Зяць палітыка Зьміцер Антончык паведаміў «Вясьне», што з пачатку траўня ад Кастусёва на волю не дайшло ніводнага ліста — раней такога вялікага перапынку ў перапісцы не было.
Па словах Зьмітра Антончыка, апошняя вестка ад палітвязьня была 9 траўня:
«Апошняя паштоўка, нават ня ліст, была 9 траўня зь віншаваньнямі да дня нараджэньня яго жонкі. Але бачна, што ў яго вельмі вялікія праблемы зь перапіскай, бо лісты яму не даходзяць. Бывае, піша, што „не атрымаў адказу, таму пішу зноў“. Таму апошнія лісты былі больш перапісваньнем аднаго і таго ж».
67-гадовага экс-старшыню ліквідаванай уладамі Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымліваюць за кратамі ўжо больш за тры гады. У верасьні 2022 году Кастусёва прызналі вінаватым у «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і прызначылі яму 10 гадоў калёніі. У зьняволеньні ў палітвязьня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалягічнае захворваньне. У красавіку яму зрабілі апэрацыю па вывядзеньні катэтара з мачавіка, пасьля якой адразу перавялі ў турэмную камэру.
З апошніх лістоў Рыгора Кастусёва вынікала, што пасьля апэрацыі, якая адбылася ў пачатку красавіка, у яго былі заплянаваныя ў траўні некалькі абсьледаваньняў у Менску.
«Звычайна там больш за месяц не трымаюць, але амаль два месяцы ўжо няма лістоў. Таму невядома ні дзе ён, ні як. Раней не было такога, каб такія вялікія перапынкі былі ў перапісцы. Звычайна лісты даходзілі рэгулярна» — мяркуе Зьміцер Антончык.
Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка 2021 году ў Шклове. У івацэвіцкай калёніі № 22, дзе палітвязень спачатку адбываў тэрмін, яго некалькі разоў зьмяшчалі ў ШЫЗА, а пазьней перавялі ў ПКТ. У судзе Івацэвіцкага раёну 15 студзеня 224 году адбыўся суд аб замене палітвязьню рэжыму ўтрыманьня. Па рашэньні судзьдзі Сяргея Кухацкавольца, Рыгора Кастусёва перавялі на турэмны рэжым у Горадні.