28-29 чэрвеня ў Беластоку прайшла міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя «Беларуская мова і мовазнаўства: стан, выклікі, практычныя захады».
Канфэрэнцыя, ініцыяваная беларускімі навукоўцамі, сабрала айчынных і замежных мовазнаўцаў, выкладчыкаў і папулярызатараў беларускае мовы, тых, хто вяртае яе ў розныя сфэры жыцьця. Удзельнічалі і прадстаўнікі беларускай меншыні Падляшша.
На пленарных паседжаньнях і ў чатырох тэматычных сэкцыях абмеркавалі практычныя захады дзеля падтрымкі беларускае мовы ў цяперашняй сытуацыі, мэханізмы супрацы лінгвістаў і пэдагогаў.
Удзельнікі канфэрэнцыі ўхвалілі ідэю стварэньня Інстытуту беларускае мовы — грамадзкага навуковага і адукацыйнага асяродку, мэта якога — спрыяць зьберажэньню беларускае мовы як асноўнага чыньніку нацыянальнай ідэнтычнасьці і рэальнага сродку камунікацыі беларусаў.
Адзін з арганізатараў канфэрэнцыі, філёзаф Павал Баркоўскі, у інтэрвію «Позірку» заявіў, што задума гэтая «ня ставіць за мэту супрацьстаяць афіцыйным структурам накшталт Інстытуту мовазнаўства, які працягвае працаваць у Беларусі, але дбае пра пераемнасьць і пашырэньне традыцыі, стварае гарантыю грамадзкага ўдзелу ў вызначэньні лёсу беларускай мовы ў будучыні».
«Моўныя кансультацыі, кадыфікацыя, распрацоўка беларускамоўнай тэрміналёгіі могуць быць скарыстаныя беларусамі як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Мы спадзяёмся, што шматлікія распрацоўкі, зробленыя пры ўдзеле супрацоўнікаў будучага інстытуту, акажуць уплыў на зьмену моўнай сытуацыі ў краіне і пашырэньне ролі беларускай мовы ўва ўсім сьвеце», — сказаў Баркоўскі ў інтэрвію «Позірку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сеціве зьбіраюць подпісы за магчымасьць стварэньня субтытраў на беларускай мове ў праграме Captions ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Размаўляй са мной па-чалавечы». Гісторыі беларусаў, якіх выхоўвалі па-расейску, але яны ўсё адно перайшлі на беларускую мову ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусізацыя вядомых сусьветных інтэрнэт-сэрвісаў. Як яна адбываецца і чаму некаторыя зь іх ўпарцяцца