Навіны палітвязьняў: Пасьля 3 гадоў турмы вызвалілі горадзенскага блогера Vadimati; Залатарова зноў будуць судзіць

Блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) у судзе. Архіўнае фота

Па стане на 1 ліпеня ў Беларусі 1413 палітвязьняў прызнаныя праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць палітзьняволеных можа быць большай.

Пасьля трох гадоў зьняволеньня выйшаў на волю горадзенскі блогер Вадзім Vadimati Ермашук, асуджаны за абразу Лукашэнкі і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў.

Пра вызваленьне палітвязьня гаворыцца на сайце «Вясны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскаму блогеру Vadimati прысудзілі 3 гады зьняволеньня за «абразу Лукашэнкі»

21 сьнежня 2021 году ў судзе Шчучынскага раёну Вадзіму Ермашуку (Vadimati) прысудзілі 3 гады зьняволеньня.

У жніўні і верасьні 2020 году блогер выкладаў у сваім Instagram сторыз, падпісваючы ў ім Лукашэнку «нелегітымным». Гэта прызналі абразай.

Прысуд вынес Дзьмітры Цівунчык, які раней судзіў сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскага.

  • Vadimati паводле адукацыі юрыст, на ягоны Instagram былі падпісаныя больш за 40 тысяч чалавек. Пасьля затрыманьня блогера некалькі тысяч падпісантаў яго пакінулі.
  • Блогер гандляваў адзеньнем на горадзенскім рынку. У апошнія гады дамагаўся паляпшэньня інфраструктуры ў горадзе (рамонту асфальту, стварэньня пандусаў), змагаўся з забруджваньнем вады.
  • Акрамя таго, яшчэ на волі ён наведваў многія «палітычныя» суды, расказваў пра іх у сваім Instagram. Здымаў іранічныя ролікі ў вобразе «народнага дэпутата».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Шарэндзе-Панасюк зноў прызначылі псыхіятрычную экспэртызу, журналіста Карнея этапавалі ў калёнію

Залатарова зноў будуць судзіць

Палітвязьня Мікіту Залатарова будуць судзіць паводле артыкулу аб непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі. Суд над ім пачнецца ў Жодзіне 11 ліпеня, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Мікіта Залатароў у судзе. Архіўнае фота

Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 году. Тады яму было 16 гадоў. У лютым 2021 года яму прысудзілі 5 гадоў зьняволення. Яго абвінавачвалі ў незаконным вырабе выбуховых рэчываў, гвалце ці пагрозе ўжываньня гвалту да супрацоўніка міліцыі, удзеле ў масавых беспарадках.

У ліпені 2021 года яго асудзілі яшчэ на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму праз абвінавачаньне ў нападзе на супрацоўніка СІЗА. У 2022 годзе яго перавялі з выхаваўчай калёніі ў папраўчую, а потым у крытую турму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Цімура Рызапура будуць судзіць за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»