклад, прыярыса бачыць, што чалавеку цяжка даецца паслухмянасьць — ня хоча працаваць, спрачаецца. Тады прыярыса разумее, што чалавеку будзе цяжка. Чалавек можа быць не гатовы прысьвяціць усё сваё жыцьцё таму, чым займаюцца сёстры. Бо ў іх абмежаванае кола заняткаў. Журналістам у манастыры ня будзеш», — прыводзіць прыклад суразмоўца.
Таксама ёсьць выпадкі, калі сёстры захапляюцца сьвятарамі, улюбляюцца, і ня ўсе могуць з гэтым справіцца. Гэта яшчэ адна з прычын выхаду з манастыра. Часам чалавек сам прымае рашэньне выйсьці перад даваньнем абяцаньняў.
«Не магла падтрымліваць сваіх»
Падчас выбараў і пратэстаў 2020 году Ася знаходзілася ў Беларусі і праходзіла пастулят. Тады ёй яшчэ можна было карыстацца тэлефонам, а ў Польшчы на наступным этапе інтэрнэтам карыстацца было ўжо нельга.
«У мяне ў Беларусі яшчэ быў тэлефон. Быў унутраны дыскамфорт ад таго, што я не магла падтрымліваць сваіх. У мяне былі абмежаваньні на карыстаньне сацыяльнымі сеткамі, я не магла прачытаць нейкі камэнтар, нешта напісаць. Усе абмяркоўвалі навіны, я сазвоньвалася зь сябрамі, ведала ад іх, што адбываецца. У Польшчы было яшчэ менш інфармацыі. Але нешта я даведвалася з каталіцкай прэсы, так я дазналася пра арышт нашай журналісткі Аксаны Ючкавіч», — прыгадвае Ася.
Аксана Ючкавіч працавала на партале catholic.by, яе арыштавалі 23 студзеня сёлета, пасьля прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Некаторыя навіны Ася прасіла паглядзець сясьцёр па кляштары.
«Я даведалася пра ад’езд зь Беларусі сьвятароў Вячаслава Барка, яшчэ аднаго знаёмага сьвятара. У Беларусі цяпер быць католікам — значыць быць палякам. А калі сьвятар ці сястра яшчэ і беларускамоўныя, то гэта момант незадаволенасьці ўлады. Пра шырокі перасьлед сясьцёр-манашак я ня ведаю. Але выехалі тыя, хто ня мог маўчаць і ня мог не выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю», — кажа Ася.
Па словах суразмоўцы, у беларусаў у Польшчы цяпер ёсьць свае сьвятары і яны могуць маліцца на сваёй мове.
«Глыбокая псыхатэрапія»
У кляштар Ася Паплаўская пайшла папулярнай блогеркай, журналісткай, а гэта шмат часу ў інтэрнэце і сацыяльных сетках. І раптам усяго гэтага больш нельга. Найбольш цяжка яна пераносіла дэфіцыт камунікацыі зь сябрамі ды знаёмымі.
«Ты адчуваеш сябе адарваным. Нібыта ты ўжо не ў Беларусі, але яшчэ не ў Польшчы. Па-чалавечы гэта цяжка. Дапамагала разуменьне, што гэта неабходны этап для ўсіх, хто прыходзіць у манастыр. Па-іншаму не бывае. Пасьля прынясеньня першых абяцаньняў сястра можа карыстацца тэлефонам і сацыяльнымі сеткамі, але з абмежаваньнямі», — расказвае Ася.
Час у кляштары Паплаўская параўноўвае з доўгай псыхатэрапіяй, але больш глыбокай.
«У мяне былі дні і месяцы, калі я проста была адна, бо нікога не было на маім этапе фармацыі. Калі чалавек увесь час адзін, то падчас малітвы пачынаеш па-новаму сябе ўсьведамляць. І гэта самапаглыбленьне дае зразумець, хто ты. Прыходзяць адказы на экзыстэнцыйныя пытаньні. Пасьля манастыра чалавек выходзіць зусім іншым», — гаворыць Ася.
«Зразумела, што гэта маё месца»
У 2019 годзе Асю Паплаўскую запрасілі прачытаць лекцыю пра сацыяльныя сеткі ў парафіі.
«Мяне запрасіў ксёндз як журналістку, каб я правяла лекцыю пра этыку ў сацыяльных сетках. Я правяла занятак, мяне пасялілі там на пару дзён. У нейкі момант я ясна зразумела, што гэта маё месца. Гэта цяжка патлумачыць нават сабе самой. Я была ўпэўнена, што мне паказалі маё месца, што я прыйшла дадому і мушу быць тут».
Па словах Асі, у кляштар звычайна прыходзяць у больш маладым узросьце. Часта бяз досьведу дарослага самастойнага жыцьця.
«У кожнага свае прычыны. Я была нетыповым выпадкам, бо прыйшла ў манастыр у 31 год. Большасьць прыходзяць пасьля школы ці ўнівэрсытэту. Як правіла, у іх не было досьведу працы, дарослага жыцьця. Таму ім прасьцей успрымаць рэчаіснасьць. Гэта для іх варыянт уладкаваць сваё жыцьцё. А ў мяне быў досьвед абсалютна іншы. Але асноўнае, прыход у манастыр для ўсіх сясьцёр — вынік сустрэчы з Госпадам», — тлумачыць Ася.
«У любы момант могуць прыйсьці проста так»
Варыянт ехаць у Беларусь пасьля кляштара Ася не разглядала. Раней працавала журналісткай, у сябрах — экстрэмісты і неўязныя.
«Я разумею, што ў любы момант могуць да мяне прыйсьці проста таму, што я працавала журналісткай, пра мяне зьяўляюцца навіны ў незалежных СМІ. Тэма манастыра цікавая для чалавека, гэта такая тэра інкогніта, я хачу гэтым падзяліцца. А стаўшы суразмоўцам незалежных СМІ неразумна нават думаць ехаць у Беларусь», — падсумоўвае Паплаўская.